Вы тут

Журналісты Паднябеснай сустрэліся з Міністрам інфармацыі Беларусі


Чацвёрты дзень візіту ў Беларусь прадстаўнікоў кітайскіх СМІ завяршыўся сустрэчай з Міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам. У агульнай гутарцы браў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Цуй Цімін.


- Журналістыка садзейнічае ўсталяванню не толькі знешнепалітычных і знешнеэканамічных кантактаў, але і дапамагае развіццю народнай дыпламатыі, разуменню розных народаў, набліжэнню краін па духу, па сэрцу, па сваіх памкненнях, - пракаментаваў значэнне прэс-тура беларускі міністр. - Мы рады, што некалькі дзясяткаў кітайскіх журналістаў па традыцыі вандруюць па нашай краіне, знаёмяцца з самымі рознымі аб’ектамі: і з вытворчымі, і са славутасцямі. Апошняе не выпадкова, бо сёлета праходзіць Год турызму Беларусі ў КНР і Міністэрства спорту і турызму шмат робіць для  прадстаўлення нашай краіны ў Кітаі. Гэты тур - адна з частак агульнай праграмы.

Прэс-тур па Беларусі для кітайскіх СМІ арганізоўваецца Нацыянальным прэс-цэнтрам Беларусі, Міністэрствам інфармацыі, Міністэрствам замежных спраў, Пасольствам Рэспублікі Беларусь у КНР другі год запар. Гэта дазваляе казаць пра нараджэнне новай традыцыі.

- Паміж Кітаем і Беларуссю ўсталёўваецца добрая традыцыя, калі прадстаўнікі розных СМІ Кітая, рэгіянальных і цэнтральных, знаёмяцца з культурай, звычаямі і эканамічным станам Беларусі. Яны бачаць на свае вочы, што ў цэнтры Еўропы ёсць сапраўды прыгожая, стабільная краіна, з добрымі ладам жыцця, дзе жыве адукаваны народ, - сказаў на сустрэчы з Міністрам інфармацыі Беларусі і кітайскімі журналістамі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Цуй Цімін. - Самае важнае: беларускі народ сапраўды па-сяброўску ставіцца да Кітая. Нашы адносіны зараз знаходзяцца ў найлепшым перыядзе, у нашым супрацоўніцтве ёсць канкрэтныя поспехі. Кітайскія журналісты маюць магчымасць упэўніцца ў гэтым непасрэдна. Мы будзем працягваць развіваць усебаковую дружбу ў агульных інтарэсах. Такія мерапрыемствы – вельмі карысныя крокі ў  гэтым працэсе. Я вельмі ўдзячны за гэта і беларускаму ўраду, і беларускаму паслу ў Кітаі, і Міністэрству інфармацыі Беларусі.

Аляксандр Карлюкевіч у сваю чаргу дадаў, што ў Міністэрства інфармацыі існуе даўняе пагадненне з кітайскім бокам: у 2005 годзе была падпісаная дамова з Дзяржаўнай канцылярыяй КНР  пра медыйнае супрацоўніцтва, у 2015 годзе заключаны дагавор ў галіне кнігавыдання і  паліграфіі, ажыццяўляецца вялікая праграма, якая часткова прадстаўленая ў рамках сёлетняга прэс-туру.  “Думаю, перш за ўсё, кітайскія журналісты звярнуць увагу на тыя сумесныя праекты, рэалізацыя якіх досыць паспяхова праходзіць у нас у краіне: гэта і індустрыяльны парк Вялікі камень, і шэраг прадпрыемстваў з удзелам кітайскіх інвестыцый. Прэс-тур дае магчымасць больш шырока развіваць эканамічныя адносіны паміж нашымі краінамі”, - падкрэсліў Міністр інфармацыі Беларусі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.