Вы тут

Названы найлепшыя лёгкаатлеты краіны


Прэмія «Атлетыка» стала традыцыйнай, вось ужо пяць гадоў запар у пачатку года Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі вызначае найлепшых спартсменаў і трэнераў мінулага года, узнагароджваючы іх вытанчанымі бронзавымі статуэткамі.


З году ў год цырымонія ўручэння прэміі становіцца ўсё больш маштабнай, а ўзяць запаветную статуэтку для спартсменаў становіцца ўсё больш прэстыжна. «Калі мы пачыналі, было вельмі шмат скептычных каментарыяў: «Навошта? Можна было б накіраваць сілы і сродкі на нейкія іншыя пачынанні!» Але сёння відавочна: «Атлетыка» апраўдала сябе на ўсе 100 працэнтаў, — заўважае кіраўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі.Дастаткова паслухаць каментарыі спартсменаў, якія адзначаюць: заваяванне гэтай статуэткі стала для іх важным стымулам. Унутраную канкурэнцыю ніхто не адмяняў. Асабліва, калі гаворка не пра нейкія ўнутраныя разборкі ў сектары або на дарожках, а пра публічнае прызнанне».

Сёлета мерапрыемства ператварылася ў сапраўдны баль. Атлеты, якіх мы звычайна прывыклі бачыць у спартыўным адзенні на бегавых дарожках і ў лёгкаатлетычных сектарах, пераапрануліся ў бальныя сукенкі і смокінгі. Тут сабраліся не толькі самі спартсмены, але і ўся лёгкаатлетычная сям'я — трэнеры, суддзі, людзі, якія ўжо завяршылі сваю спаборніцкую кар'еру, але ўнеслі вялікі ўклад у развіццё гэтага віду спорту. Прысутныя яшчэ раз падвялі вынікі 2018 года і ўспомнілі яго самыя яркія моманты. Дарэчы, летась нашыя лёгкаатлеты ўстанавілі 27 нацыянальных рэкордаў і заваявалі на міжнародных спаборніцтвах медалі ўсіх якасцяў, так што ўспомніць сапраўды было што.

Традыцыйна спецыяльная ўзнагарода ўручаецца ў чатырох узроставых катэгорыях: «Юнакі», «Юніёры», «Моладзь» і «Дарослыя». Найлепшай спартсменкай краіны па выніках 2018 года прызнана Вольга Мазуронак. Нагадаем, беларуска выйграла чэмпіянат Еўропы на марафонскай дыстанцыі. Увесь свет абляцелі здымкі, як у Берліне Вольга змагалася не толькі з пякучым сонцам, але і з насавым крывацёкам. Адзначым, што Мазуронак з'яўляецца рэкардсменкай краіны ў марафоне і паўмарафоне.

Вольга Мазуронак.

Сярод мужчын найлепшым лёгкаатлетам быў названы скакун у вышыню Максім Недасекаў, які заваяваў сярэбраны медаль на чэмпіянаце Еўропы. Дарэчы, Максім адзіны спартсмен за пяць гадоў, якому на адной цырымоніі ўдалося ўзяць адразу дзве ўзнагароды. Ён жа стаў найлепшым сярод хлопцаў у катэгорыі «Моладзь».

Максім Недасекаў.

У гэтай жа катэгорыі сярод дзяўчат статуэтку атрымала Эльвіра Герман, маладая бягуння выйграла залаты медаль дарослага чэмпіянату Еўропы ў бегу на 100 метраў з бар'ерамі.

У катэгорыі «Юніёры» сярод дзяўчат перамогу святкавала Карына Таранда — чэмпіёнка свету (U-20) па скачках у вышыню, фіналістка чэмпіянату Еўропы, пераможца чэмпіянатаў і кубкаў Беларусі, рэкардсменка краіны сярод юніёраў.

Найлепшым спартсменам у гэтай узроставай катэгорыі прызнаны сярэбраны прызёр юніёрскага чэмпіянату свету, рэкардсмен Беларусі (U-20) — Яўген Багуцкі (кіданне дыска).

У катэгорыі «Юнакі» пераможцамі сталі Лізавета Дорц (штурханне ядра) і Аляксей Александровіч (штурханне ядра).

Найлепшай камандай года прызнана жаночая каманда ў марафоне ў складзе Вольгі Мазуронак, Марыны Даманцэвіч, Настассі Івановай і Ніны Савінай.

Эльвіра Герман.

Максім Недасекаў.

Карына Таранда.

Яўген Багуцкі.

Лізавета Дорц.

Аляксей Александровіч.

Сын Вольгі Мазуронак Дзяніс.

Пераможцы ў іншых намінацыях:

  • «Прарыў года» — Дзмітрый Набокаў (скачкі ў вышыню);
  • «Адкрыццё года» — Віталь Жук (мнагабор'е);
  • «Учынак года» — Аліна Талай (бег з бар'ерамі);
  • «Характар года» — Вольга Мазуронак (марафон).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Спартыўны «Оскар»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чакаем смешных гісторый і ад вас!