Вы тут

Як бязвізавы рэжым пашырае рынак працы ў Гродзенскай вобласці


З кожным годам колькасць вакансій на Гродзеншчыне расце. Калі год таму на 5,5 тысячы свабодных месцаў прыходзілася 4,2 тысячы зарэгістраваных беспрацоўных, то на пачатак гэтага года сітуацыя рэзка змянілася. Сёння наймальнікі заяўляюць аб наяўнасці каля 8 тысяч вакантных месцаў на 2,8 тысячы беспрацоўных. Разам з тым праблему недахопу кадраў пагаршае праблема іх якасці — на рынку чакаюць кваліфікаваных спецыялістаў. Гэта асабліва актуальна ва ўмовах бязвізавай рэальнасці і ўнікальных вытворчасцяў, якія рэалізуюцца ў рэгіёне.


Усё для турыстаў

Другі год на тэрыторыі вобласці дзейнічае бязвізавы рэжым. З 2018-га зона яго дзеяння пашырылася — разам з паркам «Аўгустоўскі канал» і горадам Гродна сюды ўвайшоў увесь Гродзенскі раён. Павялічыўся і тэрмін знаходжання — з пяці да дзесяці дзён. Магчымасцю пабываць у старажытным Гродне і яго наваколлі актыўна карыстаюцца замежныя турысты. За час дзеяння «бязвізу» рэгіён наведалі каля 60 тысяч чалавек. Найбольш прывабным бязвізавы ўезд стаў для літоўцаў. Асабліва часта турысты-суседзі прыязджаюць на выхадныя. Нямала наведвае бязвізавую зону і палякаў, латышоў, немцаў, прадстаўнікоў іншых краін.

У аддзеле спорту і турызму гарвыканкама расказалі, што з увядзеннем бязвізавага рэжыму стаў развівацца пазнавальны, медыцынскі, падзейны турызм. Гэта, у сваю чаргу, актывізавала малы і сярэдні бізнес. Пашырылася прапанова па продажы сувенірнай прадукцыі, правядзенні касцюміраваных экскурсій, арганізацыі рэйсаў па Аўгустоўскім канале.

За час дзеяння «бязвізу» ў Гродне створана 420 новых працоўных месцаў. Пераважная большасць з іх — 307 — у сферы гандлю, 64 — у сферы грамадскага харчавання і паслуг пражывання. Таксама з'явілася каля 50 новых пасад у работнікаў культуры — для арганізацыі творчасці, забаў, адпачынку. Больш плённа пачала развівацца турыстычная індустрыя. Пабудаваны новыя хостэлы і гатэлі. Сёлета плануецца ўвесці ў дзеянне яшчэ тры гасцініцы. У Гродне ўпершыню адкрыта дзевяць стацыянарных аб'ектаў грамадскага харчавання на 360 месцаў.

Што выявіў кастынг?

Менш чым за год у абласным цэнтры пачалі дзейнічаць адразу некалькі хостэлаў. «Стары мост» — адзін з іх. Яго гаспадыня Юлія ўжо прызвычаілася прымаць замежных турыстаў, хоць дабрацца да яе катэджа не вельмі лёгка — гарадскі транспарт паблізу не ходзіць. Таму турысты з вакзалаў часцей накіроўваюцца ў тыя месцы пражывання, якія знаходзяцца побач. Але Юлія аб сваім кірунку дзейнасці не шкадуе і лічыць яго перспектыўным. Мінулы сезон паказаў, што попыт на такія паслугі ёсць, прыязджаюць турысты з Расіі, Літвы, Польшчы. Хостэл можа прыняць да 60 пастаяльцаў, ёсць свае ўтульныя кафэ і бар. Агульны штат супрацоўнікаў — каля дзесяці чалавек.

Калектыў у асноўным жаночы. Больш за ўсё было прэтэндэнтаў на пасаду адміністратара. У кастынгу прымалі ўдзел мужчыны і жанчыны рознага ўзросту — ад 20 да 60 гадоў. Выбралі маладую жанчыну з вышэйшай аграрнай адукацыяй — яна больш за іншых спадабалася гаспадарам, бо праявіла зацікаўленасць, камунікацыйнасць і не нервавалася. Але першае ўражанне — гэта яшчэ не ўсё. Кандыдат праходзіць выпрабавальны тэрмін, а наймальнік тэлефануе на папярэдняе месца працы, каб атрымаць характарыстыку. Па словах Юліі, некаторыя прэтэндэнты самі не прыходзяць на гутарку, бо знаходзяць іншыя варыянты. Нядаўна з'явілася вакансія бармена. Дарэчы, гэта прафесія — з ліку запатрабаваных сярод наймальнікаў. Бармен, повар, афіцыянт маюць добрыя шанцы знайсці ў Гродне працу. Гэта звязана яшчэ і з тым, што дзякуючы бязвізаваму рэжыму павялічваецца колькасць аб'ектаў грамадскага харчавання і сферы паслуг.

Голад на кадры

Некаторыя аб'екты сутыкнуліся з праблемай кадраў. Недахоп кваліфікаваных спецыялістаў адчулі і ўладальнікі рэстарана «Бакст», што адкрыўся нядаўна ў цэнтры Гродна. Тут падборам персаналу — рэкрутынгам — займаюцца няспынна, каб стварыць сапраўдную каманду прафесіяналаў. А яна не такая малая — 25 чалавек. Адкуль іх узяць? Часам беспрацоўных прысылаюць з цэнтра занятасці. Імі ўладальнікі рэстарана не вельмі задаволены. Як правіла, гэта людзі неактыўныя, да таго ж некаторыя маюць схільнасць да спіртнога. Больш спрыяльны кантынгент — студэнты ВНУ, якія вечарам прыходзяць, каб зарабіць. Але пасля заканчэння вучобы многія раз'язджаюцца. І зноў трэба не проста падабраць кадры, але і навучыць. Аксана, гаспадыня рэстарана, прызнаецца, што яна з задавальненнем прымала б ужо гатовых спецыялістаў, якіх рыхтуюць у тым ліку і гродзенскія каледжы. Але іх падрыхтоўка не адпавядае статусу ўстановы, якая прэтэндуе на высокі еўрапейскі ўзровень.

Гаспадыня заяўляе, што гатова плаціць высокія прэміяльныя, калі бачыць, што чалавек прафесійна расце, імкнецца спасцігаць новае, авалодвае замежнай мовай. Праўда, ёсць магчымасць, што такія спецыялісты самі з'едуць працаваць за мяжу, хоць не заўсёды знаходзяць там тое, што шукаюць.

У любым выпадку патрэбна замена, кажа Аксана. І жартуе: пункт грамадскага харчавання адчувае голад на добрыя кадры. Сапраўды, у сферы паслуг і гандлю застаецца высокі абарот спецыялістаў, і такая тэндэнцыя захаваецца. Гэта звязана з высокім попытам на працоўную сілу ў дадзенай галіне. У асноўным гэта месцы для моладзі і жанчын.

Інжынер і тэхнолаг у дэфіцыце

Самы працаёмкі сектар — прамысловы. Тут занята чвэрць насельніцтва рэгіёна. І, як сведчыць прагноз, гэта галіна будзе пашырацца. Сёлета менавіта ў прамысловасці будзе створана больш за ўсё працоўных месцаў — 53 % ад агульнай колькасці. Тым не менш, як зазначылі ў абласным камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, відавочны недахоп рабочай сілы, асабліва кваліфікаваных і кампетэнтных работнікаў. Намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Мастоўдрэў» Анатоль Махнач расказаў, як складана было фарміраваць калектыў для новай вытворчасці. На заводзе нядаўна прайшла сур'ёзная рэканструкцыя — старую вытворчасць замянілі новымі тэхналогіямі. А вось спецыялістаў прыйшлося доўга вучыць на месцы, хоць многія прыйшлі з адпаведнай кваліфікацыяй пасля тэхналагічнага ўніверсітэта. Але з новымі тэхналогіямі, відаць, не сутыкаліся ў поўнай меры. Таму многія не спраўляюцца і сыходзяць. Вось і зараз ёсць некалькі вакансій на інжынерныя пасады. Разам з гэтым на прадпрыемстве бачаць і станоўчы працэс — з цягам часу маладыя спецыялісты больш ахвотна застаюцца працаваць менавіта на новай, сучаснай вытворчасці. Сёлета відавочная тэндэнцыя стварэння працоўных месцаў менавіта для кваліфікаваных спецыялістаў, а колькасць некваліфікаваных будзе змяншацца.

Інвестары на рынку працы

Амаль палову новых працоўных месцаў забяспечваюць буйныя інвестпраекты. Як паведамілі ў абласным упраўленні эканомікі, у Гродзенскай вобласці іх рэалізавана каля дзясятка. Гэта не толькі дае значны эканамічны эфект, але і стабілізуе рынак працы. Дзякуючы новым прадпрыемствам у рэгіёне за мінулы год створана больш за 2000 працоўных месцаў. Адным з найбуйнейшых праектаў з'яўляецца будаўніцтва АЭС у Астраўцы, дзе задзейнічана 218 чалавек. Яшчэ 170 працоўных месцаў забяспечыла кампанія «Арвібелагра», якая рэалізуе ў Лідскім раёне праект па стварэнні інтэграванага комплексу па прамысловай вытворчасці мяса індычкі.

Амаль 100 новых працоўных месцаў створана на Гродзенскім заводзе па ўтылізацыі і механічнай сарціроўцы адходаў. Гэта прадпрыемства, дзе працуюць пераважна мужчыны, і напачатку кадравы патэнцыял вымушаў жадаць лепшага, паведамілі на заводзе. Але добры заробак, механізаваная праца дазволілі сфарміраваць трывалы калектыў. Зараз прадпрыемства працуе на поўную магутнасць.

Адзін з прыярытэтаў вобласці — развіццё дрэваапрацоўкі. Гэта абумоўлена багатай сыравіннай базай рэгіёна, дзе лес займае каля 40 % плошчы. Таму і ў праграме развіцця Гродзенскай вобласці на 2016—2020 гады гэты кірунак мае стратэгічнае значэнне. У мінулым годзе рэалізаваны праект аўстрыйскай кампаніі «Кронаспан» у Смаргоні па стварэнні буйнога дрэваперапрацоўчага прадпрыемства. У эканоміку рэгіёна інвеставана больш за 500 млн долараў, яшчэ 200 млн будзе ўкладзена ў 2018—2019 гадах. Плануецца стварыць яшчэ 120 працоўных месцаў, а ўсяго замежная кампанія забяспечыла працай больш за тысячу чалавек.

У гэтым годзе завершыцца яшчэ шэраг значных праектаў, якія дазволяць стварыць больш за дзве тысячы новых працоўных месцаў. У канцы года ААТ «Гродна Азот» плануе ўвесці новы цэх азотнай кіслаты. У Смаргоні пачалося тэсціраванне прадукцыі маслаэкстракцыйнага завода па перапрацоўцы насення рапсу і соі. На прадпрыемстве будзе створана 100 працоўных месцаў.

Вядзецца ўстаноўка абсталявання на фармакалагічным прадпрыемстве ў Скідзелі, якое пабудавана з удзелам індыйскага капіталу. Тут будуць выпускаць прэпараты, якія зараз завозяцца ў краіну з-за мяжы. Завод плануецца запусціць у чэрвені гэтага года. Пры выхадзе на поўную магутнасць тут будуць працаваць больш як 70 чалавек.

Рэгіёну даведзена заданне працаўладкаваць 5210 чалавек за кошт стварэння новых працоўных месцаў і новых прадпрыемстваў. У вобласці мяркуюць, што здолеюць не толькі дасягнуць гэтай планкі, але і ўзяць большую вышыню.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Шанцы для прафесіяналаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.