Вы тут

Мінсувязі выпусціла 4 маркі з серыі «ІІ Еўрапейскія гульні 2019 года»


Урачыстая цырымонія гашэння марак адбылася ў Мінскай гарадской ратушы з удзелам дырэктара фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Георгія Катуліна, першага намесніка міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Шадко, намесніка міністра спорту і турызму Аляксандра Бараулі, а таксама талісмана Гульняў — лісяняці Лесіка.


— Па вонкавым выглядзе марак можна сказаць, колькі працы ўклалі ў гэты праект іх стваральнікі. Мы з задавальненнем адзначаем майстэрства выканаўцаў РУП «Белпошта». ІІ Еўрапейскія гульні, якія з'яўляюцца найважнейшым мерапрыемствам у гісторыі беларускага спорту, атрымалі цудоўны падарунак, — адзначыў Георгій Катулін. — Сам факт выпуску марак мы разглядаем не толькі як інструмент паштовай аплаты, але таксама і як інструмент прасоўвання Гульняў. Яны разляцяцца па ўсёй Еўропе, і стануць веснікамі яркай падзеі, якая адбудзецца ў Мінску ў чэрвені 2019 года.

Дызайн марак распрацавала мастачка Марына Віткоўская. На іх намаляваны спартсмены, якія выступаюць у розных відах спорту (піктаграмы), а таксама размешчаны афіцыйны лагатып і слоган.

Адразу пасля гашэння марак першым новай паштовай прадукцыяй скарыстаўся талісман ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года лісяня Лесік. Менавіта ён адправіў першыя паштоўкі-запрашэнні з новенькімі маркамі ў нацыянальныя алімпійскія камітэты краін — удзельніц будучага мультыспартыўнага форуму.

— Кожная марка выходзіць накладам 120 тысяч асобнікаў, што з'яўляецца сур'ёзным для Беларусі значэннем. Іх выпуск спецыяльна да Гульняў працягвае традыцыю, калі з першых дзён незалежнасці важныя падзеі ў жыцці краіны мы адзначаем маркамі. Зразумела, мы хочам унесці сваю лепту і ў наступнае спартыўнае свята. Кожны асобнік — гэта свайго роду маленькі твор мастацтва, створаны ў выдавецкім цэнтры «Марка», — адзначыў Дзмітрый Шадко.

Начальнік упраўлення па маркетынгу, камерцыйных пытаннях і рэкламе фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Максім Кашкалда звярнуў увагу, што ў дызайне марак сканцэнтраваны ўсе аспекты аўтэнтычнасці краіны, а таксама падаюцца ідэі, якія праз Еўрапейскія гульні прасоўваюць арганізатары. Лейтматывам стала выцінанка, выкананая ў форме дрэва жыцця, вакол якога згодна з нашай міфалогіяй адбываліся самыя важныя падзеі. Гэтыя сімвалы знайшлі адлюстраванне ў марках, паштоўках і канвертах.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Маркі для вялікіх Гульняў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.