Вы тут

У Слаўгарадзе насельніцтва знайшло сабе прыбытковы занятак


Гэтым разам асабліва пашчасціла з надвор'ем. Сонейка, блакітнае неба, а над галоўнай пляцоўкай фестывалю каля раённага Цэнтра культуры плывуць прыемныя пахі... І на гэтыя пахі як пчолы на мёд бясконца збіраюцца людзі. Чарга ў палатку сыравараў знікла толькі тады, калі аб'явілі: «Прабачце, даражэнькія, сыру больш няма!».

Такім чынам, у мінулую суботу фестываль «Гаспадарчы сыр» прайшоў у Слаўгарадзе ўжо сёмы раз.


Без фарбавальнікаў і кансервантаў

Галоўныя героі свята — гэта жывы прыклад таго, як з маленькай ініцыятывы можа нарадзіцца вялікая справа. Сёння ў калектыў «Гіжэнскі аграрый» уваходзяць 15 сыравараў. Яшчэ 15 існуюць аўтаномна. Але гэта не перашкаджае ім на час знакавых мерапрыемстваў аб'ядноўваць свае высілкі.

Слаўгарадскія сыравары маюць сваю краму, абсталяванне і... касцюмы. У Гіжэнцы і Рудні дзейнічаюць два цэнтры сыраварэння. Хатні сыр без розных там фарбавальнікаў і кансервантаў — тавар далікатны, бо можа хутка сапсавацца. Але на ўзбраенні сыравараў — мабільны прычэп «Купава». З ім яны амаль кожны месяц куды-небудзь адпраўляюцца. Нядаўна вунь былі ў Гомелі на першым экалагічным фестывалі, двойчы ўдзельнічалі ў фестывалі «Памежжа», які праводзіцца ў Смаленскай вобласці.

Галіна Таран, адна з першых сыравараў, успамінае, што захварэла гэтай справай яшчэ падчас работы ў Фондзе развіцця сельскіх тэрыторый «Адраджэнне-агра». Аднойчы да іх зазірнула сяброўка Людміла Ерафеева і прапанавала пакаштаваць сыр хатняга вырабу. Прадукт так спадабаўся, што ідэю сыраварэння сталі прасоўваць.

Сны Цімошкі і мары Вадзімкі

Для трэці сыравараў «Гіжэнскага аграрыя» сыраварэнне — адзіны даход. Астатнія сумяшчаюць справу з асноўнай работай. Алена Вараб'ёва, напрыклад, працуе бібліятэкарам у вёсцы Рудня, а ў свабодны ад работы час займаецца сырамі.

— Гэта занятак для душы і даход, — усміхаецца яна. — У сям'і чацвёра дзетак, трэба іх гадаваць. Сырамі занялася 7 гадоў таму і атрымліваю задавальненне. Дзякуючы гэтаму і свет пабачыла. Усе раёны вобласці аб'ехалі, ды і за яго межамі шмат дзе пабывалі.

Для Людмілы Бондаравай сыры — наогул прастора для творчасці. «Надзея» і «Раёк» атрымалі назвы ў гонар блізкіх сябровак, а вось «Цімошкіны сны» — даніна ўнуку. Дарэчы, не сыр — смаката. Шакаладны з разыначкамі. У гонар яшчэ аднаго ўнука названы не менш смачны сыр з сухафруктамі. Называецца «Вадзімкава мара».

Сыравары не хаваюць, што, для таго каб атрымліваць годны заробак, трэба павялічваць рэалізацыю. Цяпер асноўны прыбытак забяспечваюць вось такія фестывалі. На свяце ў Слаўгарадзе, напрыклад, атрымалася прадаць больш за 200 кілаграмаў сыроў. А ў міжфестывальны перыяд майстры выконваюць у асноўным толькі прыватныя заказы. Вядзецца актыўны пошук рынкаў збыту праз інтэрнэт. Ёсць ужо заяўкі з Мінска, Гомеля, Оршы...

Суседзі пакаштавалі і ацанілі

Таццяна Сямёнава, начальнік аддзела па культуры і спорце адміністрацыі муніцыпальнай адукацыі Шумячыцкага раёна Смаленскай вобласці, прыехала на слаўгарадскі фэст другі раз.

— Летась, пасля таго, як мы пабывалі ў Слаўгарадзе на фэсце, запрасілі іх да нас на фестываль «Парубежжа». Яны ў нас увесь сыр прадалі. Сёлета нашаму фестывалю спаўняецца 20 гадоў, так што разам са слаўгарадскімі артыстамі запрасілі і сыравараў. Усё ідзе да таго, што падпішам з раёнам дагавор аб супрацоўніцтве і будзем сябраваць больш цесна.

А старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі адзначае, што тутэйшыя сыравары заахвочваюць сваімі дзеяннямі і ўсё астатняе насельніцтва. Гэта, у сваю чаргу, добра адбіваецца на сацыяльна-эканамічным развіцці раёна.

— Людзі, якія маюць уласную падсобную гаспадарку, атрымалі магчымасць зарабляць грошы не выходзячы за межы свайго домаўладання. І колькасць ахвотных далучыцца да гэтай справы павялічваецца. Жыхары сталі набываць больш кароў для сваіх асабістых патрэб. Як вынік — павялічылася здача дзяржаве малака. Слаўгарадскі філіял «Бабулінай крынкі», дарэчы, спецыялізуецца на сырах: вырабляе іх 36 відаў! Яны таксама прадстаўлены на фестывалі. Наогул, наш гастранамічны фэст яскрава дэманструе, як самазанятасць паляпшае дабрабыт насельніцтва.

Усё ў нас атрымалася

На свяце, акрамя сыру, было шмат цікавага і карыснага. На асобнай пляцоўцы працавала турыстычная вёска, дзе школы Слаўгарадскага раёна ад душы частавалі хатнімі прысмакамі ў выглядзе блінцоў з тварагом, смачных баравічкоў, вэнджанага сала і іншай смакаты. І вельмі дарэчы прыйшоўся ў такую спякоту напой з журавін, якім карэспандэнта «МС» пачаставала загадчыца Лапаціцкага клуба Ларыса Кірыёнак. Абмінуць столік з на рэдкасць прыгожымі ручнікамі, якія яна дэманстравала, было проста не магчыма.

Як немагчыма было адвесці вока і ад гайтанаў, паясоў і бранзалетаў вытворчасці майстроў Магілёўскага аддзялення чыгуначнай дарогі. Упрыгожаныя беларускім арнаментам з дарагога чэшскага бісеру, яны выглядалі сапраўды шыкоўна. На нядаўнім міжнародным форуме «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця» гэтыя вырабы атрымалі высокую адзнаку.

Арганізатары свята зазывалі наведаць знакамітыя мясціны Слаўгарада, пакатацца на лодках, дэманстравалі іншыя мясцовыя ініцыятывы. Свята, адным словам, атрымалася.

Святлана Язерская, старшыня Слаўгарадскага раённага Савета дэпутатаў:

— Сёння хатняе сыраварэнне стала не проста брэндам Слаўгарадчаны. Гэта яшчэ і від занятасці насельніцтва, які садзейнічае развіццю асабістых падсобных гаспадарак і дапамагае павышэнню дабрабыту. Сёння на вёсцы вельмі важна кожнае працоўнае месца, усе тыя напрамкі, якімі можа займацца чалавек. У сваю чаргу хатняе сыраварэнне дае штуршок развіццю авечкагадоўлі, павелічэнню буйной рагатай жывёлы. У развіцці самазанятасці насельніцтва вялікая заслуга і дэпутацкага корпуса, бо мы працуем з кожнай ініцыятывай, з кожным сыраварам. Дапамагалі вырашаць пытанні з забеспячэннем пашай, утрыманнем жывёлы, рэалізацыяй прадукцыі, стварэннем сырнай крамы ў аграградку Лясная. Гэта вялікая работа. Сыравараў і авечкагадоўлю актыўна падтрымліваюць старшыня Лапаціцкага сельскага Савета Сцяпан Байцоў, Гіжэнскага — Мікалай Янкоў, іншыя дэпутаты. Гэта той кірунак, які абавязкова трэба падтрымліваць. Толькі разам можна дасягнуць патрэбных вынікаў, зразумець праблемы і знайсці шляхі іх вырашэння, якія дазволяць развівацца раёну.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Усім сырам сыр!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.