Вы тут

На выходных уначы магчымы мокры снег


На гэтым тыдні ў нашай краіне ўсталявалася па-асенняму няўстойлівае, ветранае надвор'е. Атмасферныя франты, якія ссоўваюцца з боку Заходняй Еўропы, абумовяць ветранае з кароткачасовымі дажджамі надвор'е. У выхадныя дні з ростам атмасфернага ціску надвор'е пачне паляпшацца, аднак пахаладае. У ноч на нядзелю ў многіх раёнах краіны чакаюцца замаразкі ад нуля да мінус чатырох градусаў, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Сёння днём у многіх раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. На большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца ўзмацненне ветру з парывамі да 15—20 м/с. Максімальная тэмпература паветра будзе ад плюс 13 да плюс 18 градусаў, па поўдні Брэсцкай і Гомельскай абласцей паветра прагрэецца да 20 цяпла. А вось у суботу надвор'е ў асноўным будзе вызначаць няўстойлівая больш халодная паветраная маса, якая паступае з паўночнага захаду Еўропы. У асобных раёнах, пераважна па ўсходзе краіны, пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай па паўночным усходзе магчымы мокры снег. Тэмпература паветра ўначы складзе 1—8 цяпла, пры праясненнях па паўночным усходзе краіны магчымы замаразкі ад нуля да мінус двух градусаў. Удзень будзе таксама холадна — ад плюс сямі да плюс трынаццаці градусаў.

Самая халодная ноч (у гэтым верасні) будзе назірацца ў нядзелю. У гэты дзень надвор'е ў краіне будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў халоднай паветранай масе. Будзе без ападкаў. Уначы на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца замаразкі ад нуля да мінус чатырох градусаў, толькі месцамі тэмпература паветра не апусціцца ніжэй за плюс 1—4 градусаў. Днём паўсюдна — 8—15 цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у панядзелак таксама ападкаў не чакаецца.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.