Вы тут

Клімавіцкі раён становіцца ўсё больш прывабным для вядзення бізнесу


Клімавіцкі раён становіцца ўсё больш прывабным для вядзення бізнесу. Штогод тут адкрываецца па 10 малых прадпрыемстваў. А сёлета раёнам зацікавіўся літоўскі бізнесмен Відмантас Кучынскас, прэзідэнт групы кампаній ARVІ, якая аб'ядноўвае больш за 20 прадпрыемстваў у Літве, Латвіі, Расіі, Румыніі і іншых краінах. Ён збіраецца рэалізаваць тут праект коштам каля 50 мільёнаў долараў па вытворчасці мяса індычкі. Рабіць свой край багацейшым і прыгажэйшым дапамагаюць і яго ўраджэнцы. Старшыня Клімавіцкага райвыканкама Васіль ЗАХАРЭНКА расказаў больш падрабязна пра тое, як сёння развіваецца раён.


— Васіль Аляксеевіч, літоўскі інвестар настроены пачаць сваю дзейнасць ужо ў сакавіку. Як раён падрыхтаваўся да таго, каб стварыць умовы для рэалізацыі гэтага праекта?

— Нашы інвестары будуць працаваць у рамках Указа № 235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці», які прадугледжвае адпаведныя прэферэнцыі. Са свайго боку мы прапануем ім усе неабходныя аб'екты інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Выдзяляем для вытворчасці тры зямельныя ўчасткі на тэрыторыі былога ваеннага гарадка, які размяшчаецца за 10 кіламетраў ад райцэнтра — каля вёскі Барсукі, і адзін — непасрэдна ў Клімавічах. У Барсуках плануецца будаўніцтва 30 птушнікаў для маладняку і адкорму індычкі, а ў райцэнтры размесціцца завод па забоі і перапрацоўцы птушкі. Праект дасць магчымасць стварыць каля 100 новых працоўных месцаў. Не выключана, што для супрацоўнікаў новага прадпрыемства будзе пабудаваны спецыяльны інтэрнат. За кошт бюджэтных сродкаў інстытутам Магілёўсельбудпраект распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на стварэнне інжынерных сетак для вышэйазначаных участкаў. У найбліжэйшы час пачнецца іх будаўніцтва.

Яшчэ ў рамках 235-га ўказа распрацоўваюцца два праекты на Клімавіцкім камбінаце хлебапрадуктаў. Гэта лінія гранулявання для вытворчасці камбікармоў для індыкоў, якая ацэньваецца прыкладна ў 2 мільёны рублёў. І ўнікальны праект па стварэнні на камбінаце цэха па перапрацоўцы мяса гэтай птушкі. Унікальны ён таму, што ў рамках 235-га ўказа такога ніхто не робіць. Ён уключаны ў праграму фінансавання Банкам развіцця як прыярытэтны. У раёне таксама працуе некалькі прыватных прадпрыемстваў, якія карыстаюцца льготамі 235-га ўказа. Адно з іх «Экатэхнапрам», якое спецыялізуецца на дрэваапрацоўцы. Прадпрыемства актыўна развівае экспарт піламатэрыялаў.

— Клімавічы вядомыя сваім фестывалем «Залатая пчолка». На свята прыязджае шмат замежных гасцей, завязваюцца кантакты. Потым гэтыя сувязі знаходзяць працяг?

— Дзякуючы фестывалю пра Клімавіцкі раён ведаюць далёка за яго межамі. Для нас гэта свята вельмі значнае. Калі прыязджаюць інвестары, першае, пра што яны кажуць, дык гэта пра наш фестываль. Актыўна яго падтрымлівае наш зямляк, ураджэнец клімавіцкай вёскі Саўна Мікалай Якаўлевіч Крупінін. Зараз ён прафесар Дзяржаўнага Уральскага горнага ўніверсітэта, старшыня Бюро рэгіянальнай грамадскай арганізацыі Ханты-Мансійскага рэгіянальнага аддзялення міжгаліновых эколага-эканамічных даследаванняў Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук. У 2012 годзе ён на сваёй малой радзіме ўстанавіў манумент у памяць жыхароў вёскі Саўна, якія пражывалі ў ёй у перыяд з 1932 па 2002 год. Зроблена капліца, добраўпарадкавана рэкрэацыйная зона для турыстычнага наведвання, закладзены сквер. Штогод 27 верасня, напярэдадні дня вызвалення Клімавіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Крупінін праводзіць свята, прысвечанае памяці вёскі Саўна. На яго з'язджаюцца былыя жыхары, іх дзеці і ўнукі з розных раёнаў і абласцей Беларусі, Расіі і Украіны. А яшчэ Мікалай Крупінін дапамагае ўмацоўваць цесныя сувязі паміж беларускай і расійскай моладдзю.

— Раён мае поспехі і ў сферы адукацыі, школьнікі дэманструюць высокія вынікі пры здачы цэнтралізаванага тэсціравання.

— Сапраўды, мы некалькі гадоў запар займаем першае месца ў вобласці па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. Асноўны ўпор робіцца на захаванне прынцыпаў роўнага доступу да атрымання якаснай адукацыі, усё накіравана на стварэнне неабходных умоў для фарміравання гарманічнай асобы і падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў. Па выніках 2016—2017 навучальнага года 67,7 % навучэнцаў школ маюць дастатковы і высокі ўзровень ведаў. Атэстаты асаблівага ўзору з залатымі медалямі атрымалі 15 выпускнікоў 11 класаў. У раёне праводзіцца шмат конкурсаў, акцый і мерапрыемстваў для паспяховай самарэалізацыі маладых людзей. Каля 200 юнакоў і дзяўчат мелі магчымасць летам працаваць у складзе 11 студэнцкіх атрадаў экалагічнай і сельскагаспадарчай накіраванасці, 120 навучэнцаў правялі канікулы ў лагерах працы і адпачынку. Па выніках работы раённы штаб па каардынацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў заняў першае месца ў Магілёўскай вобласці. Летась працоўныя калектывы нашага раёна папоўнілі 110 спецыялістаў з сярэдняй і вышэйшай адукацыяй. Наогул на першае студзеня ў раёне налічвалася больш за 4700 маладых людзей.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: З клопатам пра малую радзіму

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.