Вы тут

Антон Дарашэвіч: Я жадаю быць ваяўнічым мастаком


У «Арт-Маржэ» (Мінск, Сурганава, 31) да 30 верасня можна ўбачыць працы маладога мастака Антона Дарашэвіча. Назва выставы сімвалічна: «Пачатак» — гэта яго творчы дэбют і нагода для адважных планаў. Мастацтвазнаўцы бачаць у яго працах «свет хаосу», а сам мастак не імкнецца спрасціць для гледача разуменне яго творчасці.


Антон Дарашэвіч нарадзіўся ў Салігорску, у наступным годзе скончыць БНТУ. Адсутнасць мастацкай акадэмічнай адукацыі не стала перашкодай для творчасці 20-гадовага хлопца. Выставу, у якой экспануецца восем карцін, ён называе “сацыяльным эксперыментам”. Людзі прыходзяць у кафэ, часцей за ўсё аказваюцца не гатовыя да сустрэчы з мастацтвам. Нядаўна гэтыя карціны ўбачыў мужчына і выклікнуў «О, Божа!» Агіда абывацеля — добра, гэта рэакцыя на незразумелае і новае, такую атрымлівалі таленавітыя мастакі», — кажа Антон.

Ён рэдка дае назву карцінам — не хоча, каб яна ўплывала на першаснае ўражанне ад працы. «Я не жадаю змяншаць парог у мастацтва, спрашчаць задачу гледачу. Мае карціны трэба глядзець у адмысловым настроі», — заяўляе Антон Дарашэвіч.

Малады мастак адносіць свой стыль да неаэскпрэсіянізму. Антон натхняецца творчасцю дадаістаў, а Марсэлю Дзюшану прысвяціў карціну DADA. Культурны ўплыў на Дарашэвіча аказаў і Жан-Мішэль Баскія — пра яго часта ўспамінаюць, калі бачуць карціны маладога мастака. Аднак апошняму такое параўнанне непрыемна, бо ён проста выкарыстоўвае культурную спадчыну, а не капіруе знакамітага амерыканца: «Міхаіл Велер пісаў, што ў свеце толькі тры-чатыры арыгінальныя філосафы, астатнія «абсасваюць костачкі».

Антон шчыра захапляецца іканапісам, на выставе ёсць праца, натхнёная старым беларускім абразам «Каранаванне Маці Боскай» 1746 года. Напісаў ён і карціну з Мікалаем Цудатворцам, на абодвух баках якой на грэцкім напісана цытата Ісуса: «Не думайце, што Я прыйшоў прынесці мір на зямлю; не мір прыйшоў Я прынесці, але меч, бо Я прыйшоў падзяліць чалавека з бацькам яго, і дачку з маці яе, і нявестку са свякроўю яе».

У гэтым выяўляецца яго супрацьстаянне «рамантычным жывапісцам»: «Я жадаю быць ваяўнічым мастаком, які ваюе на поле мастацтва. Я лічу, што літаратура і выяўленчае мастацтва — самыя цяжкія па парозе ўваходжання вобласці. Музыка ўплывае нават механічна, ты не можаш яе не заўважыць і не адчуць».

Кожнае палатно мастака ўтрымлівае ў сабе каля 10 слаёў, Антон прызнаецца, што ўвесь час удасканальвае працу, перамалёўваючы яе. Карціну ён лічыць гатовай, калі з'яўляецца адчуванне завершанасці і ёсць жаданне глядзець на яе бясконца. Мастаку падабаюцца простыя супрэматычныя колеры — чырвоны, чорны, белы. А пярэстую гаму сваіх карцін тлумачыць настроем: «Я малюю ў стане «струменя», а пасля не разумею, як гэта зрабіў — занадта шмат дэталяў і сэнсаў».

Ёсць карціны, якія ў Антона Дарашэвіча заўсёды з сабой — яго татуіроўкі. Карціна Анры Маціса, чырвоны круг, менавіта ён па словах мастака дапамагае ўваходзіць у стан «струменя», беларускія знакі «мужчынская сіла» і «нябесны агонь», які вельмі падобны на знак багацця. Антон смяецца: «Я не стаўлю сабе мэту стаць багатым ці зарабіць на сваёй творчасці. Грошы — гэта проста адначасовае задавальненне, якое дапамагае займацца творчасцю».  

Надзея МАРХЕЛЬ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.