Вы тут

Асалода, прыгажосць, натхненне…


У праграме канцэрта «Шэдэўры харавой опернай музыкі» ў Вялікім тэатры Беларусі, які традыцыйна даецца раз у два-тры гады, гучалі не толькі сучасныя творы для хору, але і тыя, што ўпрыгожвалі рэпертуарную афішу ў мінулым


Хор у спектаклі «Яўгеній Анегін»

Хорам Вялікага тэатра захапляюся кожны раз, калі слухаю оперу. Больш за тое — чакаю з ім сустрэчы, прадчуваючы дзівосныя моманты, якія абавязкова буду пражываць. Бо спевы хору абвостраць пачуцці, прыцягнуць увагу да яго ўдзельнікаў, прымусяць назіраць за імі. Хор у Вялікім тэатры — вялікая мастацкая сіла. Кожны момант яго прысутнасці на сцэне пад час спектакляў выбудаваны так, што ствараецца ілюзія рэальнага жыцця. Ды такая, што хочацца ахапіць поглядам як усіх выканаўцаў адразу, так і запомніць кожнага.
Хор у Вялікім, як магутны выразны сродак, ужо даўно захапляе беларускіх знаўцаў класічнай музыкі, мае шматлікія пазітыўныя водгукі крытыкаў. Таму што ён не толькі фон для падзей ды іх каментатар, прыгожае абрамленне для салістаў — хор наш жыве на сцэне і як адна з галоўных дзейных асоб. Нават, калі рэжысура вымагае ад хору статыкі, мы адчуваем той унутраны рух, які лёгка чытаецца на ўзроўні душэўнага ўспрымання. Ад чаго гэта залежыць? Безумоўна ж, ад прафесіяналізму артыстаў хору, майстэрства хормайстра-пастаноўшчыка і кіруючай, скажам так, рукі рэжысёра-пастаноўшчыка. Дакладней, ад тых сфармуляваных ім звышзадач, якія ставяцца перад выканаўцамі ў дні рэпетыцый.

Асабліва магутна, па-мойму, з велічным размахам хор Вялікага тэатра гучыць у пастаноўках галоўнага рэжысёра тэатра Міхаіла Панджавідзэ: «Аіда», «Набука», «Турандот», «Макбет», «Сельскі гонар», «Сівая легенда», «Тоска», «Царская нявеста» і ў іншых яго спектаклях. Мне згадваецца, як аднойчы на маё пытанне, ці ўдалося Міхаілу Аляксандравічу разгарнуцца ў плане псіхалагізму ў «Турандот», Міхаіл Аляксандравіч патлумачыў, як метад дзейснага аналізу Канстанціна Станіслаўскага ён прымяняе і ў дачыненні да хору:

— Мне вельмі падабаецца, як нашы артысты працуюць у гэтым ключы — учэпіста, з разуменнем. Калі ты не кажаш — налева-направа, зрабі тры крокі, на гэтым такце сеў сюды, на гэтым — туды, калі асноўную задачу ставіш на пражыванне характараў. Вядома, нейкія апорныя пункты тыпу «налева-направа» ў працэсе рэпетыцый расстаўляюцца. Яны патрэбныя, але, паўтаруся, асноўнае ўсё ж — логіка пражывання. У нас атрымліваецца не хор, статуарны, антычны, а — пеўчы-вакальны ансамбль, персаніфікаваны. Гэта даволі рэдкая штука, але рэч патрэбная. За ёй будучыня ў оперы. Я — не наватар, так ужо робяць некаторыя мае калегі — хто з вялікім поспехам, хто з меншым.
Мяркую, лепш і не скажаш. Хто слухаў нядаўнюю прэм’еру «Саламея», той разумее, што такое персаніфікаваны хор. І народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч, галоўны хормайстар Вялікага тэатра, працуючы ў тандэме з Панджавідзэ, зрэшты, як і з іншымі рэжысёрамі-пастаноўшчыкамі, справу сваю ведае, як гаворыцца, на ўсе сто. Хор Вялікага — яе дзецішча, з якім Ніна Іосіфаўна ў пастаянным руху. Вось як, напрыклад, яна ахарактарызавала ролю хору ў «Травіяце» — сучаснай інтэрпрэтацыі оперы рэжысёрам-пастаноўшчыкам з Літвы Андрэйсам Жагарсам, на сустрэчы з журналістамі напярэдадні прэм’еры. Дарэчы, асабіста для Ламановіч гэта другая пастаноўка «Травіяты», якая патрабавала ад хору новых акцэнтаў.

— Хор, як і заўсёды, іграе ролю акружэння галоўных герояў — гэта сябры Флоры і Віялеты, якія збіраюцца на балях. Гэта людзі, якія адпачываюць, весяляцца, п’юць, спяваюць, танчаць, улюбляюцца, таму ў харавой партытуры досыць шмат пазначэнняў для характэрнага выканання brillante (бліскуча, бліскучых) і agitato (усхвалявана, узбуджана, трывожна). Падобныя спевы я называю «штрыхавымі», таму што такі характар музыкі патрабуе ад артыстаў адмысловага стаўлення: трэба пастаянна трымаць тонус і высокі градус, што звычайна даволі цяжка даецца харавому калектыву. Выбуховыя словы, хуткае рэагаванне, тэхнічнасць і асаблівая ўвага на характэрныя штрыхі — такія спевы разлічаны на прафесійны хор.

Ніна Ламановіч, галоўны хормайстар Вялікага тэатра, заўседы ў добрай творчай форме

Дарэчы, у «Травіяце» хор уражвае не менш, чым у іншых оперных спектаклях Вялікага. Таму заканамерна, што ў Ламановіч, як у галоўнага хормайстра, у свой час нарадзілася ідэя прадставіць у канцэртным варыянце харавыя оперныя шэдэўры. Гэты праект у тэатры так і назвалі «Шэдэўры харавой опернай музыкі». Ён быў высока ацэнены публікай. Таму і працяг мае. Але для таго, каб падрыхтаваць новую праграму, па словах Ламановіч, трэба час. Зрабіць яе з тымі опернымі хітамі, якіх даўно няма ў рэпертуары, гэта значыць прыкласці вялікія намаганні: усе нумары ўвасабляюцца сцэнічна. Патрэбныя ж і пастановачныя рэпетыцыі з рэжысёрам. 

Прайшло амаль тры гады пасля мінулага прадстаўлення. І вось зноў тэатр нядаўна прадставіў на суд оперных меламанаў маштабны канцэрт з новай праграмай у двух аддзяленнях. Першае было цалкам касцюмаваным. Рэжысёр-пастаноўшчык Галіна Галкоўская, як выказалася Ніна Ламановіч, не першы год працуе з імі, стварыла для канцэрта цікавы антураж, прафесійны відэарад, прыдумала мізансцэны. У камандзе, якая рыхтавала канцэрт, працавалі — балетмайстар Вольга Костэль, лаўрэат міжнародных конкурсаў, хормайстар Сяргей Аграновіч. Дырыжыраваў Іван Касцяхін. А вось як ацэньвае Ламановіч яго творчы почырк у працы з хорам: «Маэстра «дыхае» разам з намі, ведае ўсе нашы тонкасці, цяжкасці й вельмі добра трымае ў руках не толькі аркестр, але й хор».

Першае аддзяленне адкрывалася харавой кампазіцыяй «Ой, рана на Йвана» з оперы беларускага кампазітара Аляксея Туранкова «Кветка шчасця», што была пастаўлена ў пачатку 1950?х. Больш за трыццаць гадоў не ставілася ў Вялікім тэатры «Русалка» Аляксандра Даргамыжскага, з яе прагучала партыя «Як ва святліцы, святліцы».
Пастаноўшчыкі паказалі таксама сольныя сілы хору. «У гэтым канцэрце, — кажа Ніна Ламановіч, — невялікія сольныя запевы я аддаю карыфеям хору, якія ўпэўнена могуць выконваць партыі другога становішча ў любой оперы». У выкананні артыстаў хору й маладой спявачкі Анастасіі Балабанавай прагучаў вясельны хор і раманс Антаніды з оперы Міхаіла Глінкі «Іван Сусанін». Гэты твор, як і папярэдні, гучаў на сцэне тэатра больш за трыццаць гадоў таму. І меў поспех, як паведамляе часопіс «Партер», не толькі ў Мінску, але і ў Маскве пад час гастроляў беларускага Вялікага тэатра ў Вялікім тэатры Расіі. А паставіў яго ў Мінску Аляксандр Анісімаў, галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі. Ён, дарэчы, працягвае рэпетыцыі з аркестрам Вялікага тэатра, сумяшчаючы тое са сваёй асноўнай працай у філармоніі. На пачатку верасня мы бачылі маэстра, калі ён дырыжыраваў операмі «Тоска» і «Кармэн». Як і варта было чакаць, Анісімаў быў у выдатнай форме. А вось як ён сам выказаўся ў адным з інтэрв’ю калегам пра сваё вяртанне ў Вялікі тэатр:

— Я проста сабе не ўяўляю без дзецішча, якому аддаў 16 гадоў. Планы па працы аркестра на новы філарманічны сезон былі складзеныя яшчэ да таго, як мне паступіла прапанова ад генеральнага дырэктара Вялікага тэатра Уладзіміра Грыдзюшкі, таму мае рэпетыцыі, выступленні з аркестрам будуць працягвацца. І я вельмі рады, што магу сумяшчаць філармонію з працай у Вялікім тэатры. Тым больш досвед ужо ёсць: я ж 8 гадоў кіраваў аркестрам, паралельна займаючы пасаду галоўнага дырыжора Самарскага акадэмічнага тэатра оперы і балета, куды лётаў з двума перасадкамі некалькі раз у месяц. Цяпер, вядома, будзе лягчэй — усё побач, у адным горадзе. Магу сказаць, што ў чарговы раз ажыццявілася мая вялікая мара, і я зноў вярнуўся ў любімы тэатр.

Так што, спадзяемся, што і ў недалёкай будучыні ў падрыхтоўцы новай харавой праграмы Аляксандр Анісімаў прыме самы непасрэдны ўдзел.

«Багема». Сцэна са спектакля

У першым аддзяленні канцэрта ў харавых сцэнах са знакамітай рускай оперы «Хаваншчына» Мадэста Мусаргскага спявалі як дасведчаныя салісты оперы, (як, да прыкладу, заслужаны артыст Беларусі Алег Мельнікаў — партыю князя Хаванскага) так і стажоры: Вольга Маліноўская — партыю Яраслаўны. Партыі Пад’ячага ды Кузькі спявалі таксама салісты оперы — дыпламанты міжнароднага фестывалю Янаш Нялепа ды Юры Балацько. Свае прафесійныя магчымасці прадэманстраваў і мужчынскі хор, ярка прагучаў у «Ночаньцы» з оперы «Дэман» Антона Рубінштэйна. 

І ў другім аддзяленні, дзе па традыцыі была прадстаўлена еўрапейская класіка, мы таксама змаглі атрымаць асалоду ад магутнага гучання мужчынскага хору. У сцэне ў ваенным лагеры з оперы Джузэпэ Вердзі «Трубадур» то быў хор салдат. Саліраваў аксакал хору Ілья Пеўзнер, а партыю Манрыка выконваў Сяргей Франкоўскі, народны артыст Беларусі. Акрамя таго, было шмат іншай музыкі Джузэпэ Вердзі да опер «Дон Карлас», «Атэла», «Макбет», якой, як па мне, шмат не бывае: такая яна экспрэсіўная, драматычная. Глыбіня, псіхалагічная выразнасць гэтай музыкі геніяльнага італьянскага кампазітара настолькі захоплівае, што толькі застаецца — услухоўваючыся ў яе, уключацца ў рытмы і атрымліваць асалоду ад прыгажосці гукаў.

Дарэчы, у хоры Вялікага тэатра задзейнічана больш за 70 чалавек. Яму столькі ж гадоў, колькі й тэатру, які, нагадаю, быў створаны ў 1933?м. Большую частку хору складаюць выпускнікі вакальнага аддзялення беларускай Акадэміі музыкі. Харысты занятыя ў многіх оперных спектаклях, большасць з якіх, такія, як, напрыклад, «Турандот» ці «Саламея», патрабуюць найвышэйшага выканальніцкага і акцёрскага майстэрства. Хор таксама спявае і ў некаторых балетах. Сольныя канцэрты хору ладзяцца, паўтаруся, раз у два-тры гады. Таму цяперашняе прадстаўленне, як і папярэднія, можна лічыць унікальным.

Вакальная моц і ансамблевае адзінства, музычнасць і тонкае адчуванне стылю, высокая выканальніцкая культура і тэмбральнае багацце галасоў артыстаў хору, як адзначаюць шматлікія СМІ, атрымалі высокую ацэнку пад час гастроляў Вялікага тэатра Беларусі ў Германіі, Ізраілі, Іспаніі, Польшчы, Партугаліі, Швейцарыі, Тайландзе ды іншых краінах. У інтэрнэце ёсць і такая прыемная інфармацыя, што прагучала ў адрас нашага хору: «Сапраўдным скарбам быў хор пад кіраўніцтвам Ніны Ламановіч, які вельмі прыгожа гучаў ва ўсіх галасах, узорны па зліцці ў цэлае і з вялікай дынамічнай шкалой у тэмпах і выразнасці. За гэтыя цудоўныя якасці яго заўсёды горача вітала публіка», — адзначаў аўтар часопіса Das Opernglas, які пабываў на спектаклях Вялікага тэатра Беларусі ў Германіі.

Валянціна Ждановіч

Фотаздымкі прадастаўлены Вялікім тэатрам Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.