Вы тут

Прадпрыемствы Дзяржкамваенпрама прадставілі распрацоўкі на «TІБО-2018»


Многія ваенныя распрацоўкі з'яўляюцца стратэгічна важнымі для аховы краіны, і ведаць аб іх магчымасцях павінны толькі спецыялісты. Ахвяраваць цікаўнасцю дзеля бяспекі — разумная цана. Аднак ёсць шэраг іміджавых напрамкаў, якія сведчаць аб тым, што ваенныя і навукоўцы ў тандэме сочаць за сусветнымі трэндамі і гатовыя да супрацьстаяння пагрозам. Так, падчас міжнароднай выстаўкі «TІБО-2018» у Мінску прадпрыемствы Дзяржкамваенпрама прадставілі свае распрацоўкі ў галіне сувязі, кібербяспекі, абмундзіравання і прыстасаванняў для тэхнікі. Не менш цікавымі былі і распрацоўкі, сярод якіх «разумныя навушнікі» і віртуальны трэнажор для навучання інжынерных войскаў узвядзенню перапраў цераз рэкі.


Фота: БЕЛТА

Кібербяспека ў трэндзе

Падчас адкрыцця выстаўкі міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей ПАПКОЎ адзначыў, што сёлета на «TІБО» асаблівая ўвага будзе ўдзяляецца кірунку кібербяспекі — абароны інтарэсаў дзяржавы ў віртуальнай прасторы. Многія эксперты і аналітыкі ў галіне ўзбраення сёння сыходзяцца ў меркаванні, што супрацьстаянні ХХІ стагоддзя могуць перайсці ў віртуальную прастору. Напрыклад, пры нізкай абароненасці хакерскімі атакамі можна вывесці са строю работу сістэмы GРS-навігацыі, тэхніку, выкрасці стратэгічна важную інфармацыю. Таму, па словах міністра, гэты кірунак сёння становіцца трэндам.

Прадпрыемствы Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта прадставілі найноўшыя распрацоўкі па абароне інфармацыі. Кампанія «АГАТ — сістэмы кіравання» прадэманстравала ўнікальную распрацоўку Рrіmа — платформу для крыптаграфічнай абароны інфармацыі — яе шыфравання, з магчымасцю перадачы па адкрытых каналах. Такім чынам інфармацыя можа бяспечна адпраўляцца праз любы від сувязі, але для прыёму патрэбна аналагічная прылада. Спецыяльны крыптаграфічны алгарытм абараняе інфармацыю падчас перадачы.

Сістэмы сувязі

Таксама на стэндзе «АГАТ» былі станцыі для перадачы і прыёму інфармацыі, якія можна ўсталёўваць, напрыклад, на камандна-штабную машыну і каардынаваць дзеянні па схаваных каналах сувязі.

Кампанія «Тэхніка сувязі» прадэманстравала бартавую шырокадыяпазонную антэну, якая сумяшчаецца з рознымі тыпамі радыёстанцый і можа быць устаноўлена на любую мабільную бранятэхніку. Распрацоўшчыкі сцвярджаюць, што яна не стварае кантактных перашкод радыёпрыёму пры руху тэхнікі.

Іншая ўнікальная антэна АШ-4 таксама можа быць устаноўлена на ваенную тэхніку, аднак яе адметнай рысай з'яўляецца работа ў экстрэмальных атмасферных умовах. Яна здольная забяспечваць сувязь пры тэмпературах ад +50 да -50 градусаў пры атмасферных ападках, запыленасці і пырсках.

Не менш цікавая і партатыўная аварыйна-выратавальная радыёстанцыя Р-855А1, здольная падтрымліваць двухбаковую сувязь паміж членамі экіпажа паветранага судна ў выпадку, калі яно пацярпела аварыю. Такая радыёстанцыя дапаможа экіпажу звязацца з пошукава-выратавальнай групай і прывесці яе да патрэбнага месца. У прылады ёсць два рэжымы — «сувязь» і «маяк». У першым яна ператвараецца ў радыётэлефон, у другім — перадае сігнал бедства ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі ІСАО. Яна таксама здольная вытрымліваць экстрэмальныя кліматычныя ўмовы: працуе пры тэмпературы ад -50 да +60 градусаў і адноснай вільготнасці паветра да 90 %.

«Разумныя навушнікі»

Тактычная абстаноўка на полі бою пастаянна змяняецца: цішыня можа рэзка выбухнуць кананадай артылерыйскіх залпаў або стралянінай. На «TІБО» прадставілі беларускія «разумныя навушнікі», якія могуць адсякаць рэзкія шумы, здольныя пашкодзіць здароўе салдата. Гарнітура ГСШ-01 мае так званую гукавую пастку, якая дазваляе змяншаць шумы звыш за  115 дБ. Актыўныя навушнікі працуюць пры тэмпературах ад -30 да +55 градусаў, працаздольныя ва ўмовах інею і расы. Сілкуюцца ад батарэйкі тыпу ААА і могуць бесперапынна працаваць на працягу 72 гадзін.

Віртуальныя масты

На ваенным факультэце БНТУ распрацавалі трэнажор, які дазваляе віртуальна навучаць узвядзенню мастоў цераз водную перашкоду. Аўтарская распрацоўка ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ з'яўляецца праграмай-сімулятарам, якая дазваляе кіраваць машынай УБМ-2, што прызначана для будаўніцтва нізкаводных мастоў з гатовых элементаў канструкцыі. Гэтая машына стаіць сёння на ўзбраенні ў Беларусі. Праграма дазваляе курсанту паэтапна ўдзельнічаць у працэсе ўзвядзення моста, а кіраванне нагадвае гульню ў танкі, што палягчае засваенне. Таксама ўсе наведвальнікі стэнда ваеннага факультэта БНТУ маглі папрактыкавацца ў віртуальнай стральбе з трэніровачнага АК-74 і пісталета Макарава.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: На варце — тэхналогіі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.