19 Чэрвень, аўторак

Вы тут

Як атрымаць жыллёвую субсідыю?


Як мы ўжо паведамлялі, у пачатку чэрвеня Прэзідэнт падпісаў Указ № 225, пашырыў катэгорыі грамадзян, якія могуць атрымаць безнаяўныя субсідыі на аплату паслуг ЖКГ. Згодна з дакументам, ужо ў жніўні ім будзе аказана дадатковая дапамога дзяржавы. Каму гэтая субсідыя прызначана і як яе аформіць?


Дапамогу атрымаюць без заявы

Да апошняга часу права на субсідыю па выяўляльным прынцыпе мелі адзінокія і непрацуючыя пенсіянеры і інваліды. Цяпер права на субсідыю атрымалі яшчэ грамадзяне, якія даглядаюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў, інвалідаў І групы або старых 80 і больш гадоў, і якія атрымліваюць сацыяльныя дапамогі на гэтыя мэты. Прычым, атрымальнікам не спатрэбіцца збіраць даведкі, кудысьці хадзіць — налічваецца і падаўжаецца субсідыя аднолькава. Усю інфармацыю ў АРІП падасць Мінпрацы і сацабароны са сваіх актуальных баз. Суму матэрыяльнай падтрымкі чалавек проста ўбачыць у жыроўцы за жнівень. Субсідыя па гэтым прынцыпе налічваецца тэрмінам на тры месяцы. Аднак яна, пры выкананні неабходных умоў, працягваецца аўтаматычна.

Куды звяртацца і з чым?

Змяняецца, у бок павелічэння, і колькасць атрымальнікаў субсідый па заяўляльным прынцыпе. Падаць заяву ў выканкам могуць грамадзяне або сем'і, якія не маюць уласнага жылля і пражываюць на здымных кватэрах альбо ў інтэрнаце прыватных прадпрыемстваў. Калі чалавек у арандаваным жыллі або інтэрнаце зарэгістраваны па месцы жыхарства і яго выдаткі на паслугі ЖКГ пры нарматыўным іх спажыванні перавышаюць 20 % сярэднямесячнага сукупнага даходу сям'і ў горадзе і 15 % — у сельскай мясцовасці, то ён мае права звярнуцца ў мясцовы выканкам для налічэння субсідыі.

Гэтым і астатнім катэгорыям сем'яў неабходна звярнуцца ў выканкамы па месцы жыхарства з пакетам дакументаў, паведамляе партал камунальнай адукаванасці gkх.bу. Па-першае, гэта заява на атрыманне субсідыі (узор дадуць у выканкаме). Затым ідзе пашпарт (ці іншы дакумент, які сведчыць асобу), працоўная кніжка, пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці (для тых, у каго ёсць дзеці да 18 гадоў), аб заключэнні або скасаванні шлюбу (пры наяўнасці), пенсійнае пасведчанне або пасведчанне інваліда (калі ёсць у сям'і). Лічы, асноўным дакументам стане паперка, якая пацвярджае даходы ўласніка жылля і членаў сям'і за шэсць месяцаў (даведка аб зарплаце, дапамогах, даходах ад прадпрымальніцкай дзейнасці і іншае).

Субсідыя, налічаная ў гэтым выпадку, выдаецца на шэсць месяцаў. Для падаўжэння субсідыі неабходна звярнуцца ў выканкам па месцы жыхарства з пашпартам, заявай і дакументамі пра даход.

На якія камунальныя паслугі даецца субсідыя?

Сума дзяржпадтрымкі ў кожным выпадку вызначаецца індывідуальна і датычыцца толькі платы за асноўныя камунальныя паслугі пры нарматыўным іх спажыванні. Субсідуецца плата за газ, ваду, цяпло, капітальны рамонт, уборку месцаў агульнага карыстання, вываз смецця, тэхнічнае абслугоўванне жылога дома і ліфта, электраэнергію, у тым ліку і выдаткі на электраэнергію для асвятлення пад'ездаў і работы ліфтаў. Максімальны тэрмін разгляду заявы — да 20 дзён.

У першым квартале гэтага года падалі заяву на субсідыю і атрымалі яе 925 хатніх гаспадарак на суму амаль 50 тысяч рублёў. У асноўным гэта маці-адзіночкі, шматдзетныя сем'і і пенсіянеры. Сярэдні памер безнаяўнай жыллёвай субсідыі ў І квартале года — 6,7 рубля.

Хто не атрымае дзярждапамогу?

Безнаяўную жыллёвую субсідыю не атрымае ўласнік кватэры, у якой зарэгістравана прыватнае прадпрыемства. Дапамогу апрыёры не атрымае гаспадар жылля, які здае яго па дагаворы найму, а таксама ўласнік некалькіх жылых памяшканняў (выключэнне — шматдзетныя сем'і).

А яшчэ з пачатку наступнага года субсідыі не будуць давацца грамадзянам, якія ўключаны ў спіс працаздольных, але не занятых у эканоміцы. Гэтае правіла не распаўсюджваецца на членаў сям'і непрацуючага грамадзяніна, якія пражываюць разам з ім.

Прыпыніць выплату субсідыі могуць, калі ўласнік памяняў месца жыхарства (аформіць дапамогу можна па новым адрасе) або падаў недакладную інфармацыю аб даходах. Акрамя таго, ад налічэння дзяржпадтрымкі можна адмовіцца, напісаўшы заяву ў службу субсідавання выканкама.

Сяргей КУРКАЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява.