Вы тут

Роўныя ўмовы і пачуццё абароненасці


Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця агучыў свае парады па паляпшэнні інвестклімату ў краіне.

На парламенцкіх слуханнях, прысвечаных тэме інвестыцый, сярод іншых выступіў і кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі Аляксандр ПІВАВАРСКІ. На прыкладзе работы Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў нашай краіне ён расказаў, як міжнародныя арганізацыі садзейнічаюць паляпшэнню ўмоў для вядзення бізнесу.


Фота: іpr.by. Аляк­сандр Пі­ва­вар­скі (злева), кі­раў­нік прад­стаў­ніц­тва ЕБРР у Бе­ла­ру­сі,  і Анд­рэй Брыш­це­леў, стар­шы­ня праў­лен­ня ААТ «Бел­ін­вест­банк».

Беларусь вылучаецца сярод іншых пераходных эканомік тым, што пазбегла рэформаў накшталт «шокавай тэрапіі», звярнуў увагу Аляксандр Піваварскі. Разам з тым эксперт прызнаў, што за апошнія 15—20 гадоў у краіне адбылося арганічнае развіццё прыватнага сектара. Зараз самы буйны работадаўца ў краіне — прыватныя кампаніі. Пра наяўнасць умоў для росту прыватнага сектара сведчаць і выпадкі пераходу малых і сярэдніх кампаній у катэгорыю буйных. Праз зліцці і паглынанні ў краіну ўваходзяць міжнародныя кампаніі. некаторыя прадпрыемствы пачынаюць размяшчаць свае каштоўныя паперы на міжнародных рынках.

«Вельмі важна, што ў Беларусі рэпутацыя краіны з нізкім узроўнем карупцыі», — падкрэсліў Аляксандр Піваварскі.

Жаданне ўрада садзейнічаць развіццю прыватнага сектара мае вялікае значэнне, але гэтага мала, лічыць прадстаўнік міжнароднай фінансавай арганізацыі. У краіне трэба ствараць больш добразычлівыя ўмовы для бізнесу. У прыватнасці, неабходна дабівацца роўных умоў дзейнасці для прыватных інвестараў і дзяржаўных прадпрыемстваў. Неабходны роўны доступ да фінансаў. Інвестары павінны адчуваць, што іх правы будуць абароненыя ў канфліктных сітуацыях. «І важна, каб пакаранне ў адносінах інвестараў адпавядала цяжкасці іх правапарушэння», — дадаў Аляксандр Піваварскі.

Другі кірунак, дзе можна дабіцца значнага эфекту, — кіраванне дзяржаўнай уласнасцю. У гэтай сферы ЕБРР узаемадзейнічае разам з іншымі міжнароднымі арганізацыямі і беларускім урадам. «Ідэя ў тым, каб арганізаваць кіраванне дзяржаўнымі прадпрыемствамі гэтак жа якасна, як яно арганізавана ў самых лепшых прыватных кампаніях, — растлумачыў прадстаўнік ЕБРР. — Ставіцца да іх, як да кампаній, якія каціруюцца на міжнародных біржах».

Два буйныя пілотныя праекты ў гэтым кірунку — Белінвестбанк і «Белаўтадар». У першым выпадку была зменена сістэма карпарацыйнага кіравання ў рамках перадпрыватызацыйнай падтрымкі. «Вынік ужо бачны — банк нарошчвае прыбытак», — паведаміў дакладчык на парламенцкіх слуханнях. Дасягненні «Белаўтадара» ў перспектыве могуць транслявацца на іншыя дзяржаўныя прадпрыемствы, мяркуе Аляксандр Піваварскі.

«Наша мэта — паказаць, што карпарацыйнае кіраванне сапраўды дае вынік і дазваляе трансфармаваць дзяржаўныя кампаніі такім чынам, каб яны не чакалі дапамогі ад дзяржавы, а самі дапамагалі ёй, — падкрэсліў выступоўца. — Мы разлічваем стварыць прыклады, якія можна будзе тыражаваць на буйныя беларускія прадпрыемствы, і лічым, што змяніць філасофію кіравання на 20—30 такіх прадпрыемствах на працягу двух-трох гадоў цалкам магчыма».

Паралельна з рэформамі дзяржсектара ЕБРР прапануе павысіць намаганні па прыцягненні якасных прыватных інвестараў на дзяржпрадпрыемствы.

Досыць перспектыўным эксперты банка лічаць і прыцягненне прыватных інвестараў да фінансавання інфраструктуры Беларусі. ЕБРР разам з урадам і міжнароднымі партнёрамі плануе знайсці сродкі на рэканструкцыю дарогі М-10. «У падобнага роду праектах замежны інвестар здымае з бюджэту частку абавязацельстваў, бо бярэ на сябе выдаткі па ўтрыманні аб'екта інфраструктуры на дзесяцігоддзі», — звярнуў увагу кіраўнік мінскага офіса ЕБРР.

Сярод мер, якія могуць палепшыць інвестыцыйную прывабнасць краіны, эксперты ЕБРР назвалі таксама папулярызацыю бізнесу і ўцягванне насельніцтва ў заняцце прадпрымальніцтвам, аслабленне ў гэтай сферы дзяржаўнага рэгулявання і кантролю, падтрымку малога і сярэдняга бізнесу ў вытворчасці.

Вельмі важныя таксама павышэнне фінансавай стабільнасці і развіццё нацыянальнага фінансавага рынку, у прыватнасці стварэнне ўмоў для рашэння праблемных крэдытаў, нарошчванне выпуску суверэнных фінансавых інструментаў у нацыянальнай валюце, камерцыялізацыя і павышэнне эфектыўнасці банкаў з дзяржаўнай формай уласнасці і рэгуляванне небанкаўскага фінансавага сектара.

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі таксама акцэнтаваў увагу на неабходнасці аптымізацыі чалавечага патэнцыялу: развіццё навыкаў і кваліфікацый у адпаведнасці з патрабаваннем рынку працы, стварэнне ўмоў для бесперапыннай адукацыі і павышэння кваліфікацыі, устойлівая гендарная палітыка ў галіне працаўладкавання — даванне роўных магчымасцяў у працаўладкаванні мужчынам і жанчынам, і развіццё сістэмы дзіцячых дашкольных устаноў.

Сам ЕБРР гатовы аказаць дапамогу ва ўкараненні эфектыўнага карпарацыйнага кіравання, у рэалізацыі функцыі ўласніка дзяржаўных прадпрыемстваў, падтрымцы падыходаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства і развіцці зялёнай эканомікі.

* * *

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця — міжнародная арганізацыя, у якой Беларусь удзельнічае з пачатку 90-х гадоў. Першапачаткова банк быў створаны для падтрымкі трансфармацыі былых сацыялістычных краін, пазней набыў новых членаў і пашырыў рэгіёны аперацый. Цяпер працуе амаль у 40 краінах свету, мае капітал каля 30 мільярдаў еўра. На сённяшні дзень 2,3 мільярда еўра інвеставаў у Беларусь.

Сёлета ЕБРР заключыў у нашай краіне здзелкі на суму 240 мільёнаў еўра. Аднак 2018 год можа стаць рэкордным, калі адбудзецца падпісанне буйной здзелкі па інфраструктурным праекце — тады паказчык гадавых інвестыцый перавысіць 300 мільёнаў еўра.

Прыярытэты ЕБРР у Беларусі доўгі час уключалі развіццё выключна прыватнага сектара, галоўным чынам гэта захоўваецца і зараз. Але з 2016 года банк таксама актыўна працуе над павышэннем устойлівасці і якасці паслуг у дзяржаўнай інфраструктуры, над рэгулятыўнымі рэформамі, укараненнем камерцыйных рашэнняў на дзяржаўных прадпрыемствах. Арганізацыя працуе шляхам фінансавання праз банкі-партнёры і напрамую, уключаючы ў акцыянерны капітал, аказвае тэхдапамогу, вядзе дыялог і кансультацыі з урадам, праводзіць канферэнцыі, робіць эканамічныя агляды. Зараз ЕБРР працуе па новай працэдуры дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.