Вы тут

Беларуска-бразільскія кансультацыі ў прававой сферы


Міністр юстыцыі Беларусі Алег СЛІЖЭЎСКІ і міністр юстыцыі Бразіліі Тарквата ЖАРДЗІН падпісалі сёння дагавор аб узаемнай прававой дапамозе па крымінальных справах і мемарандум аб узаемадзеянні паміж мінюстамі дзвюх краін.


— Дагавор стварае прававую аснову для абмену інфармацыяй у сферы крымінальна-прававога супрацоўніцтва паміж праваахоўнымі органамі нашых дзяржаў, дазваляе ў максімальна кароткія тэрміны атрымліваць неабходную інфармацыю і матэрыялы па крымінальных справах, — адзначыў Алег Сліжэўскі. Па яго словах, дакумент будзе сур’ёзным крокам на шляху аховы і забеспячэння правоў і законных інтарэсаў нашых грамадзян і суб’ектаў гаспадарання

Мемарандум аб узаемадзеянні паміж мінюстамі дзвюх краін прадугледжвае далейшае правядзенне сумесных мерапрыемстваў. Ужо намечаны кірункі, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. У прыватнасці, гэта датычыцца сферы падрыхтоўкі праектаў нарматыўна-прававых актаў і сферы выканання судовых рашэнняў.

— Мы мяркуем пашырыць наша супрацоўніцтва на сферу грамадзянскіх спраў, прадухілення адмывання грошай і барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, — дадаў Тарквата Жардзін. — Транснацыянальная злачыннасць становіцца ўсё больш арганізаванай, і мы павінны працаваць разам, каб вырашаць праблемы, якія становяцца глабальнымі. Супрацоўніцтва трэба весці на агульнай аснове, з агульнымі экспертамі, і нам трэба гарманізаваць нашы прававыя сістэмы.

Кіраўнікі ведамстваў таксама выказалі ўзаемную зацікаўленасць у максімальна аператыўнай падрыхтоўцы праекта міжнароднага дагавора аб прававой дапамозе па грамадзянскіх справах. Яны дамовіліся, што эксперты абедзвюх краін абмяняюцца праектамі дагавора і абмяркуюць закладзеныя ў іх палажэнні.

Гэта першы афіцыйны візіт міністра юстыцыі Бразіліі ў нашу краіну, а падпісанне дакументаў стала лагічным працягам працы беларускага Мінюста на міжнародным узроўні. Нагадаем, што ў красавіку быў падпісаны пратакол і праграма супрацоўніцтва паміж міністэрствамі юстыцыі Беларусі і Польшчы на 2018—2020 гады. У маі — міжведамаснае пагадненне паміж беларускім і іспанскім міністэрствамі юстыцыі. Зусім нядаўна заключаны цэлы блок міжнародных дагавораў аб прававой дапамозе па крымінальных, эканамічных і грамадзянскіх справах з Манголіяй.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.