Вы тут

У Гродне ўшанавалі памяць Мікалая Загідуліна першым адкрытым міжнародным турнірам


У спаборніцтве па валейболе прынялі ўдзел каманды з рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расійскай Федэрацыі: Масквы і Калінінграда. Іх віталі прадстаўнікі спартыўнай грамадскасці Гродзенскай вобласці, сябры і родныя заслужанага трэнера Беларусі, гульцы яго першых гродзенскіх камандаў. Аб адданасці трэнера сваёй справе сведчыць той факт, што ён пайшоў з жыцця на валейбольнай пляцоўцы год таму падчас матча з удзелам дзяўчат яго каманды. 


На адкрыцці турніра заўважаю сярод прысутных алімпійскую чэмпіёнку Алену Валчэцкую ў спартыўным касцюме, якая і зараз, у свае 80 гадоў, працуе выкладчыкам на фізічным факультэце ГрДУ. Яна расказала, што з Мікалаем Загідуліным пазнаёмілася яшчэ ў маладосці, калі яны пражывалі па-суседству. 

— Праз некаторы час я даведалася, што ён канчаткова прыйшоў у спорт і выбраў валейбол, а не вольную барацьбу, якой таксама займаўся. Як аказалася, правільна зрабіў, — успамінае Алена Уладзіміраўна. — Ён стаў такім трэнерам, што яго вынікі былі бачны ўсім, яго каманда пастаянна была ў ліку прызёраў. І вельмі добра, што яго заслугі не забылі. Спартыўныя школы развіваюцца. Вядома хацелася б, каб алімпійскіх чэмпіёнаў было больш. Шкада, што зараз гэта амаль немагчыма. Але нашы спартсмены паказваюць добры вынік на іншых міжнародных спаборніцтвах.

Аддаць даніну памяці свайму трэнеру прыйшлі таксама яго былыя выхаванцы, гульцы жаночай каманды першых набораў. Яны актыўна выступалі ў 70-80-ыя гады ў юнацкіх спаборніцтвах. Многія школьнікі імкнуліся трапіць да яго ў каманду. І нездарма. Валейбол у той час быў вельмі папулярным, з моцнай спартыўнай школай, а жаночыя каманды гродзенцаў заўсёды былі ў ліку прызёраў на чэмпіянатах Беларусі. Тамара Пуршава, якая сёння працуе трэнерам, пачынала сваю спартыўную кар’еру менавіта ў першым наборы Мікалая Загідуліна, а пазней увайшла ў склад зборнай Беларусі. 

— Загідулін трэніраваў дзіцячыя каманды, з яго выхаванцаў было створана каманда, якая затым гуляла ў першай лізе СССР. Гэта быў касцяк каманды. Усіх ён кудысьці перадаваў. Але і потым сваіх выхаванцаў не пакідаў, адсочваў іх па жыцці, а калі патрэбна была дапамога, аказваў яе. Клапаціўся аб нас. І мы праняслі гэты клопат праз усё жыццё, а пачуццё каманды дазваяла лепш адаптавацца ў грамадстве, камунікаваць з людзьмі, — расказала Тамара Пуршава. 

У кожнай з былых удзельніц каманды Загідуліна сваё жыццё, некаторыя звязалі яго з работай у спорце.

— Сёння ў наймальнікаў папулярным стала пытанне: ці можа чалавек працаваць у камандзе? Дык вось, мы, тыя хто прайшлі праз спорт, можам працаваць у камандзе, у тым ліку, дзякуючы першаму трэнеру. Ён дапамагаў фарміраваць характар, вучыў узаемавыручцы, гэта важна ў жыцці. Ужо шмат гадоў прайшло, але мы не губляем сувязі, вось і зараз прыйшлі ўшанаваць яго памяць. Тут мае сяброўкі — Алена Кротава, Клаўдзія Грыгор’ева і іншыя, — кажа ўрач спартыўнай медыцыны Марына Раманава. 

Некаторыя ўспомнілі, што падчас спаборніцтваў у Маскве, Санк-Пецярбурзе, Вільнюсе і іншых гарадах трэнер знаходзіў час, каб паказаць дзяўчатам горад, пабываць на выстаўках, у кіно. Многія запомнілі паездкі на мора.

Разам з тым ён быў патрабавальным, бо працаваў на вынік, кажуць суразмоўцы. І пры гэтым забываў аб сваім здароўі. Вярнуўся ў строй пасля інфаркту, а вось другі раз сэрца не вытрымала. Яно спынілася на валейбольнай пляцоўцы падчас матча з удзелам яго каманды дзяўчат. Жонка Марына не аднойчы была сведкай таго, як блізка да сэрца прымаў Мікалай Міхайлавіч сваю работу, спартыўныя праблемы. Між тым у гутарцы яна робіць акцэнт не на асабістым жыцці трэнера, а на яго спартыўнай кар’еры. Мабыць таму, што работа была сэнсам яго жыцця. 

З ранняга дзяцінсва Мікалай Загідулін займаўся валейболам. Але стаў найбольш знакамітым як трэнер-педагог і паспяхова сумяшчаў гэту працу з пасадай дырэктара дзіцячай спартыўнай школы. Пад яго кіраўніцтвам школа атрымала спецыялізацыю Алімпійскага рэзерва. З яе выраслі чэмпіёны свету і Еўропы. З выпускнікоў школы складаліся валейбольныя каманды Гродна -«Неман» і «Камунальнік». А каманды дзяўчынак аднаго з першых набораў станавіліся не толькі чэмпіёнамі Беларусі, але і ўсяго Савецкага Саюза. Апошнім стаў набор дзяўчынак 2008 года нараджэння, якія ў 2022 годзе паспелі стаць чэмпіёнамі рэспубліканскіх спаборніцтваў «Мяч над сеткай» Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Амаль пяць гадоў займалася ў трэнера Загідуліна і Джаміла Рахман, якая ў складзе каманды «Камунальнік» ГрДУ прымае ўдзел у турніру, прысвечаным яго памяці. А яшчэ раней Мікалай Міхайлавіч трэніраваў яе маці Вольгу. Дарэчы, такіх спартыўных дынастый у трэнера было нямала. Джаміла вучыцца ў 10-м класе і марыць аб спартыўнай кар’еры. Дзякуючы першаму трэнеру, яна стала дысцыплінаванай, з пачуццём адказнасці за каманду. «Мы вельмі дружныя, адчуваем камандны дух. Турнір прысвечаны нашаму трэнеру, і хочацца выступіць дастойна.», — рэзюміравала спартсменка. 

У абласным ўпраўленні спорту і турызму першы адкрыты міжнародны турнір памяці Мікалая Загідуліна ацэньваюць не толькі як спартыўную падзею, але і як патрыятычны рух. 

— Гэта не толькі атмасфера спартыўнага свята, але і выхаваўчы працэс, бо мы павінны памятаць нашых знакамітых трэнераў, Мікалай Загідулін, які пайшоў з жыцця год таму, стаяў у вытокаў стварэння гродзенскай каманды і рыхтаваў спартсменаў для зборных Беларусі і Савецкага Саюза. Зараз адбываецца змена пакаленняў, але радуе, што новае пакаленне трэнераў працуе таксама вельмі эфектыўна і карыстаецца тымі напрацоўкамі, якія былі тады. І маладыя спартмены павінны ведаць такіх трэнераў, бо гэта яшчэ і частка патрыятычнага выхавання. Таксама ёсць магчымасць праверыць свае сілы на фоне расійскіх спартсменаў. Да таго ж такія турніры збліжаюць нашы краіны, — зазначыў начальнік абласнога упраўлення спорта і турызма Максім Малахоўскі.

Таксама ён адзначыыў, што гродзенцы ўдзельнічаюць у барацьбе за ліцэнзіі на Алімпіяду, якая адбудзецца летам у Парыжы. Заваёвана пяць ліцэнзій па лёгкай атлетыцы, ёсць шанцы ў баксёраў, малатабойцаў, барцоў, велагоншчыкаў. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.