Вы тут

Калі адрамантуюць лінейныя паскаральнікі?


У Магілёве працуе састарэлае абсталяванне для лячэння анкахворых, а новае — чакае рамонту.

Пацыенты аддзялення радыялогіі Магілёўскага анкадыспансера напісалі ліст у Адміністрацыю Прэзідэнта. «Наша галоўнае лячэнне — прамянёвая тэрапія, а абсталяванне зламалася і невядома калі будзе адрамантавана. Стварылася вялікая чарга, страчваецца надзея на прадаўжэнне жыцця, псуецца настрой...», — пішуць заяўнікі і просяць паскорыць рамонт тэхнікі. Пад лістом дзясяткі подпісаў.


Магілёўскі анкадыспансер мае добрую рэпутацыю. Нядаўна тут адкрыўся новы аперацыйны блок, шмат закуплена сучаснай тэхнікі, якая павінна служыць на карысць здароўя чалавека. І гэта цудоўна, бо ўсяляе надзею, што жыццё з гэтым страшным дыягназам не заканчваецца. Але ў бальніцы не ўсё такое ідэальнае, як аперацыйны блок. Зараз, напрыклад, для лячэння анкахворых застаўся адзіны прамянёвы апарат «Тэратрон», яго тут яшчэ называюць «брэжнеўскі», намякаючы на салідны ўзрост. Астатнія два сучасныя лінейныя паскаральнікі, якія ад бесперапыннай працы перыядычна выходзілі са строю, нядаўна зусім зламаліся. Здавалася б, у чым праблема? Адрамантавалі — усё тут! Але не так усё проста. Маўляў, запчасткі імпартныя і вельмі дарагія, таму нельга сказаць, калі тэхніка будзе адрамантаваная. Магчыма, праз тры месяцы, а магчыма, і праз пяць. Адным словам, калі будуць грошы.

Хацела высветліць дату, калі адрамантуюць лінейныя паскаральнікі, таму патэлефанавала на прамую тэлефонную лінію ў Магілёўскі аблвыканкам. На жаль, у лісце за подпісам галоўнага ўрача Магілёўскага абласнога анкадыспансера Антона Лысова прамога адказу на пытанне не знайшла. Там паведамляецца, што пададзена заяўка на правядзенне працэдуры закупкі запчастак і пытанне з рамонтам лінейных паскаральнікаў знаходзіцца на кантролі ў Міністэрстве аховы здароўя. Але на які час працэс закупкі можа расцягнуцца?

І што гэта наогул за апараты, якія трэба рамантаваць месяцамі? Вядома, што людзей без дапамогі не пакінуць, але тут можа паўстаць пытанне аб якасці лячэння. Той жа «Тэратрон» самі спецыялісты параўноўваюць ужо з учарашнім днём. У лісце з анкадыспансеры супакоілі, што пацыентаў, якія праходзілі лячэнне на «лінейніках», размеркавалі па іншых бальніцах краіны. У Магілёўскім анкадыспансеры іх было не меней за сотню. Дзеля цікавасці патэлефанавала ў Гомельскі абласны клінічны анкадыспансер. Там паведамілі, што чарга на іх «лінейнік» такая, што жыхарам іншых абласцей не трэба нават строіць планы.

Па інфармацыі, якой падзялілася прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун, зараз праводзяцца неабходныя мерапрыемствы па закупцы запасных частак для рамонту лінейных паскаральнікаў. Як толькі яны будуць набытыя, абслуговая арганізацыя ўстановіць іх на працягу ад дня да тыдня. Юлія Барадун таксама паведаміла, што дадзеныя апараты з'яўляюцца складаным высокатэхналагічным абсталяваннем, а таму нельга прадбачыць, што менавіта ў іх зламаецца. А купляць нешта ў запас, удакладняе яна, нерацыянальна.

Нагадаем, што лінейныя паскаральнікі ў Магілёўскім абласным анкадыспансеры не працуюць ужо другі месяц. А адзіны гама-апарат «Тэратрон» абслугоўвае пацыентаў у 4 змены.

У пацыентаў аддзялення радыялогіі асаблівы позірк, вельмі цяжка глядзець ім проста ў вочы. Але чым дапамагчы? У нас бясплатная медыцына, і што дзіўнага ў тым, што рак — вельмі дарагая хвароба. Магілёўскія ўрачы — чараўнікі, але ж не настолькі. Яны не могуць стварыць з нічога абсталяванне. Радыялогія — адно з нямногіх аддзяленняў анкадыспансера, дзе адзіночныя палаты не карыстаюцца попытам. Тут лягчэй пераадольваць бяду разам. Калі што, суседзі па палаце супакояць і падтрымаюць. Страшна толькі, што хворых шмат. Тут не строяць планаў на будучыню. Галоўнае — сённяшні дзень. І гэтыя лінейныя паскаральнікі патрэбны толькі для таго, каб ён быў не апошні. Бо лекаў, паўтаруся, ад іх хваробы на апошніх стадыях няма.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.