Вы тут

Што адбываецца з лазнямі


Бочкі, душавыя кабіны, прыватныя лазні... Якія паслугі будуць запатрабаваны на вёсцы ў будучыні?

Відавочна, што сельскага насельніцтва становіцца менш, многія вёскі пусцеюць, лазні з-за страт закрываюцца, а многія працуюць раз на месяц ці наогул па заяўках вяскоўцаў. Разам з тым праблема па забеспячэнні населеных пунктаў лазнямі застаецца і яе трэба вырашаць.


Ваўкавыскі раён — адзін з тых, дзе знаходзіцца найбольшая колькасць лазняў. Факт сам па сабе станоўчы, але многія з іх не працуюць. З 23 аб'ектаў дзейных толькі 14. Падтрымліваецца іх санітарны стан, летась у большасці праведзены рамонт.

Па словах намесніка старшыні Ваўкавыскага райвыканкама Таццяны Андрушкевіч, скаргаў з боку насельніцтва ў мінулым годзе не паступала. Тут стараюцца арганізаваць падвоз людзей у найбліжэйшыя аграгарадкі.

Аднак нявырашаныя праблемы ў гэтай справе ёсць. У асноўным яны звязаны з утрыманнем лазняў іх уласнікамі, а гэта сельгаспрадпрыемствы і ЖКГ. З-за недахопу сродкаў і эканамічнай немэтазгоднасці з абароту выведзена дзевяць аб'ектаў. Многія знаходзяцца ў дрэнным стане, не працуе абсталяванне, а запланаваны рамонт так і не праведзены. Напрыклад, лазня ў вёсцы Тупічаны ў наступным годзе пойдзе пад знос. Зараз жыхароў возяць у суседні аграгарадок Воўпа. Некаторыя будынкі выкарыстаюць пад склад ці прададуць з аўкцыёну.

— Сацыяльны стандарт па колькасці памывачных месцаў у нас выконваецца, — заўважыла Таццяна Андрушкевіч, — некаторыя ўласнікі аказваюць паслугі для жыхароў вёсак бясплатна. У цэлым кошт наведвання для вяскоўцаў таннейшы, чым у райцэнтры. Калі ў Ваўкавыску ён складае 5 рублёў, то ў аграгарадках — 4.

Так, лазні не пустуюць, але ўсе яны стратныя. Зараз мясцовыя ўлады заклапочаны тым, каб падтрымліваць належны санітарны стан будынкаў і знайсці гаспадароў пустуючым аб'ектам. У раёне думаюць аб тым, каб арганізаваць перасоўную лазню.

Дарэчы, да гэтага ўжо наблізіліся ў Шчучынскім раёне. Як расказаў начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Андрэй Шкіндараў, праз месяц гэты праект павінен запрацаваць.

Лазня на колах нагадвае бочку, але ў Шчучыне вырашылі зрабіць перасоўную лазню ў форме куба. Модульны варыянт менш стратны, бо не трэба трымаць штат, плаціць падаткі на нерухомасць; ніжэйшыя выдаткі на ваду і электраэнергію. У населеныя пункты лазня будзе выязджаць па графіку.

А яшчэ тут спрабуюць прыцягнуць да лазневай справы прыватніка. І ён ужо знайшоўся. Прадпрымальнік бярэ ў арэнду лазню ў вёсцы Руткевічы і будзе працягваць гэты кірунак дзейнасці. Як паведамілі ў райвыканкаме, зараз вядзецца афармленне дакументаў.

— Будынак у добрым стане, і ахвотных як след папарыцца нямала, — канстатуе Андрэй Шкіндараў, — гэты рытуал па-ранейшаму папулярны, да таго ж карысны для здароўя.

На праблему лазняў звярнулі ўвагу абласныя ўлады. Сітуацыя сапраўды прымушае задумацца. У вобласці 343 лазні, з якіх 163 — не працуюць. Прычыны розныя.

Разам з адсутнасцю рамонту назіраецца і нізкае наведванне лазняў. Напрыклад, у Мастоўскім раёне налічваецца 42 такія аб'екты, з іх працуе толькі 14. Аналагічная сітуацыя і ў іншых раёнах. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення ЖКГ Гродзенскага аблвыканкама Алены Каспяровіч, на месцах праблема выкарыстання былых лазняў амаль не вырашаецца. Напрыклад, у Слонімскім раёне не працуе палова лазняў і амаль усе яны не падлягаюць аднаўленню. Аб'екты належаць сельгаспрадпрыемствам. У Лідскім раёне працуе трэцяя частка лазневага фонду. Такая ж сітуацыя і ў іншых раёнах.

Гаворка на гэту тэму нядаўна вялася ў Гродне падчас калегіі дзяржкантролю. Адзначалася, што матэрыяльна-тэхнічная база большасці лазняў састарэла, паўсотні правераных аб'ектаў утрымліваюцца ў нездавальняючым стане. Па словах начальніка ўпраўлення КДК Гродзенскай вобласці Наталлі Жур, плата за «памыўку» для вяскоўцаў высокая, што таксама ўплывае на наведванне. У гэтым выпадку многія пенсіянеры на вёсках аддаюць перавагу дзедаўскаму спосабу мыцця ў хатніх умовах — балейках ды тазіках.

Ды і графік работы многіх лазняў нездавальняючы. Напрыклад, у Смаргонскім раёне ўсе вясковыя лазні працуюць толькі раз на месяц, у іншых — два разы. У шэрагу раёнаў перайшлі на заяўляльны прынцып работы — у сельсавет падаюцца заяўкі ад вяскоўцаў, згодна з якімі і працуе лазня. Такі рэжым звязаны з эканоміяй энергарэсурсаў і кантролем іншых выдаткаў на ўтрыманне аб'ектаў. Скарачэнне іх колькасці сапраўды дазволіла зменшыць страты. Калі ў 2016 годзе яны склалі 2,3 млн рублёў, то летась — 1,9 млн. За першы квартал гэтага года — 500 тысяч.

Але закрыццё лазняў — гэта не выйсце. Вяскоўцам трэба прапанаваць альтэрнатыву, падкрэслілі ў Дзяржкантролі.

Часткова гэта работа вядзецца. Раёнамі ўносяцца прапановы, якія датычацца лазневай гаспадаркі. Гэта і перадача аб'ектаў прыватніку, і зніжэнне кошту, і здача ў арэнду, і пашырэнне паслуг, і дастаўка жыхароў з вёсак, і аптымізацыя страт. Мяркуецца правесці апытанне насельніцтва, якое пражывае ў жыллёвым фондзе без выгод, — трэба высветліць, каму рэальна патрэбны паслугі. Таксама будзе зроблены аналіз усіх зваротаў на гэту тэму.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Нялёгкая па́ра

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.