Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Пельмені з белым... снегам


Пасля першых жа праглядаў мастацкай стужкі «Іронія лёсу, або З лёгкай парай!» у лазню на фінішы года пайшлі многія, у тым ліку і Міхал Пятровіч. З часам да яго далучыліся старэйшы сын Андрэй і сусед па лесвічнай пляцоўцы Косця. Разам яны парыліся-мыліся, разам адпачывалі і душой, і целам. Адзінае, у адрозненне ад герояў кіно, не пілі — нават піва.

Дык вось на календары было 31 снежня. Мужчыны прыцемкам і пехам вярталіся з лазні. Машыну пакінулі на стаянцы, бо ведалі, што бліжэй да пад'езда ў гэты час наўрад ці прыпаркуешся. Ды і небяспечна ў навагоднюю ноч, бо хто-небудзь п'яны можа выламаць бакавое люстэрка (як гэта ўжо здаралася) альбо пашкодзіць кузаў петардай...

Да свайго двара мужчыны дайшлі моўчкі (хіба белы снег парыпваў пад іх чаравікамі). А ўжо там машынальна зірнулі на ўласныя вокны, балазе гэта нізка — першы паверх.

Аднак што гэта — нехта пад імі поўзае?

Пераглянуліся, сцішылі хаду.

— І што мы тут шукаем? — спытаў Косця, падышоўшы бліжэй. — Злая мачаха выправіла падснежнікі збіраць?

— Не, гэта я свайму Васю хацела падарунак зрабіць, — шмыгаючы носам, прагаварыла Ліза, іх суседка зверху. — Пяльмешак наляпіла з белымі грыбамі... А ў маразілку, бачу, не лезуць — месца няма. Дык я на балкон іх вынесла, паднос на парэнчы паставіла... Дзверы не паспела зачыніць: сабака следам — і пельмені мае на снег... Цяпер во збіраю.

— Давай сюды міску, а сама ў хату бяжы, — пашкадавалі яе мужчыны, — а то змерзнеш зусім ды, крый бог, захварэеш. Мы самі ўсё падбяром і прынясём.

...Так бы яно і было, відаць, але жонцы Пятровіча не хапіла маянэзу, каб заправіць салату. У краму яна адправіла дачку. А тая, убачыўшы тройку мужчын, захопленых пошукам, тут жа ўляцела ў кватэру і аб'явіла:

— Мама, там наш тата з Андрэем і Косцем поўзаюць ля пад'езда. У дом зайсці не могуць.

— Во! А я ж ведала, што іх паходы дабром не скончацца! Ну зараз выдам! — паабяцала маці, хапаючы качалку і выбягаючы з кватэры...

Што было далей, можна толькі здагадвацца. Добра, што мужчыны былі цвярозыя. І што добрую справу рабілі, хоць і на карачках.

А. Клемянок, г. Смаргонь


Маладосць — усё дурносць

...Унучка перад Калядамі стала прыбіраць у хаце, нешта непатрэбнае выкідваць. Гляджу, а там і пусты флакончык ад духоў, і цюбікі памады. Кажу, што некалі рэшткі яе змешвалі ды варылі. Унучка не верыць. Але ж гэта — было.

Гадоў з пяцьдзясят таму вярнуўся з войска мой старэйшы брат Лёнік, і перамены ў ім мы ўбачылі адразу. Да службы на нейкія вечарынкі ён наогул не хадзіў, на дзевак — не глядзеў, а тут раптам ніводных танцаў не прапускае. І полькі выдае такія, што аднойчы аж падэшва
адарвалася.

Прыгожы ён быў кавалер: акуратна адзяваўся, не курыў, не выпіваў без важкай нагоды, ведаў шмат анекдотаў... Карацей, ніводзін белы танец ён каля сцяны не стаяў — хінуліся многія дзяўчаты. А сам ён выбраў адну — Алу, сваю былую аднакласніцу, бо яна і праўда за тры гады яго службы ў стройную красуню вырасла, проста «кроў ды малако», прычым малако — не з фермы. Дзеўка, дачка ўчастковага, працавала ў школе піянерважатай і да Лёневых заляцанняў ставілася спачатку досыць паблажліва.
Але ж, зноў не паступіўшы на юрфак, змянілася, нават у грыбы з ім стала хадзіць. Ды і бацькі яе, падобна, сказалі, што ну яе з той вучобай. Хлопец не пустадомак, не п'янтос — можна і замуж ісці.

А таму нейкім цудоўным вечарам Ала намякнула Лёніку, што ў іх плануюцца невялічкія дакопкі, і што ён можа смела прыходзіць у сваты.

Пачуўшы гэта, акрылены брат злётаў у другі канец вёскі, дамовіўся з хросным бацькам, дзядзькам Антосем. Сватанне планавалася на суботу, а ў пятніцу Лёня зноў сустракаўся з Алай...

Трэба заўважыць, што касметыкай у вёсцы тады амаль не карысталіся — гэта лічылася прыкметай ледзь не разбэшчанасці, ды і дзе было яе ўзяць — іншым дзяўчатам. А вось у Алы яна была (не ездзіць жа ў горад без макіяжу, не хадзіць жа без яго ў клуб, а тым больш — перад сватаннем).

Карацей, пад вечар той пятніцы яна, помню, прыпынілася каля нашай хаты. Мусіць, хацела, каб мы ўсе паглядзелі, як яна выглядае... І было на што: яркія вусны, чорныя бровы, ружовыя шчокі, блакітныя цені...

Не дзіва, што Лёня з тога спаткання прыйшоў толькі пад раніцу (маці ўжо ўстала карову даіць), адразу ж заснуў і адразу, можна сказаць, прачнуўся. Выпіў сырадою, сказаў, што ў роце пячэ, быццам крапівы нажаваўся. Папрасіў кіслага малака, потым сыроваткі, яблыкаў, але ўсё было марна: Лёня ўвесь час пляваўся.

Мама стала распытваць, што ён піў альбо еў? «Нічога, — сказаў, — толькі... цалаваўся».

Тым часам з'явіўся дзядзька Антось, вялікі аматар халяўнай чаркі, і першае, што параіў, — спаласнуць рот гарэлкай.

Гэта дапамагло, але ненадоўга — пакуль закусвалі. Прыйшлося наліць яшчэ, а потым яшчэ...

Сталі думаць, што рабіць са сватаннем. Сказаць праўду — ніхто не паверыць, бо нявеста (дзядзька Антось міма хаты праходзіў і бачыў) — жывая-здаровая, ёй хоць бы хны. «Значыць, — гэта хросны параіў, — трэба пачакаць: калі Ала і праўда любіць, то прыбяжыць сама, а калі не любіць — дык навошта яна табе трэба?»

Чакалі яны гадзіны са дзве. Марна: ніхто не аказаўся...

Назаўтра, добра адпляваўшыся, Лёнік пайшоў пакаяцца, але ўчастковы яго нават да хаты не падпусціў, бо ўся вёска ўжо гаварыла, што жаніх знайшоў-такі ў дзеўцы загану. Ніхто не ведаў, якую, але ж языкамі пляскалі ўсе.

У выніку дзён праз колькі Ала з'ехала ў райцэнтр, уладкавалася на работу ў пашпартны стол і неўзабаве выйшла замуж за нейкага лейтэнанта.

Не так, як думаў спачатку, склаўся лёс і ў Лёніка. А таму і сваёй унучцы, і ўсім дзяўчатам я казала і кажу, што найлепшая касметыка — гэта маладосць!

В. Лапцёнак, г. Баранавічы


Кот і Новы год

...Гэта сёння я ведаю, што «Свіцязянка» — адна з трох балад знакамітага беларуска-польскага паэта Адама Міцкевіча, што яна прысвечана возеру Свіцязь. А ў далёкім 1968-м так называліся звычайныя карамелькі. Тады навошта, спытаеце, пра іх нешта казаць? Ды вось паслухайце.

Ішлі апошнія дзянькі і таго снежня, і таго ўжо вельмі далёкага года. На вуліцы быў добры мароз і сумёты аж да самых стрэх. Пад нашай, у прыватнасці, расло пяцёра дзяцей. На той час старэйшаму брату было шаснаццаць гадоў, малодшаму — восем, а паміж імі — мы, тры сястры адна з-пад адной. Упяцёх 30 снежня мы схадзілі ў школу на ранішнік, атрымалі хай невялікія, але ж падарункі ад Дзеда Мароза. (Дарэчы, папяровыя пакункі для іх мы рабілі самі на ўроках працы. І ўпрыгожвалі, хто як мог.)

У гэты ж дзень мама са старэйшым братам звычайна хадзілі па елку. Лясы ў нас былі прыгожыя, прасторныя. Дрэўцы ўсе — як на малюнках: адно харашэй за другое. Таму і бегалі яны ад елкі да елкі — выбіралі найпрыгажэйшую.

Але ж вось нарэшце наша красуня дома. Раніцай брат абсек ніжнія галінкі і паставіў яе ў вядро з пяском. Абрэзаныя лапкі паклаў у сенцах і каля парога ў зале. Водар стаяў — не надыхацца! Хацелася як найхутчэй павыцягваць ды паразвешваць цацкі. Іх у нас мала было: вялікая «залатая» шышка, гадзіннік і пяць чырвоных шароў, якія наш татачка прывёз з Эстоніі. Словам, месца на галінках заставалася шмат, і яго мы «запаўнялі» камячкамі ваты, прыгожымі сняжынкамі, якія наша мама выразала са школьных сшыткаў, развешвалі самаробныя папяровыя гірлянды-ланцужкі, а ў той год — яшчэ і трыста грамаў цукерак. Яны былі загорнуты ў цёмна-блакітныя паперкі, пасярэдзіне якіх, на залатой палосцы з фольгі, было надпісана «Свіцязянка».

Так-так — вы здагадаліся — цукеркі былі вельмі падобныя на цацкі. На нітачках мы павесілі іх на ёлку, і яна стала проста казачнай! Месячык поўняй свяціў у вокны (яны былі аздоблены кароткімі фіранкамі з накрухмаленай марлі), ёлка зіхацела...

Мы, шчаслівыя, палеглі спаць недзе пасля 12. А гадзіны ў дзве ўжо прачнуліся ад моцнага грукату: наша ёлка, наша прыгажуня... ляжала на падлозе.

Што адбылося, чаму? Дрэнна паставілі?

За справу ўзяліся яшчэ раз і зрабілі ўсё як належыць, аднак праз гадзіну-другую мы зноў прачнуліся ад грукату...

Прычыну падзення ёлкі мы знайшлі ў наступны вечар. Заўважылі, што нашай прыгажуняй любуецца яшчэ і кот. Спачатку — на адлегласці, потым падыходзіць бліжэй, садзіцца, кранае лапкай галінку. Цукеркі, ну вядома ж, пачынаюць рухацца і яшчэ больш блішчэць. Кот скача вышэй, каб злавіць іх і... Ёлка падае.

Вось такія былі прыгоды са «Свіцязянкай». Злачынца ў іх выніку, вядома ж, не пацярпеў. Цукеркі мы потым з'елі. І пра той Новы год, напэўна, забыліся б, калі б не кот.

Н. Сіманава, Чэрвеньскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж. Сёлета гэта — першая падборка вясёлых і праўдзівых гісторый з жыцця чытачоў «Звязды», а значыць, самы час паведаміць, што ў газеце яны друкуюцца з пачатку... стагоддзя, апошнім часам — па пятніцах і ў рамках конкурсу на найлепшую. Вызначае іх невялічкае рэдакцыйнае журы ў складзе першага намесніка галоўнага рэдактара спадарыні Наталлі Карпенкі, спецыяльнага карэспандэнта Веранікі Канюты і вядучай рубрыкі Валянціны Доўнар. Што пры гэтым (у першую чаргу!) улічваюцца меркаванні вялікага чытацкага журы, сябрам якога можа стаць любы ахвотны. І спатрэбіцца для гэтага зусім няшмат: цягам года ўважліва чытаць усе падборкі, ацэньваць кожную гісторыю (плюсам-мінусам, тройкай-пяцёркай-дзявяткай, птушачкай...) з тым каб на фінішы года перачытаць усё (альбо найлепшае), скласці сваю дзясятку (з пазнакай даты публікацыі, аўтара і загалоўка) і даслаць у рэдакцыю. А ўжо тут...

Тут і зараз ідзе карпатлівая праца: вызначаюцца пераможцы 2018 года...

Даслаць свае меркаванні пакуль не позна. А ўжо гісторыі — дык сам Бог загадаў, бо свет захаваўся таму, што смяяўся... І думаў.

Пішыце!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.