Вы тут

На Алімпіядзе быў прадстаўлены не толькі спорт, але і мастацтва


Аднойчы, пажадаўшы аб'яднаць мастацтва са спортам, заснавальнік сучаснага алімпійскага руху барон П'ер дэ Кубертэн прапанаваў уключыць у праграму Алімпійскіх гульняў конкурсы мастацтваў. Ён лічыў, што на Гульнях медалі павінны ўручацца не толькі пераможцам у спартыўных спаборніцтвах, але і за мастацкія работы, якія мелі непасрэднае дачыненне да спорту.


Ідэя дэ Кубертэна атрымала падтрымку не адразу, конкурсы мастацтваў увайшлі ў праграму Алімпійскіх гульняў толькі ў 1912 годзе (на V летніх Алімпійскіх гульнях у Стакгольме). Тады ў іх прынялі ўдзел усяго 35 чалавек, аднак узнагароджанне медалямі адбылося па ўсіх катэгорыях.

Існавала катэгорыя «Архітэктура», у 1924 годзе да яе дадаўся літаратурны конкурс, а ў 1928 і 1948 гадах гэтую катэгорыю падзялілі на «Драму», «Лірыку» і «Эпас». Згодна з правіламі, работы, прадстаўленыя ў катэгорыі «Літаратура», павінны былі быць не больш за 20 тысяч слоў і суправаджацца перакладам на французскай ці англійскай мове.

Акрамя таго, з 1932 года існаваў музычны конкурс, праз чатыры гады катэгорыю падзялілі на падкатэгорыі: «Аркестр», «Інструментальная музыка», «Сола, хор». Са з'яўленнем конкурсаў мастацтваў існавала і катэгорыя «Жывапіс», якую ў 1932 годзе падзялілі на «Карціны», «Малюнкі», «Акварэлі» і «Гравюры». Пазней дадаліся падкатэгорыі «Рэкламная графіка», «Друкаваная графіка» і «Афорт» (разнавіднасць гравюры на метале). Скульптурны конкурс таксама падзялілі на дзве катэгорыі — «Статуя» і «Рэльеф», а пазней да іх дадаліся яшчэ дзве — «Медалі» і «Спартыўныя значкі».

У конкурсах удзельнічалі не толькі мастакі, архітэктары, скульптары, але і самі спартсмены. Напрыклад, амерыканскі стралок Уолтар Уайнэнс удзельнічаў і ў конкурсе скульптур, а венгерскі плывец Альфрэд Хаёш стаў прызёрам у катэгорыі «Архітэктура». Акрамя таго, на V летніх Алімпійскіх гульнях 1912 года ў Стакгольме ў літаратурным конкурсе прыняў удзел і сам П'ер дэ Кубертэн з «Одай спорту», выступаючы пад псеўданімам.

Нягледзячы на тое, што конкурсы мастацтваў былі досыць папулярныя ў публікі, у 1949 годзе на кангрэсе Міжнароднага алімпійскага камітэта быў разгледжаны даклад, у якім гаварылася, што амаль усе ўдзельнікі гэтых конкурсаў з'яўляліся прафесіяналамі і займаліся мастацтвам за грошы, што супярэчыць аматарскаму статусу Алімпійскіх гульняў. Таму ў 1954 годзе было прынята рашэнне замяніць конкурсы мастацтваў выставамі, без узнагароджання медалямі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.