Вы тут

Каб стаць дворнікам, прапануюць скласці рэзюме


У Гродзенскай вобласці расце колькасць перасяленцаў. У мінулым годзе новы адрас атрымалі 22 беспрацоўныя, гэта на шэсць чалавек больш, чым у папярэднім, 2016-м. Некаторыя пераязджалі цэлымі сем'ямі. Напрыклад, з Гродна за два гады праграмай перасялення скарысталіся шэсць сем'яў. У гарадскім цэнтры занятасці вырашылі гэту работу пашырыць і правялі тыдзень перасялення.


Прэтэндэнты на пераезд

Зразумела, работа вядзецца, каб дапамагчы беспрацоўным уладкавацца ў жыцці. Але далёка не ўсе, хто шукае працу, ведаюць аб праграме перасялення. На гэты раз інфармаваць вырашылі амаль што з парога. Кожны, хто заходзіў у хол цэнтра занятасці, мог атрымаць звесткі па гэтай тэме.

Некаторых ідэя перасялення яўна зацікавіла. У іх ліку 56-гадовы Сяргей. Ён большую частку жыцця працаваў будаўніком, але зараз яго непакоіць высокі артэрыяльны ціск. Працаваць на вышыні не можа, але быў бы згодны ўладавацца дворнікам альбо вартаўніком. На жаль, прэтэндэнтаў на такія вакансіі, як у мадэльнае агенцтва.

Да размовы падключыўся прадстаўнічага выгляду статны мужчына. Назваў сябе Мікалай Мікалаевіч, узрост — 50 гадоў. Мужчына не працуе два гады.

Пакуль пошукі работы не далі патрэбных вынікаў. Напрыклад, у той дзень, калі адбылася наша сустрэча, Мікалай пабываў у трох месцах. Вакансію грузчыка занялі, а на дворніка прапанавалі скласці рэзюмэ, толькі пасля гэтага адбудзецца адбор прэтэндэнтаў.

Мужчына паведаміў, што гатовы паехаць працаваць жывёлаводам у Мінскі раён, дзе прапануюць жыллё. Але ці даедзе да месца?

Яшчэ адзін гродзенец, 50-гадовы Анатоль мае канкрэтную мэту — зарабіць, бо за 300 рублёў у месяц кожны дзень на працу хадзіць не згодны. Мужчына расказаў, што можа працаваць зваршчыкам, электрыкам, кіроўцам. Аб яго багатым лёсе можна судзіць па
геаграфіі — Урал, Чэхаславакія, Казахстан... Таму пераезд яго не палохае... Галоўнае, каб за работу добра плацілі, не менш за 600 рублёў. За доўгім рублем ён гатовы паехаць у сельскую мясцовасць, хоць і работа там цяжэйшая.

Чаму не склалася?

Сапраўды, у перасяленцаў больш шанцаў уладкавацца ў сельскай мясцовасці, падкрэсліў супрацоўнік гарадскога цэнтра занятасці Віктар Кісялёў. Пры пераездзе беспрацоўны атрымлівае бязвыплатную фінансавую падтрымку — каля 1,8 тысячы рублёў. Калі чалавек перасяляецца з аднаго горада ў іншы, сума меншая — каля 1,4 тысячы.

Аднак нельга сказаць, што гараджане кінуліся пераязджаць у вёскі і аграгарадкі, як адзначае суразмоўнік. Напрыклад, за папярэднія два гады перасялілася шэсць сем'яў — па тры ў год. Сярод адрасоў — горад Слонім, Мастоўскі раён, Брэсцкая вобласць. Каб не вяртаць «пад'ёмныя», трэба адпрацаваць на новым месцы не менш за паўгода. Былі выпадкі, калі звальняліся з новай працы пасля года. Прычыны розныя. Напрыклад, Ігар з Зэльвенскага раёна не змог справіцца з нагрузкай на новым месцы. Літаральна два гады таму ён пераехаў у Дзяржынскі раён, дзе ўладкаваўся па спецыяльнасці — галоўным заатэхнікам на агракамбінаце. Па яго словах, прэтэнзій да бытавых умоў не ўзнікала, жыллём спецыяліста забяспечылі. Але працаваць прыходзілася дапазна, часам без выхадных. Такога напружанага рытму мужчына проста не вытрымаў. Таму і прыняў рашэнне вярнуцца бліжэй да дому.

Пасля вяртання ў Гродна, пайшоў праваць мантажнікам у прыватную будаўнічую фірму. Спецыяльнасць асвойвае па ходзе справы.

Пераехалі і задаволены

Так пра сябе можа сказаць Станіслаў Іосіфавіч са Шчучынскага раёна. Ён скончыў аграрную ВНУ, па спецыяльнасці ветэрынар. Працаваў на ветстанцыі. І ўсё б нічога, але дарога на работу ад дому займала 16 км і зарплата не задавальняла. Таму і пачаў мужчына, які мае сям'ю, шукаць больш спрыяльныя ўмовы. Дзякуючы сваёй спецыяльнасці, знайшоў працу ў суседнім Гродзенскім раёне, на буйным агракамбінаце. Спачатку працаваў у адным з філіялаў, а затым яго перавялі на галаўное прадпрыемства з больш шырокімі паўнамоцтвамі. Шматдзетнай сям'і адразу далі кватэру ў Скідзеле, амаль удвая вырасла зарплата, жонка таксама знайшла работу па спецыяльнасці — працуе швачкай. «Добра, што ёсць праграма па перасяленні беспрацоўных, — кажа Станіслаў, — зараз мы і іншым падказваем аб яе існаванні».

З пачатку года з Гродна, ды і ў цэлым па вобласці, пакуль ніхто з беспрацоўных не скарыстаўся магчымасцю пераехаць у іншую мясцовасць. Ці захаваецца ў рэгіёне тэндэнцыя росту перасяленцаў — беспрацоўных, сказаць цяжка. Магчыма, паспрыяе гэтаму і тыдзень перасялення. Толькі падчас гарадской акцыі Віктар Кісялёў знаёміў з ёй да 10 чалавек у дзень.

— Прыходзілі ў асноўным мужчыны працаздольнага ўзросту, — адзначыў работнік цэнтра занятасці, — многія выказвалі жаданне працаваць у сельскай гаспадарцы. — Але тут трэба ўлічваць і іншы бок — наймальніка. А ён хоча прымаць у сябе кваліфікаваных спецыялістаў — ветэрынарных урачоў, заатэхнікаў, аграномаў.

Паводле базы даных, вакансій на вёсцы хапае, асабліва ў жывёлагадоўлі. Гэта галіна зараз актыўна развіваецца, і спецыялісты патрэбны ўсюды.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Хто гатовы да перамен?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.