Вы тут

Як Дзяржпраграма адраджэння і развіцця вёскі змяніла сітуацыю на сяле


З чаго ўсё пачыналася

У артыкуле «Этапы вялікага шляху», размешчаным на сайце Мінсельгасхарча, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц нагадвае, што да пачатку 1990-х гадоў Беларусь па вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі займала адно з першых месцаў не толькі ў былым Савецкім Саюзе, але і сярод многіх развітых краін Еўропы.

Аднак на пачатковым этапе стварэння суверэннай дзяржавы і станаўлення новай сістэмы гаспадарання адбылося рэзкае падзенне сельгасвытворчасці. Разбурэнне адзінай эканамічнай прасторы СССР пазбавіла Беларусь сыравінных рэсурсаў для вытворчасці азотных і фосфарных угнаенняў, мэтавых паставак 3—4 млн тон у год збожжа, усяго асартыменту сродкаў абароны раслін і жывёл, большасці відаў сельскагаспадарчай тэхнікі і паліва для яе.

Да цяжкіх наступстваў для сельскагаспадарчага комплексу прывёў дэмантаж калгасна-саўгаснай вытворчасці. Былі праблемы з кадрамі, упалі паказчыкі, на харчовыя тавары ўвялі карткі... Сітуацыя сапраўды была складанай.

З першых дзён на пасадзе кіраўніка дзяржавы Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу: рынак харчавання павінен быць запоўнены, а народ — накормлены. Пасля яе выканання наша краіна стала прадаваць лішкі сельскагаспадарчай прадукцыі за мяжу.

Закласці аснову

Для таго каб сабраць усе напрацоўкі і задачы ў сельскагаспадарчай сферы, быў патрэбен структураваны дакумент.

У верасні 2003 года Аляксандр Лукашэнка даў наступнае даручэнне: трэба распрацаваць праграму, якая дазволіць узняць аграпрамысловы комплекс нашай краіны на якасна новы ўзровень і зробіць жыццё за межамі горада больш прывабным. Некалькі гадоў спатрэбілася, каб падрыхтаваць паўнавартасны дакумент, у якім дэталёва было раскладзена — што рабіць, як і ў якія тэрміны. Таму вялікай экспертнай групай пачалася распрацоўка Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі, а дакладней, яе першага этапу рэалізацыі — з 2005 да 2010. Яе найважнейшая асаблівасць — маштабнасць.

У сакавіку 2005 года кіраўнік дзяржавы правёў нараду, на якой быў прадстаўлены выніковы праект поўнамаштабнай праграмы (дарэчы, дакумент быў распрацаваны на аснове вынікаў выканання Праграмы ўдасканалення аграпрамысловага комплексу Беларусі на 2001—2005 гады), а яшчэ да гэтага праект па ўказанні Аляксандра Лукашэнкі быў апублікаваны ў СМІ для ўсенароднага абмеркавання. Людзі адрэагавалі на дакумент — прапановы і заўвагі выказвалі не толькі грамадзяне старэйшага ўзросту, але і моладзь. У цэлым можна сказаць адназначна — грамадства ўспрыняло ідэю канструктыўна.

На самой нарадзе беларускі лідар заявіў наступнае:

«Калі мы пачнём інтэнсіўна ажыццяўляць Праграму адраджэння і развіцця вёскі і даб'ёмся яе рэалізацыі, мы закладзём аснову развіцця нашай дзяржавы на многія дзесяцігоддзі, а можа быць, і на стагоддзі. Наша дзяржава заўсёды была моцная вёскай. І яе мы павінны адрадзіць».

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў некаторыя тонкасці рэалізацыі праграмы. Паводле яго слоў, ужо тады ў нашай краіне жылі ў яе ўмовах. «Мы зацягнулі яе зацвярджэнне, але дамовіліся, што пад гэтую канцэпцыю і асноўныя яе напрамкі мы павінны будаваць усю палітыку на вёсцы, у тым ліку і фінансавую», — сказаў ён.

Коратка аб галоўных палажэннях і ўмовах, сфармуляваных у дакуменце. Па-першае, на працягу 2005—2010 гадоў было прадугледжана стварэнне 1481 аграгарадка, якія называліся праваднікамі сацыяльных стандартаў. Па-другое, у вытворчай сферы дасягненне да 2010 года запланаваных аб'ёмаў сельскагаспадарчай вытворчасці і яе рэнтабельнасці ў 18—20 % грунтавалася на трынаццаці прыярытэтных кірунках (тэхнічнае перааснашчэнне, меліярацыя зямель і іншыя). Па-трэцяе, праграма вылучалася значнымі аб'ёмамі фінансавання.

Што атрымалася, і што маем цяпер

Пра вынік праграмы красамоўна піша Леанід Заяц:

«У выніку рэалізацыі арганізацыйных мерапрыемстваў праграмы і актывізацыі інавацыйных працэсаў да канца 2010 года ў аграрным комплексе была сфарміравана сучасная інфраструктура галіны [...]. Рэалізаваныя меры далі магчымасць дасягнуць усіх намечаных праграмных пазіцый. Аб'ём валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях і сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках павялічаны на 52,7 %. Аграпрамысловы комплекс краіны ў поўнай меры забяспечыў годны ўнутраны харчовы рынак, пашырыў экспарт амаль усіх відаў сельгаспрадукцыі. Аграрны экспарт у 2010 годзе перавысіў 2 млрд долараў».

Закладзеныя ў дакуменце напрамкі развіцця АПК знайшлі працяг у наступных праграмах на 2011—2015 і 2016—2020 гады.

Наперадзе рашэнне вельмі сур'ёзных задач: вытворчасць малака павінна ўзрасці да 9,2 млн тон, мяса буйной рагатай жывёлы — да 720 млн тон, свіней і птушкі адпаведна да 540 і 615 тысяч тон.

У раслінаводстве да канца 2020 года плануецца павысіць да ўзроўню 2015-га ўраджайнасць збожжавых культур на 9 %, бульбы — на 25 %, агародніны — на 9 %, пладоў і ягад — у 2,5 раза, рапсу — на 31 %, цукровых буракоў — на 51 %, вытворчасць прадукцыі раслінаводства ў гаспадарках усіх катэгорый — на 9,3 %.

...Свет змяняецца — і дзяржаве неабходна хутка і якасна рэагаваць на сучасныя выклікі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што разам з павелічэннем сельскагаспадарчых паказчыкаў яшчэ адной задачай з'яўляецца стварэнне вёскі будучага — а гэта выхад на новы ўзровень сацыяльных стандартаў у сельскай мясцовасці.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Усе публікацыі рубрыкі "Чвэрць стагоддзя"

Загаловак у газеце: Ад разваленых калгасаў да стабільных гаспадарак

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.