Вы тут

Беларускі саліст і шоўмен Арцём Міхаленка выступіў перад землякамі


Малая радзіма спевака — аграгарадок Алекшыцы Бераставіцкага раёна. Тут жывуць яго бацькі, родныя, аднакласнікі і проста добрыя знаёмыя. Многія з іх прыйшлі на канцэрт знакамітага земляка, які ў гэты вечар «ужывую» спяваў для сваіх.


— Такія сустрэчы адбываюцца не часта, але яны вельмі важныя, — кажа Арцём. — Бо тут, на малой радзіме, пачатак усяго — жыцця, захапленняў, выбару лёсу. Менавіта родныя мясціны дапамагаюць асэнсаваць гэты шлях і робяць чалавека мацнейшым.

Арцём прызнаўся, што адчувае падтрымку сваёй малой радзімы, бацькоў, якія жывуць у Алекшыцах і працуюць на мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Маці Ганна Іосіфаўна — намеснік старшыні гаспадаркі — разам з мужам выгадавала чацвярых дзяцей. Арцём — самы малодшы. Сям'я музыкальная — хоць ансамбль стварай. Але на прафесійную музычную дарогу ступіў толькі Арцём. А зараз ужо і ён бацька. Мае траіх сыноў, з якімі стараецца быць цярплівым і развіваць іх здольнасці, як некалі развівалі і яго талент.

Арцём Міхаленка піша для маладзёжнай аўдыторыі, але сярод яго прыхільнікаў — людзі рознага ўзросту. Многія з іх памятаюць Арцёма яшчэ з дзяцінства, а яго аднакласнікі і моладзь сочаць за яго творчасцю, уваходзяць у склад сяброў у сацыяльных сетках. Вядома ж, усе ганарацца, што Арцём выступаў у складзе Прэзідэнцкага аркестра, прадстаўляў Беларусь на конкурсе «Еўрабачанне». Многія бачылі яго выступленне на фестывалі «Песня года Беларусі», дзе Арцём выканаў свой хіт «За цябе». Упершыню яго землякі пачулі гэту кампазіцыю ўжывую.

— Мы атрымалі шмат пазітыўных эмоцый, — падзяліўся старшыня гаспадаркі «Алекшыцы» Валерый Паўлюкевіч. — Думаю, сімвалічна, што Арцём выступіў перад намі са сваім сольным канцэртам менавіта сёлета, у Год малой радзімы. Такія сустрэчы вяртаюць чалавека да яго вытокаў. Яны ажыўляюць вёскі, аграгарадкі, бо людзі далучаюцца да культуры, добрага мастацтва. Гэта паляпшае іх настрой, у тым ліку працоўны.

Старшыня сельгаспрадпрыемства расказаў, што ў вёскі пачалі вяртацца нашчадкі былых жыхароў. Яны аднаўляюць дамы, укладваюць сродкі ў рэканструкцыю храмаў, на месцы развалюх узводзяць прыгожыя аграсядзібы. «А вёска — гэта карані, гэта жыццё, гэта зямля нашых бацькоў, — адзначае Валерый Эдуардавіч. — І варта гэту сувязь мацаваць».

Алена Клімовіч, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама:

— Сёлета мы плануем пашырыць колькасць культурных мерапрыемстваў у нашых вёсках і аграгарадках, дзе выступяць ураджэнцы гэтых мясцін. Будзем услаўляць землякоў, якія тут пражывалі і пакінулі значны след на зямлі. Новыя пакаленні павінны ведаць пра іх.

З'явіцца і шэраг новых брэндавых мерапрыемстваў. Будзем імкнуцца, каб сваё ўнікальнае свята меў кожны населены пункт, асабліва вёскі. Напрыклад, у Воранаўскім раёне ёсць свята частушак «Прыпеўкі з кожнага двара», у Гродзенскім — «Адэльскі фэст», «Фанфары сяброў», у Лідскім — «Піліпаўскія вечары», у Шчучынскім — «Свята музыкі Чэслава Немена». Акрамя раённых свят, брэндавыя мерапрыемствы праводзяцца ў многіх вёсках і аграгарадках.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Арцём з роднымі.

Загаловак у газеце: Тое, што робіць нас мацнейшымі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладзечна прэтэндуе на званне беларускай сталіцы стрыт-фуду

Маладзечна прэтэндуе на званне беларускай сталіцы стрыт-фуду

Карэспандэнт «Звязды» ацаніла гастранамічны патэнцыял горада.

Грамадства

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Ён малады — сёлета яму спаўняецца 10 гадоў.

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.