З нядаўніх часоў у цэнтры горада можна пачуць не толькі вулічных музыкаў, але і «высокае» мастацтва ў літаральным сэнсе. Прафесійныя музыканты выконваюць класічныя творы з балкона другога паверха гістарычнага будынка.
Артысты Гродзенскай абласной філармоніі ўпершыню выступілі на балконе мінулым летам. Канцэрты мелі поспех, а сёлета яны сталі праводзіцца кожны тыдзень.
— З кожным разам аўдыторыя расце, — зазначае намеснік дырэктара Гродзенскай абласной філармоніі Ганна Лычкоўская. — І гэта не толькі выпадковыя слухачы, якія ідуць з работы ці проста апынуліся па нейкіх справах у цэнтры горада. Сюды прыходзяць спецыяльна, мы шырока інфармуем аб канцэртах. Бачым, што ў натоўпе ёсць і турыстычныя групы.
Рэпертуар канцэрта на балконе класічны. У асноўным гэта арыі з вядомых опер і аперэт — Кальмана, Глінкі, Дунаеўскага... Тут можна пачуць віртуоза-
баяніста і джазавыя кампазіцыі на саксафоне. Велічна гучыць з вышыні вядомая «Ave Marіa» Шуберта.
— Нашы артысты выступаюць не толькі на балконе, — расказвае Ганна Лычкоўская. — Сёлета мы адкрылі сваім канцэртам аглядную пляцоўку на беразе Нёмана з праграмай Ратонда-АРТ. Ідэя нарадзілася перад фестывалем нацыянальных культур. Думаем, што выступленні тут стануць традыцыйнымі. Вулічныя канцэрты таксама праводзім у дворыках гістарычнага цэнтра горада.
Такая форма канцэртнай дзейнасці ўжо выклікала пэўны рэзананс у горадзе. Разам з тым «выхад на вуліцу» можна назваць вымушаным крокам, бо будынак абласной філармоніі ўжо даволі працяглы час знаходзіцца на рэканструкцыі. І хоць будаўнічыя работы амаль завершаны, значныя сродкі неабходны на закупку абсталявання. У філармоніі спадзяюцца, што будынак будзе нарэшце адноўлены і ўпарадкаваны да канца года. Між іншым, узнікае пытанне: ці застануцца ў праграме артыстаў вулічныя канцэрты, якія так прыйшліся ўсім даспадобы і надаюць старажытнаму цэнтру новы каларыт?
На гэта пытанне ў філармоніі адказалі станоўча: выступленні і на балконе, і ў дворыках будуць працягвацца надалей. Канцэрты нават аб'яднаны ў асобны праект — «Мелодыі старога двара». У артыстаў ёсць намер выступіць на даху гарадскога ўнівермага, дзе адмыслова для гэтых мэт рыхтуецца пляцоўка.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці.
Карэспандэнты «Звязды» пабачылі, як праходзяць рэпетыцыі.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.