Вы тут

Спецыялісты абмеркавалі харчовую бяспеку ІІ Еўрапейскіх гульняў


Пытанні санітарна-эпідэміялагічнага забеспячэння мультыспартыўнага форуму абмеркавалі на сустрэчы прадстаўнікоў фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» і спецыялістаў санэпідслужбаў рознага ўзроўню.


Асноўнай мэтай праведзенай дыскусіі было прадставіць работнікам цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі максімальна поўную інфармацыю аб Гульнях, спартыўных аб'ектах, працэсе арганізацыі харчавання для кліенцкіх груп і задзейнічаных аператарах харчавання.

Прэзентацыя Дырэкцыі ўтрымлівала звесткі пра арганізацыю харчавання на ўсіх спартыўных і неспартыўных аб'ектах Гульняў. Пасля адбыўся адкрыты дыялог, падчас якога абмеркавалі пытанні каардынацыі работы зацікаўленых службаў і папярэджання магчымых рызык.

— Трэба не забываць, што мерапрыемства з'яўляецца мультыспартыўным, таму мяркуецца задзейнічаць шмат аб'ектаў, дзе будзе знаходзіцца шмат людзей, а таксама шмат аператараў харчавання, — звярнула ўвагу начальнік упраўлення па арганізацыі харчавання фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Юлія Краўчанка. — Менавіта таму сур'ёзны акцэнт робіцца на харчовую бяспеку. Але мы таксама сутыкаемся і з міжнароднымі нормамі, якія неабходна выконваць. Увесь працэс арганізацыі харчавання на Гульнях патрабуе вытрымкі пэўных нарматываў правядзення аналагічных мерапрыемстваў. На цяперашнім этапе ў нас заключаны ўсе дагаворы з асноўнымі аператарамі харчавання. Калі весці гаворку аб харчаванні спартсменаў, то ўжо ідзе тэсціраванне страў. Таксама тэсціруецца і работа персаналу. У частцы спартыўных аб'ектаў дагаворы з аператарамі заключаны, меню знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі і адпрацоўкі страў.

Удзел у сустрэчы прынялі прадстаўнікі цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі раёнаў Мінска, спецыялісты Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, якія будуць акрэдытаваны для суправаджэння мерапрыемстваў на спартыўных арэнах і аб'ектах харчавання ІІ Еўрапейскіх гульняў. Як адзначыла галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Мінска Нэлі Гіндзюк, санітарна-эпідэміялагічная служба беларускай сталіцы мае вялікі досвед забеспячэння і суправаджэння масавых мерапрыемстваў.

— Зараз вельмі важна «зверыць гадзіннікі», каб выразна весці работу не толькі па асноўным аб'екце харчавання ў Вёсцы спартсменаў, але і па аб'ектах харчавання на ўсіх спартыўных аб'ектах, дзе будуць знаходзіцца прадстаўнікі розных кліенцкіх груп, удзельнікі і госці мерапрыемстваў, — падкрэсліла Нэлі Гіндзюк . — Санітарна-эпідэміялагічнай службай Мінска сумесна з Дырэкцыяй распрацаваны ўсе неабходныя планы, праводзіцца гігіенічнае навучанне персаналу, які будзе займацца падрыхтоўкай ежы для патрэб Гульняў. Акрамя таго, абследаваны пастаўшчыкі прадукцыі, адабраныя пробы, праводзіцца маніторынг усіх гэтых аб'ектаў. Таксама арганізаваны маніторынг месцаў пражывання, харчавання і ў цэлым усіх месцаў масавага знаходжання гасцей і жыхароў сталіцы.

Удзельнікі сустрэчы вызначылі далейшую стратэгію мерапрыемстваў па санітарна-эпідэміялагічным забеспячэнні ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Акцэнт на харчовую бяспеку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».