Вы тут

Робат - найлепшы сябар фізікі


Так расшыфроўваецца назва мабільнай праграмы «RіBFoP» для вывучэння гэтага прадмета пры дапамозе аўтаматычнага ўстройства. Праект прыдумаў не вучоны, а дзесяцікласнік слуцкай сярэдняй школы № 11 Цімафей Стамброўскі. З ім ён перамог у раённай школьнай канферэнцыі, а потым стаў першым у фінале ІІІ Рэспубліканскага конкурсу маладзёжных праектаў «Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу».


Ідэйная «лямпачка» ў яго галаве загарэлася акурат на ўроку фізікі. «На дошцы былі начэрчаны квадрацікі, — распавядае вынаходнік. — Яны азначалі цела, якое рухаецца раўнамерна і прамалінейна. Я падумаў: было б здорава, калі б замест іх былі нашы робаты! Вучні ж так любяць візуалізаваць...»

Праграмаваць тэхніку Ціма навучыўся ў школьным гуртку па інтарэсах. А ажыццявіць прыдуманае дапамог яго настаўнік фізікі Дзмітрый Чарноў.

Пасля раённай канферэнцыі Цімафей зразумеў, што праект патрэбны школам. Таму і стварыў мабільную праграму ў сістэме Androіd. Яна заклікана дапамагчы настаўнікам тлумачыць фізічныя законы, а школьнікам — іх разумець. З ёй вучань выйшаў у фінал Рэспубліканскага конкурсу «Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу», які праводзілі Міністэрства адукацыі і кампанія МТС.

— Самае лёгкае, што можа паказваць робат, — траекторыю, — абараняе праект хлопец. — Настаўнік запускае яго, а той рухаецца ўперад і назад. Падчас дэманстрацыі ў вучняў можна спытаць: ці заўсёды траекторыяй з'яўляецца прамая лінія? Канешне, не! І тады запускаюць астатнія варыянты шляхоў. А яшчэ робат можа бачыць перашкоду і аб'язджаць яе, маляваць крэйдай на падлозе ці іншай плоскасці, па якой ездзіць...

Фінал праходзіў цягам трох дзён. Напружанне зашкальвала.

— Гэта быў самы маштабны конкурс, у якім я ўдзельнічаў! — дзеліцца ўражаннямі Цімафей. — А канкурэнты якія дастойныя! Больш за ўсё спадабаўся праект Ільі Архіпава, які заняў другое месца, — мабільная праграма, што паскарае працэс чытання ў чатыры разы. Зараз ужо многія чытаюць усё на тэлефоне, так што праграма карысная.

Пасля конкурсу, у якім, дарэчы, Цімафей стаў абсалютным пераможцам, вынаходніцтвам слуцкага школьніка зацікавіліся ў педагагічным універсітэце і запрасілі прадэманстраваць яго выкладчыкам кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі. Першы ўрок з выкарыстаннем робата правялі і ў роднай школе Цімафея. Вучням спадабалася. А выкладчык заўважыў, што яны пачалі лепш разбірацца ў тэме. Да таго ж пры дэманстрацыі робата ў школьнікаў — толькі пазітыўныя эмоцыі. А з іх дапамогай інфармацыя запамінаецца лепш.

...Ціма захапляецца настольным тэнісам і шахматамі, летась асвоіў гітару. Аднак вольнага часу на цікавыя заняткі цяпер стала прыкметна менш: усе сілы скіраваны на робатаў. Ужо пачалі з'яўляцца новыя ідэі для далейшага развіцця праекта...

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.