Вы тут

Вясновыя акцэнты


Засумавалі па стракатых колерах, паветраных тканінах, каларытных аксэсуарах? Самы час адпраўляцца на шопінг. Каб вы не заблыталіся ў разнастайнасці модных прапаноў, “Алеся” падкажа, на якіх акцэнтах засяродзіць увагу.


 Махры

Модныя эксперты прапануюць у гэтым сезоне ўнесці ў гардэроб экзатычную нотку, з якой можна стаць хіпі альбо актрысай вестэрна. Як? Вядома, з дапамогай махроў! Яны зноў адваявалі месца пад сонцам у калекцыях вядомых дызайнераў. Абмежаванняў няма: любая даўжыня і разнастайны матэрыял.

У вясенне-летнім сезоне-2018 махры актыўна выкарыстоўваюцца ў якасці аксэсуараў, дэкору адзення, абутку, прыцягваючы да сябе шматлікія позіркі. Ніякай статычнасці! Дынаміка на кожным кроку. Смела выбіраем рэчы са “спагеці” (на шчасце, фігуру яны не сапсуюць).

Раім звярнуць асаблівую ўвагу на сукенкі з махрамі, што ўпрыгожваюць падол або лінію дэкальтэ. Дэкор надае постаці далікатнасці і жаноцкасці, а свавольніцы-вяровачкі робяць вобраз лёгкім і энергічным.

Паясная сумка

Сёлета гэта зусім не прывілей рыначных гандляроў. Зручны аксесуар – маленькая сумка на пояс – зараз вельмі модная і актуальная рэч. Калекцыі Marc Jacobs, Public School, Rochas таму пацверджанне.

Яшчэ адзін аргумент на карысць такога аксесуара – гэта камфорт. Мініяцюрная сумка выдатна выглядае не толькі з рэчамі ў стылі спорт-шык. Яна ўпрыгожыць рамантычную сукенку або нават дзелавы касцюм.  Раменьчык можна замацаваць больш шчыльна, зрабіўшы акцэнт на лініі таліі, а можна паэксперыментаваць і перакінуць яго праз плячо.

З такім аксэсуарам адчуваеш сябе падчас адпачынку вольнай птушкай: паясная сумка не будзе замінаць на канцэрце любімага гурта, на роварным марафоне альбо рамантычным спатканні.

Сумкі, аздобленыя вышыўкай і бліскучымі паеткамі, махрамі і аплікацыяй, лаканічныя скураныя або плюшава-аксамітныя… Не бойцеся эксперыментаў, стварайце з іх дапамогай свой непаўторны вобраз!

У стылі поп-арт

У гэтым сезоне смелыя вобразы накірунку поп-арт перанесліся з лёгкай рукі дызайнераў на адзенне. На спадніцах, сукенках, трэнчах з’яўляюцца героі коміксаў, зорныя куміры, гучныя слоганы сусветна вядомых кампаній. Першай ластаўкай у гэтай справе стала з’яўленне на подыуме  сукенкі з абстрактным жывапісам пад назвай Mondrian (у гонар мастака Піта Мадрыяна) ад Іў Сэн-Ларана. Яркае і злёгку саркастычнае адзенне знойдзе “агульную мову” са смелымі і ўпэўненымі ў сабе жанчынамі.

Але памятайце: рэчы ў стылі поп-арт даволі самастойныя і завершаныя. Таму не перагружайце сябе лішнімі аксэсуарамі.

Накладныя кішэні

Модныя дамы Max Mara, Hermиs, Chanel у гэтым сезоне актыўна ўпрыгожваюць адзенне накладнымі кішэнямі. Прычым размяшчаюць іх у любым месцы. Лаканічныя прамавугольнікі прышываюць на паліто і трэнчы, жакеты і спадніцы, штаны і сукенкі.

Вядома, вялікія кішэні спакушаюць пакласці ў іх шмат рэчаў: тэлефон, люстэрка, памаду... Не паддавайцеся такому жаданню! Кішэні красуюцца на вашым адзенні толькі ў якасці дэкору.

Важны аспект: уладальніцам пышных форм лепш ад гэтага трэнду адмовіцца. Накладныя кішэні зрокава павялічваюць фігуру і аб’ём.

Паласаты рэйс

Палоска даўно стала класікай, яна да месца ўсюды і заўсёды. Гэтай вясной галоўная характарыстыка ліній – разнастайнасць: вертыкальныя і гарызантальныя, манахромныя і каляровыя.

Смела звяртайце ўвагу на ўсё, што выдзяляецца яркім паласатым узорам – ад сарафанаў да шырокіх штаноў-палацо. Апошнія будуць выдатна выглядаць у дуэце з кашуляй мужчынскага крою.

А класічная цяльняшка ў чорную або сінюю палоску нагадае пра тое, што надыходзіць час планаваць свой адпачынак!

Універсальны трэнч

Гэта яшчэ адна рэч, без якой вясной не абысціся ніводнай модніцы. Ад класікі да авангарду – дызайнеры не спыніліся на адным накірунку, таму прымярайце ўсе ўпадабаныя мадэлі і выбірайце свой ідэальны варыянт: з вялікімі кішэнямі, накідкай, паяском, у разнастайных прынтах і колерах.

Модніцы розных узростаў любяць гэтую рэч за ўніверсальнасць: трэнч аднолькава добра выглядае і з вячэрняй сукенкай, і з джынсамі.

Празрысты намёк

Мэрылін Манро казала: «Дайце жанчыне адметны абутак – і яна заваюе свет». На піку папулярнасці абутак з вышыўкай, бліскучымі камянямі, спражкамі, махрамі. Бляск металіку таксама застаецца з намі як мінімум яшчэ на адзін сезон.

Для самых смелых і адкрытых да эксперыментаў паведамляем: у трэндзе пластык: такія празрыстыя ўстаўкі ў туфлях і басаножках, што камбінуюцца са скуранымі элементамі. Цікавыя мадэлі прадстаўлены ў калекцыях Chanel, Giorgio Armani, Valentino і ў іншых вядомых дызайнераў.

Хрысціна ХІЛЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.