Вы тут

Жыццёвінкі


Дзе Мішку шукаць?

Перад жанчынамі паважанага веку, якія звычайна бавяць перадвечаровы час на лаве перад нашым пад'ездам, надоечы з'явілася незнаёмая бабулька і, акінуўшы прысутных на лаве ўважлівым позіркам, ціха павіталася. Пятроўна (яна сядзела з краю) пасунулася і прапанавала незнаёмцы сесці.

— Дзякуй, — адказала тая. — Няма калі сядзець. Я мужчыну шукаю...

Нашы кабеты адразу ж засмяяліся. А ўсё тая ж Пятроўна (яна, дарэчы, ніколі па слова ў кішэнь не палезе), пачуўшы такое ад незнаёмай бабулі, ажно разінула рот ад пачутага, а потым на адным дыханні выпаліла:

— Гляньце вы на яе, чаго захацела! Шустрая, аднак! Дзе ты тут знойдзеш таго мужчыну? Мы, думаеш, чаму сядзім? Проста так? Ды не, родненькая! Сядзім вось і чакаем: можа, які мужычок і прыб'ецца, клюне. А яны вунь ходзяць, халера на іх, ды ўсё міма. А? Нуль увагі! Так што наўрад ці знойдзеш ты тут сабе мужчыну...

Пасмяялася разам з усімі і бабулька. Па ўсім было відаць, што яна ў ладзе з гумарам.

— Ты б усё ж прысела, — паказала на край лавы Ігнатаўна. — У нагах праўды няма. Ды і ці мала мы настаяліся? Сядай, сядай.

— Сяду, угаварылі, — здалася ўсё ж бабулька. — Гэта ж я шукаю мужчыну...

— Яна зноў за сваё! — прытворна абурылася Пятроўна. — Ну і настойлівая! Такая знойдзе! Яна нас абставіць! — А потым, прыняўшы спакойны выгляд, сур'ёзна папытала: — Ну дык што там у цябе? Якія праблемы?

І ўсе наважыліся слухаць.

— Гэта ж па такой справе я тут, — кашлянуўшы і паправіўшы «бульку» на сівенькай галаве, пачала госця. — Тры дні назад ехала ад сястры з Барысава праз Мінск, яна, Галька, там даўно жыве, ага... А на вакзале цап: няма білета. Быў жа. Што рабіць? Як быць? Хоць гвалтам крычы. А тут падыходзіць да мяне мужчына, ён жа бачыць, у якім я становішчы... Пытае, што і як. Аказалася, землякі. Ён мяне нібы з таго свету вярнуў...

— Свет не без добрых людзей, — узрадавалася Ігнатаўна.

— А ў мяне грошай, скажу вам шчыра, не хапала на білет: усяго тры рублі засталося, — працягвала бабулька. — Ён і выручыў. Мы ж, кажа, землякі, гамяльчане. Яшчэ і ў чарзе пастаяў і сам купіў білет мне. Дык а як жа, кажу, добры чалавек, я табе доўг аддам? Спытай, кажа, Мішку, я ў першым доме па Яфрэмава жыву.

— Правільна, у нас першы дом, — падала зноў голас Пятроўна.

— Дык а хто ж у нас тут Мішка? — задумалася Ігнатаўна.

Госця падказала:

— Во яшчэ! Я, кажа, пенсіянер, рабіць няма чаго, то часта піва п'ю, там у нас побач бар. Сталы на вуліцы... Няма яго каля сталоў. Пыталася і прыглядалася.

На лаве доўга ламалі жанчыны голаў, дзе б знайсці таго Мішку, і нічога не прыдумалі. Перабралі ўсіх мужчын, якія жывуць у іх доме: няма!

Развітаўшыся, госця падзякавала і пайшла шукаць далей. Ці знойдзе? Цяжка сказаць. Але што ёсць такія вось Мішкі і такія бабулькі — гэта я дакладна ведаю. Свет сапраўды не без добрых людзей.

У МАРШРУТЦЫ

На чарговым прыпынку ў салон маршруткі важна зайшоў хлапчына ў джынсах і майцы, на якой было напісана штосьці на замежнай мове. І ў акулярах ад сонца. Адразу ж цопнуўся каля мяне, зняў акуляры, хукнуў на шкельцы, затым працёр іх насоўкай і зноўку насунуў на востранькі носік. Звярнуў увагу, што ён не думаў разлічвацца з кіроўцам. Мо знаёмы ці наогул сваяк? Дык у такіх выпадках вітаюцца хоць бы кіўком галавы. Ці за руку патрымаюцца. Гэтага не адбылося. Ды ён нават не глянуў у бок кіроўцы. Ну, едзе сабе малады чалавек і едзе. Шчаслівай, як кажуць, дарогі. Кіроўца ж, відаць, таксама звярнуў увагу, што не ўсе разлічыліся, таму нагадаў:

— Усе заплацілі?

Маўчанне.

На чарговым прыпынку ў салон увайшла мама з дачушкай гадоў пяці. Мама хацела ўзяць малую сабе на калені, але тая рашуча тузанула яе за рукаў:

— Пусці! Я сама сяду! Я прынцэса!..

На малую азірнуліся амаль усе пасажыры маршруткі: што там за прынцэса такая?

— Каця! Табе не сорамна? — у маці запунсавеліся шчокі. — Сядай, сказала!

Малая і не думала слухацца маці, працягвала канючыць:

— Я прынцэса! Я прынцэса!..

Адна з жанчынак паспрабавала зрабіць малой заўвагу, але дарэмна сарамаціла яе. Маці давялося ўступіць. Паколькі месцаў у салоне вольных больш не было, то малая сядзела, а маці стаяла каля яе, трымаючыся за поручань.

Насупраць мяне сядзеў хлопчык такога ж, відаць, узросту, як і тая «прынцэса», і калі дзядуля чхнуў, ён спарадзіраваў старога. Трэба было бачыць, як прафесійна ён зрабіў гэта. Дзядуля чхнуў яшчэ раз, і малы, увайшоўшы ў ролю, чхнуў таксама. На гэта раз пад воплескі тых, хто бачыў і ацаніў яго артыстызм. Пасажыры, падобна, адразу ж забыліся пра «прынцэсу». Незапланаванае выступленне хлопчыка падабалася куды больш!

На чарговым прыпынку хлапчына ў джынсах, майцы і акулярах выйшаў, так і не перадаўшы грошы за праезд.

Маршрутка паехала далей. Я ўважліва назіраў за тым, што рабілася ў салоне, які нагадаў сцэну маленькага
тэатра. Толькі тут усё адбывалася без рэпетыцый, з чыстага, як кажуць, аркуша паперы. І выправіць тую ці іншую «сцэнку» ўжо не ўяўлялася магчымым...

ЛЫЖЫ

Снежная сёлета выдалася зіма. Дзятва ў Беражках катаецца на каньках і санках, а той-сёй з іх марыць і пра лыжы. Толькі дзе іх возьмеш? Бацькі, праўда, расказвалі некаторым, што калі яны яшчэ былі школьнікамі, то толькі і ведалі, што каталіся на ўроках фізкультуры на лыжах. Тады іх было многа — хапала ўсім хлопчыкам і дзяўчынкам. Настаўнік выведзе вучняў на Карлікаву горку, якая побач са школай, тыя і катаюцца. А сам стаіць — рукі ў кішэнях, а то іншы раз і зусім знікае, адно папярэдзіць: «Як толькі празвініць званок — усё, заканчвайце і ў школу». Праводзіліся і спаборніцтвы сярод лыжнікаў, лепшыя нават ездзілі на раённае першынства. Ну, а тады паступова неяк паменела снегу не толькі ў Беражках. Зямля амаль спрэс была з рабаціннем усе зімовыя месяцы. Яна свяцілася не толькі замерзлымі камякамі глебы, а нават і сухой травой. І так з году ў год. Паступова вучні пра лыжы і забыліся.

І вось наваліла снегу столькі, што дзятве адразу захацелася стаць на лыжы. А лыж няма. Бяда. У школе нават тое памяшканне, дзе яны стаялі, з цягам часу разбурылі. А куды падзеліся лыжы, ніхто і не ведае, і не помніць. Настаўнікі цяпер усе тут новыя і маладыя, старыя сышлі.

І што ж вы думаеце! Знайшоўся ў вёсцы адзін чалавек, які ўсцешыў малых! Гэта дзед Міхей. Ён сам здагадаўся прыйсці ў школу. Пераступіў парог настаўніцкай і адразу задаў пытанне:

— А чаму гэта дзеці на лыжах не катаюцца? Снегу ж — самі бачыце колькі! Непарадак!

У настаўніцкай на пэўны час наступіла маўчанне. Потым адзін з педагогаў спытаў:

— А лыжы... ёсць?

— Ёсць лыжы! — гукнуў дзед Міхей. — Пасылайце са мной банду — будуць вам лыжы! Гэта ж калі бурылі майстэрню, дзе яны стаялі, то і лыжы хацелі выкінуць. Адзін настаўнік, не буду вам гаварыць яго імя, нават хацеў лыжамі кветнік абгарадзіць. А тут я. Не, кажу, што так справа не пойдзе! Не дам! Не можа быць, каб снежная зіма не вярнулася калі-небудзь. Забраў лыжы і на гарышчы хаты схаваў. І вось вам — наце! Ну, дык дзе банда? За мной!

Потым дзед Міхей стаяў на горцы, сачыў за дзятвой і радаваўся:

— І не каталіся ж, а ўмеюць! Што значыць у крыві жыла гэтая навука!

Васіль ТКАЧОЎ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Не без добрых людзей

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.