Вы тут

І сябры, і сваякі


Адным з найбольш перспектыўных эканамічных партнёраў для Беларусі ў Сібіры назваў Аляксандр Лукашэнка Новасібірскую вобласць


Аляксандр Лукашэнка гутарыць з гасцямі з Новасібірска. Фота БЕЛТА

Пра тое, што ў студзені ў Беларусь прыедзе вялікая дэлегацыя з Новасібірскай вобласці на чале з губернатарам Андрэем Траўнікавым, у рэдакцыю нам паведаміла Людміла Бяляўская. Калега і, можна сказаць, няштатны карэспандэнт, да таго ж дасведчаная ў справах Новасібірскага цэнтра беларускай культуры. А якраз кіраўніца ЦБК, спявачка, вядучая многіх імпрэзаў Анастасія Дзяменцьева была ў складзе дэлегацыі. Хто яшчэ не чуў Насцю й пра Насцю, не бачыў душэўныя відэаролікі таленавітай сібірскай беларускі — гукніце ў нэце дуэт “Ягода”: атрымаеце эстэтычную асалоду. І хоць у рэпертуары дуэта пераважаюць песні рускія народныя (Насця спявае з гарманістам-віртуозам Дзмітрыем Івашчанкам), але й беларускія “Калядачкі” — ёсць. Здорава мець сваіх людзей у расійскіх рэгіёнах, з якімі Беларусь адладжвае кантакты.

На сустрэчы з губернатарам, якая праходзіла 24 студзеня, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў аснове двухбаковага ўзаемадзеяння ляжаць даўнія сяброўскія й сваяцкія стасункі паміж людзьмі, а таксама высокі ўзровень плённага супрацоўніцтва. Адзначалася: у Новасібірскай вобласці жыве цяпер больш за 5 тысяч беларусаў, і многія з іх — нашчадкі тых, хто калісьці асвойваў Сібір.

А вось тут — падумаем. Ну надта ж сціплая нейкая лічба! Можа, яна паказвае толькі, як шпарка ідзе працэс асіміляцыі беларусаў — а не рэальную прысутнасць нашых супляменнікаў у расійскім рэгіёне? Рыхтуючы нататкі, я знайшоў у пацвярджэнне сваіх развагаў аўтарытэтнае меркаванне ў “Ведомостях Законодательного собрания Новосибирской области” (03.08.2017). Цытую ў арыгінале: “Я уверена, что нас гораздо больше, — считает председатель Новосибирской региональной национально-культурной автономии белорусов Надежда Санцевич. — В конце 1980-х годов в Новосибирской области было около 200 тысяч белорусов, а учитывая “коренную” сущность народа, сомневаюсь, что многие уехали. Просто раньше была строчка в паспорте, а сейчас каждый волен сам определять национальную принадлежность. Да и десятилетия естественной ассимиляции с Россией не могли не сказаться: молодые поколения в большей степени считают себя частью единого народа, единой страны”.

Варта згадаць і пра якасць “беларускага матэрыялу” ў Сібіры. Пазалетась часопіс “Беларусь. Belarus” надрукаваў мой артыкул “Формула ўдзячнасці” (2017, №11). У яго падзагаловак: “Вядомы расійскі вучоны, акадэмік Валянцін Капцюг, чыё імя ўшанавана і ў беларускай навуцы, заўсёды памятаў, што родавыя карані яго — у Беларусі, у маленькай вёсачцы Козікі Віцебскай вобласці”. Вёску, якую вымушаны былі пакінуць пад пагрозай бальшавіцкіх рэпрэсій на пачатку 30-х будучыя бацькі акадэміка, Апанас Якаўлевіч і Надзея Васілеўна, не ўсе ведаюць. І знікла ўжо вёска ў Верхнядзвінскім раёне (раней Дрысенскі) як неперспектыўная. Аднак род Капцюгоў — усёроўна ж беларускі!

Валянцін Капцюг

Наш супляменнік Валянцін Капцюг цэлых 17 гадоў (1980– 1997) быў старшынёй Сібірскага аддзялення і віцэ-прэзідэнтам АН СССР — РАН. Рыхтуючы артыкул пра вучонага, я знайшоў публікацыю “Семь раз отмерь” з газеты “Советская Белоруссия” (1992, 16 снежня). Гэта — Адкрытае пісьмо Вярхоўнаму Савету Рэспублікі Беларусь. Валянцін Апанасавіч пісаў з супляменнікамі: ягонае меркаванне падтрымалі акадэмік Андрэй Трафімук і тады яшчэ член-карэспандэнт РАН Валянцін Пармон. Дарэчы, у Андрэя Аляксеевіча родавыя карані — з Жабінкаўскага раёна Брэстчыны, называлі яго не інакш як патрыярхам савецкай геалогіі нафты й газу, і ён больш за 30 гадоў кіраваў у Новасібірску Інстытутам геалогіі ды геафізікі. Не стала вучонага ў 1999-м: 20 гадоў таму.

Валянцін Пармон

А беларус Валянцін Пармон, які стаў акадэмікам і з 1995-га ўзначальваў Інстытут каталіза, 28 верасня 2017 года быў абраны старшынёй Сібірскага аддзялення РАН: працягвае справу Валянціна Капцюга. Пра што, аднак, пісалі трое выбітных беларусаў на Бацькаўшчыну? Напрыканцы 1992-га ў Беларусі быў нададзены статус дзяржаўнай толькі белорускай мове. І мудрыя людзі ў добразычлівай форме звярнуліся да братоў па крыві з прапановай: не ўхіляць “естественного для белорусской науки и техники русского языка”. Дарэчы, пасля рэферэндуму 1995 года ў Беларусі статус дзяржаўнай нароўні з беларускай мовай быў нададзены й рускай.

Андрэй Трафімук

У планах рэдакцыі — прадаўжаць знаёміць чытачоў з вядомымі беларусамі Новасібірска. Будзем карыстацца й кнігай “Сибирью связанные судьбы: Знаменитые белорусы в Сибири” (Новасібірск, 2008) — яе рэдактар-складальніца Людміла Бяляўская. І яна ж перадала нам выданне. Людміла падрыхтавала ўспаміны ўнучкі Валянціна Капцюга. Мы спісаліся і з Валянцінам Пармонам, спадзяемся на супрацу. І пра згаданы ўжо гурт “Ягода” хацелася б расказаць...

Вернемся, аднак, да вынікаў візіту новасібірцаў у Беларусь. Хоць і раней у тым расійскім рэгіёне працавалі беларускія прадпрымальнікі (рэгулярна праводзяцца кірмашы беларускіх тавараў, попытам карыстаюцца прадукты харчавання, абутак, тэкстыль, мэбля), ды гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне можа быць значна большым. Аляксандр Лукашэнка, згадаўшы пра Новасібірск як навуковую сталіцу Расіі, дадаў, што ў апошнія гады гэта — адзін з ключавых пастаўшчыкоў абсталявання для Беларускай АЭС, якая ўзводзіцца ў Астравецкім раёне: “Супрацоўніцтва па запуску электрастанцыі з’яўляецца ўзаемавыгадным. Дзякуючы гэтаму праекту сфармаваныя новыя тэхналагічныя ланцужкі паміж прадпрыемствамі нашай краіны й вашага рэгіёну”. Ён падзякаваў расіянам, якія навучылі беларусаў будаваць падобныя аб’екты, і выказаў надзею, што “нашы будаўнікі й спецыялісты на ключавых кірунках будаўніцтва будуць вам карысныя па ўсім свеце”. Да таго ж і ўзаемадзеянне ў навуковай сферы Прэзідэнт назваў вялікай перспектывай ды паведаміў: у бліжэйшы час будзе вывучана пытанне аб тым, як НАН Беларусі супрацоўнічае з Сібірскім аддзяленнем Расійскай акадэміі навук.

Якія могуць быць яшчэ кірункі супрацоўніцтва? Бакі гатовыя пайсці на стварэнне сумесных вытворчасцяў, дзяліцца ўжо апрабаванымі тэхналогіямі ды выпускаць прадукцыю, запатрабаваную ў розных краінах. Беларусь можа забяспечыць патрэбы вобласці ў сучаснай грузавой, пасажырскай, сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхніцы, пастаўляць больш тавараў лёгкай і харчовай прамысловасці. На сустрэчы Аляксандр Лукашэнка як добры прыклад узаемадзяння згадаў сумеснае прадпрыемства па мадэрнізацыі трамваяў “БКМ-Сибирь”, створанае пры ўдзеле “Белкамунмашу”. Там ужо магчыма арганізаваць і зборку тралейбусаў. Гаварылася пра перспектывы супрацоўніцтва і ў авіяцыйнай, аграрнай сферы — скажам, прапанавана рэалізаваць па беларускіх праектах будаўніцтва аграгарадкоў і аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры ў сельскай мясцовасці. Прапанавана выкарыстоўваць ліфтавае абсталяванне “Магілёўліфтмаша” пры будаўніцтве й рамонце шматпавярховых жылых дамоў у рэгіёне. Пры тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: “Мы адкрытыя не толькі для дыялогу, але й сумеснай працы. І гатовыя выйсці на пэўныя дамоўленасці, калі тое будзе патрэбна сібіракам. Беларусь як была вашым родным домам, так яна й застанецца. Мы поўныя рашучасці з нашымі братамі супрацоўнічаць”.

Губернатар Андрэй Траўнікаў расказаў, што паездка ў Беларусь аказалася вельмі насычанай і прадуктыўнай. Дэлегацыя пабывала не толькі ў Мінску, але і ў другіх гарадах (Віцебск, Гомель, Магілёў, Бабруйск), наведала там буйныя прадпрыемствы, сацыяльныя й культурныя аб’екты. Сібіракі знаёміліся з мясцовымі славутасцямі, наведалі й радзіму беларускага Прэзідэнта.

Па выніках візіту Беларусь і Новасібірская вобласць падпісалі мемарандум аб узаемадзеянні ў галіне лясной гаспадаркі. Маюць намер супрацоўнічаць профільныя прыродаахоўныя ведамствы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя й рацыянальным прыродакарыстанні. Прайшло ў Мінску й ІV пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі й Новасібірскай вобласці, пасля якога бакі падпісалі некалькі пагадненняў і дамоваў па развіцці супрацоўніцтва ў галіне прамысловасці, транспарту, навукі, адукацыі.

Іван Ждановіч

Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы з сайта БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.