Вы тут

«Мінчанка» ў фінале!


У еўрапейскім клубным валейболе гэта другі па значнасці турнір пасля Лігі чэмпіёнаў. Беларускі клуб упершыню ў гісторыі дабраўся да фіналу.


За выхад у вырашальны паядынак у паўфінале нашы дзяўчаты змагаліся з нямецкім «Штутгартам». Першую сустрэчу ў Германіі беларускі выйгралі, а вось другая пачалася для нас вельмі няўдала. Саступіўшы дзве першыя партыі, падапечныя Віктара Ганчарова выйгралі трэцюю і быццам бы паверылі ў свае сілы: чацвёрты сэт застаўся за беларускамі. Такім чынам, лёс пуцёўкі ў фінал вырашаўся ў «залатой» партыі, у якой нервы аказаліся мацнейшымі ў валейбалістак «Мінчанкі» — 15:8.

Для гэтага варта жыць, варта працаваць! Ганаруся камандай, — дзеліцца радаснымі эмоцыямі галоўны трэнер нашых дзяўчат Віктар Ганчароў. — Пры ліку 0:2 я бачыў, што каманда стамілася, але дзяўчаты праявілі характар. Удзячны ім і балельшчыкам, гэта быў 7-ы, 8-ы, 9-ы гулец, які вёў каманду за сабой. Так, пасля дзвюх партый мы былі ў накдаўне, але паціху навязвалі сваю гульню і навязалі яе ў выніку. Сапернік годны, вы бачылі самі, пяць-шэсць гульцоў выступаюць за зборныя сваіх краін. Адзначу, што гэта не пік нашай формы, мы будзем працягваць удасканальвацца. Але ў маёй кар'еры... Нават у маім жыцці гэта самы шчаслівы дзень!

У фінале «Мінчанка» сустрэнецца з турэцкім клубам «Экзачыбашы», які ў паўфінале двойчы разграміў нямецкі «Шверын» з «сухім» лікам 3:0. Першы матч фінальнай серыі за ганаровы трафей адбудзецца 3 красавіка ў Мінску, гульня ў адказ — 10 красавіка ў Стамбуле.

Адзначым, што выхад у фінал Кубка ЕКВ — самае значнае дасягненне беларускіх валейбольных клубаў з 1987 года, калі мінскі «Камунальнік» стаў уладальнікам Кубка кубкаў.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.