Вы тут

Адкуль з'явілася традыцыя кідаць у магілу грошы падчас пахавання?


Пытанне-разважанне нашых дапытлівых чытачоў: «Падчас пахавання на могілках не раз даводзілася назіраць за спрэчкамі і родных, і чужых людзей: хто павінен кідаць у магілу грошы і ці трэба гэта рабіць увогуле? Адкуль з'явілася гэта традыцыя?»


Грошы заўсёды выклікалі велізарную цікавасць у чалавека. Здаўна яны былі знакам багацця і служылі прадметам абмену, выкупу, дарэння. У той жа час у народным асяроддзі да грошай было даволі стрыманае стаўленне. Адно з «залатых» правіл народнай культуры папярэджвае: ніколі не падбірайце грошы на скрыжаванні дарог, бо менавіта імі «адкупляюцца» ад цяжкіх хвароб і розных бед.

Даволі часта грошы, а дакладней манеты, выступалі як адзін з рытуальных прадметаў у сямейна-родавай і каляндарнай абраднасці ўсходніх славян. Напрыклад, каб быць з «чыстым» тварам, на Вялікдзень мыліся «праз серабро», г. зн. у ваду клалі сярэбраную манету.

Грошы, манеты выкарыстоўваліся ў радзінных абрадах. Падчас адведак парадзіхі і немаўляці жанчына павінна была прынесці ў хату палатна на «пялёнкі» і некалькі манет. Пры першым рытуальным купанні дзіцяці ў ночвы клалі медную або сярэбраную манету. Грошы былі абавязковым складнікам і ў абрадах вяселля. Сярэбраную манету запякалі ў караваі. Калі пачыналі яго дзяліць, то першымі звычайна звалі бабулю з дзедам або родных бацькоў, а тыя сыпалі на талерку жменю манет і пры гэтым прыгаворвалі: «Дорым жменю медзі, каб дзеці былі як мядзведзі!»

Без грошай не абыходзілася будаўніцтва хаты і яе «ажыўленне». Так, у падмурак або бервяно трэцяга вянка ў будучым покуце абавязкова «закладвалі» адну-дзве манеты і прыгаворвалі: «Каціся ў кут, серабро, у хату на дабро». А падчас улазін, ведаючы, што новая пабудова, паводле вераванняў нашых продкаў, абавязкова запатрабуе «ахвяру», разам са збожжам на падлогу ва ўсе куты кідалі і некалькі манет, пры гэтым казалі так: «Выкупляю хату не людзьмі, а грашмі».

Манеты былі абавязковым атрыбутам і ў час пахаванняў. Калі нябожчык адкрываў вочы, яму на павекі клалі манеты. Падчас пахавання родныя памёрлага першай і другой ступені сваяцтва павінны былі кідаць у магілу грошы (манеты) (варыянт: клалі ў труну), каб «выкупіць» пераправу на той свет. Усе астатнія кідалі ў магілу па тры жменькі зямлі.

У адносінах да грошай былі сфарміраваны шматлікія рэгламентацыі. Нашы продкі верылі ў тое, што, парушаючы вызначаныя абмежаванні, можна назаўжды «страціць» поспех або, як казалі ў старажытнасці, «спор», і дабрабыт сям'і пойдзе на змяншэнне. Напрыклад, забаранялася рабіць грашовыя разлікі пасля заходу сонца, у панядзелак і вялікія гадавыя святы; даваць міласціну тымі грашыма, якія атрымалі на рэшту ад пакупкі хлеба або солі, каб не жыць у галечы, пры гэтым старыя людзі падказвалі: давайце міласціну толькі тады, калі ідзяце ў храм; казаць, што ў хаце зусім няма грошай, нават калі іх і сапраўды вельмі мала, бо лічылі, што грошы «пакрыўдзяцца» і пакінуць хату назаўжды. Мудрыя людзі давалі параду: каб грошы не пераводзіліся, неабходна выпрацаваць у сябе прывычку аддаваць левай рукой, а браць — правай.

Як лічылі продкі, можна «дапамагчы» памножыць сваё багацце. Здаўна вядомы звычай кідаць грошы (манеты) у крыніцу каля культавых збудаванняў: капліц, храмаў, манастыроў — у надзеі на паляпшэнне свайго дабрабыту. З гэтай жа мэтай раілі, убачыўшы справа ад сябе малады месяц, паказаць яму манету. Для гэтага ж, пачуўшы ўпершыню вясной зязюлю, трэба патрэсці дробяззю (манетамі) у кішэні; пералічыць усе наяўныя ў хаце грошы на Каляды або Вялікдзень, падчас святочных службаў у храме абавязкова трымаць у кішэні троху грошай.

І як тут не прыгадаць адну сустрэчу на курсах павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры. У першым радзе сядзела жанчына, якая шмат у чым сумнявалася, а ў канцы сустрэчы расказала, што ў яе сям'і яшчэ ад прабабулі перадаецца такі звычай: «Штогод галоўная жанчына роду (маці або бабуля), якая збірае ўсіх на Раство Хрыстова, павінна паставіць на стол запечанага карпа і кожнаму даць па некалькі лускавінак з гэтага карпа. Гэтыя лускавінкі кожны з нас будзе насіць у кашальку да наступнага года. Я стала дарослай, у мяне двое дзяцей, ужо унукі. Кожны год я раблю так. Даю кожнаму гэтыя лускавінкі ад карпа, каб у іх ніколі не пераводзіліся грошы». Як кажуць, хочаце — верце, хочаце — праверце!

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні аб каранях і прыстасаванасці да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Загаловак у газеце: Ад чаго «адкупішся» грашыма?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі чалавек становіцца кнігай. Што такое «Жывая Бібліятэка»?

Калі чалавек становіцца кнігай. Што такое «Жывая Бібліятэка»?

Аповеды ў «Жывой Бібліятэцы» заўсёды запамінаюцца «чытачам», бо «кніга» — сам чалавек з непаўторным жыццёвым досведам, сваім ладам жыцця...

Грамадства

Якімі шляхамі будзе развівацца зялёная эканоміка?

Якімі шляхамі будзе развівацца зялёная эканоміка?

Элементы «азелянення» эканомікі ўключаюць у сябе электратранспарт, гарадскую мабільнасць, разумныя гарады, арганічную сельскую гаспадарку і экалагічны турызм.

Культура

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніўся 28-ы па ліку мастацкі форум

Рэха «Славянскага базару»: чым запомніўся 28-ы па ліку мастацкі форум

За фестывальны тыдзень у Віцебску прайшло без малога дзве сотні падзей.