Вы тут

Юрысты без стажу змогуць стаць адвакатамі і як будуць кантраляваць токены


На чарговым пасяджэнні сесіі Савета Рэспублікі сенатары ўхвалілі законапраекты «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці», «Аб пытаннях адвакацкай дзейнасці», а таксама пагадзіліся за зменамі ў дзейнасці ПВТ.


Сутнасць змен у законапраекты па крымінальнай адказнасці прадставіў міністр юстыцыі Алег СЛІЖЭЎСКІ.

— З аднаго боку, ідзе лібералізацыя крымінальнай адказнасці, калі гэта датычыцца непаўналетніх. З іншага — узмацняецца адказнасць за тыя дзеянні, якія ўяўляюць грамадскую небяспеку, звязаную з парушэннямі персанальных даных, заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, з замахам на жыццё супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іншых асоб, якія выконваюць грамадскія і службовыя абавязкі. Шэраг новаўвядзенняў з’явяцца ў сферы кібербяспекі , — патлумачыў журналістам сутнасць навел.

Таксама на пасяджэнні сесіі сенатары ўхвалілі законапраект, які рэгулюе адвакацкую дзейнасць.

— Унясенне змяненняў і дапаўненняў у заканадаўства аб адвакатуры абумоўлена неабходнасцю ўдасканалення норм з улікам практыкі яго выкарыстання, удасканалення арганізацыі дзейнасці адвакацкай супольнасці. Бачыцца апраўданым, каб кошт юрыдычнай дапамогі адваката залежаў ад складанасці справы, аб’ёму выкананых дзеянняў, а таксама якасці аказанай юрыдычнай дапамогі. У сувязі з гэтым прапануецца артыкул 4 Закона «Аб адвакатуры» дапоўніць прынцыпам адпаведнасці аплаты юрыдычнай дапамогі яе аб’ёмах, складанасці і якасці, — патлумачыў у гутарцы з журналістамі міністр юстыцыі Алег СЛІЖЭЎСКІ.

Акрамя таго, зараз прэтэндаваць на статус адваката змогуць і юрысты без адпаведнага вопыту работы. Так, напрыклад, зараз атрымаць ліцэнзію на адвакацкую дзейнасць могуць толькі кандыдаты са стажам у юрыдычнай сферы не менш за тры гады. Прапануецца скасаваць гэтае абмежаванне, паколькі перспектыўныя выпускнікі юрыдычных спецыяльнасцяў пасля трох год працы не заўсёды праяўляюць жаданне атрымліваць адвакацкую ліцэнзію.

Сенатары на пасяджэнні сесіі таксама прынялі да ведама дэкрэт Прэзідэнта ад 18 сакавіка 2021 года № 1 «Аб змяненні дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Дэкрэт надзяляе адміністрацыю Парка высокіх тэхналогій кантрольнымі функцыямі ў дачыненні да рэзідэнтаў ПВТ, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, у частцы выканання iмi заканадаўства аб прадухiленнi легалiзацыi даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і распаўсюджвання зброі масавага паражэння.

— Паколькі дзейнасць ПВТ рэгулюецца дэкрэтамі Прэзідэнта № 12 ад 2005 года і № 8 ад 2017 года, у гэтыя дэкрэты зараз і ўнесены адпаведныя дапаўненні, — патлумачыў журналістам дырэктар адміністрацыі ПВТ Усевалад ЯНЧЭЎСКІ.

Паводле яго слоў, Беларусь, як і большасць краін свету, выконвае рэкамендацыі ФАТФ (адмысловая група па барацьбе з адмываннем незаконна атрыманых фінансавых сродкаў, фінансаваннем тэрарызму — заўв.«Зв.»).

— І адна з істотных рэкамендацый складаецца ў тым, каб і лічбавыя актывы адпаведным чынам рэгуляваліся. У нашай краіне прынята рашэнне, што паколькі на пляцоўцы Парку высокіх тэхналогій ажыццяўляецца гэтая дзейнасць, то Адміністрацыя ПВТ з’яўляецца такім рэгулятарам.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.