Вы тут

Гартаем старонкі кніг Пятра Мсціслаўца


Пра выданні, якія ўражваюць раскошай і дасканаласцю.


Прапануем чытачам «ЛіМа» пагартаць старонкі кірылічных старадрукаў, што захоўваюцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ацаніць прыгажосць мастацкага аздаблення асобнікаў і з дапамогай чырвоных літар са стылізаванымі росчыркамі-хвосцікамі пашукаць след друкара, нават самога Пятра Мсціслаўца.

Гартаючы старонкі кніг XVI — XVII стст., удыхаючы пах старой пажаўцелай паперы, міжволі звяртаеш увагу на мастацкае аздабленне тэксту. Вялікія раздзелы пачынаюцца з заставак — прамавугольных арнаментальных кампазіцый і буйных ініцыялаў, упрыгожаных філігранным узорам, заканчваецца тэкст невялікімі канцоўкамі розных форм часам з выявамі фантастычных істот.

Дробныя раздзелы часта вылучаюць «хвастатыя» літары, якія нагадваюць прыгожыя пачатковыя літары ў рукапісных кнігах. Тонкія, выцягнутыя ў даўжыню, надрукаваныя чырвонай фарбай, упрыгожаныя звычайна мудрагелістым працяглым завітком-росчыркам, яны нібыта птушкі з раскошнымі хвастамі. Кнігазнаўцы называюць гэтыя літары ламбардамі. Яны падобныя да вялікіх загалоўных азбучных знакаў старадрукаў, але значна выцягнуты ў даўжыню, а ў адрозненне ад больш грунтоўных ініцыялаў-буквіц, упрыгожаных арнаментальным узорам, ламбарды больш лёгкія, тонкія.

У старажытнасці кожны друкар намагаўся мець асабісты працоўны матэрыял — свае металічныя шрыфты і драўляныя гравіраваныя дошкі. На дошках выразалі арнаментальныя застаўкі, багата аздобленыя (філігранныя) ініцыялы і больш тонкія цалкам зафарбаваныя чырвоныя (зрэдку чорныя) ламбарды, для апошніх маглі выкарыстоўвацца нават дзве дошкі. На адной выразалася выцягнутая тонкая літара, на другой — яе працяг — мудрагелісты «хвосцік», як у цудоўнай птушкі. Калі пільна ўглядацца ў гэтыя азбучныя знакі, можна заўважыць след практычнай дзейнасці друкара і нават ацаніць яго прафесійнае майстэрства. Часам каля літары можна ўбачыць ледзь прыкметную тонкую чырвоную перарывістую палоску, гэта крыху запэцканы фарбай край дошкі выпадкова адціснуўся на паперы разам з літарай. Часам бачна, што літара, якая мела на пачатку кнігі вялікі «хвост», у канцы частку яго згубіла. Гэта адбылося таму, што знасілася дошка, на якой было выразана ўпрыгажэнне, пашкодзіўся, адламаўся яе кавалак. Майстар вымушаны быў выразаць іншую, але дакладнай копіі ўжо не атрымалася. Бачна, што адціскалася літара, якая крыху адрознівалася ад ранейшай.

Некаторыя майстры свядома рабілі адразу па некалькі варыянтаў адной літары, каб убранне тэксту было больш святочнае і разнастайнае. Іншыя майстры спрашчалі гэты працэс: верхнюю дошку з літарай пакідалі нязменнай, а ніжнюю змянялі. У выніку да адных і тых жа літар дадаваліся розныя ўпрыгажэнні, і тады літары нібыта круцілі хвастамі ў розныя бакі.

У асобных кнігах на ламбарды прыпадала асноўная частка дэкаратыўнага аздаблення. Так адбылося з Евангеллем вучыцельным, надрукаваным Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам у 1569 г. у Заблудаве (каля Беластока, цяпер тэрыторыя Польшчы), у маёнтку вялікага гетмана ВКЛ Рыгора Хадкевіча. Гэта зборнік пропаведзяў, складзеных на падставе біблейскіх гісторый, своеасаблівы каментарый да Евангелля. Мастацкае ўбранне кнігі складаецца з ілюстрацыі (герб Хадкевіча), 3 заставак, 6 канцовак, 2 ініцыялаў і 78 чырвоных ламбардаў, якія надаюць кнізе святочны ўрачысты выгляд.

Цікава, хто ж з друкароў выразаў менавіта ламбарды. Верагодна, гэта быў Пётр Мсціславец. Пасля выхаду Евангелля вучыцельнага ён пакінуў свайго калегу, які распачаў друкаваць Псалтыр з Часаслоўцам (1570). У Заблудаве Іван Фёдараў застаўся адзін і ламбарды ў Псалтыры з Часаслоўцам (1570) не выкарыстоўваў.

Няма звестак пра тое, дзе знаходзіўся Мсціславец пяць гадоў пасля выхаду ў свет Евангелля вучыцельнага. Магчыма, ён ужо ў 1569 г. пераехаў у Вільню, куды яго паклікалі гараджане Зарэцкія і купцы Мамонічы, дзе заняўся падрыхтоўкай да новага выдання: адліўкай шрыфтоў, гравіраваннем дошак арнаменту і ілюстрацый, устаноўкай друкарскага абсталявання.

У Вільні Мсціславец заснаваў друкарню пры падтрымцы братоў Зарэцкіх: Іван быў скарбнікам ВКЛ, Зіновій (Зянон) — віленскім бурмістрам. Свой друкарскі варштат Мсціславец змясціў у доме братоў Лукі і Кузьмы Мамонічаў, друкарня якіх існавала на працягу 1574 — 1623 гг. У 1575 г. Пётр Мсціславец выдаў адну з самых сваіх прыгожых кніг — Евангелле напрастольнае. Па-за літургіяй кніга павінна была захоўвацца на самым свяшчэнным месцы храма — прастоле алтара, адсюль назва «напрастольнае» і вялікая адказнасць друкара, пра якую пісаў Мсціславец у пасляслоўі да кнігі.

Пётр Мсціславец з гонарам справіўся з адказнай задачай: яскравае, святочна афармленае Евангелле стала ўзорам для наступных друкароў. Сярод мастацкіх вартасцей кнігі даследчыкі звычайна адзначаюць гравюры з выявамі апосталаў-евангелістаў, якія з’явіліся ў беларускіх старадруках упершыню, застаўкі, гравіраваныя ініцыялы, упрыгажэнні на палях. Гэта так, але кнігазнаўцы несправядліва абыходзяць увагай лёгкія, вытанчаныя, элегантныя, скрозь залітыя чырвонай фарбай 4 ламбарды. У адрозненне ад больш грунтоўных чорна-белых ініцыялаў, упрыгожаных арнаментам, яны аднатонныя, лёгкія, з невялікімі круглымі шышкамі па баках і доўгімі стыльнымі хвосцікамі.

У іх амаль такі ж абрыс і ўзор (невялікае адрозненне ў элементах хвосцікаў-росчыркаў), што ў ламбардаў з Евангелля вучыцельнага 1569 г., толькі ў Евангеллі 1575 г. літары на 2 — 3 см вышэйшыя за папярэднія, што надае ім больш значны, урачысты выгляд. Калі ў друку ламбардаў Евангелля 1569 г. яшчэ можна знайсці ледзь прыкметныя агрэхі, то ў Евангеллі 1575 г. якасць друку бездакорная.

Нам захацелася параўнаць таксама ламбарды Евангелля 1575 г., выразаныя Пятром Мсціслаўцам, і ламбарды Евангелля, выдадзенага ў друкарні Лявона Мамоніча ў Вільні ў канцы 10-х — пачатку 20-х гадоў XVII стагоддзя. Вядома, што ў 1576 г. Пётр Мсціславец з-за канфлікту з Мамонічамі вымушаны быў пакінуць віленскую друкарню. Даследчыкі выказвалі розныя меркаванні наконт сутнасці спрэчкі: абмежаванне самастойнай дзейнасці друкара, адхіленне ад спраў друкарні, прысвойванне яго шрыфтоў і друкарскіх інструментаў, прэтэнзіі Мсціслаўца на кіраванне друкарняй, змены ў стаўленні ўрада да друку кніг для праваслаўных. Верагодна, усё гэта разам паўплывала на спыненне супрацоўніцтва і разрыў.

У 1583 г. друкарня Мамонічаў аднавiла сваю работу. Яна яшчэ доўгія гады была культурна-асветніцкім цэнтрам ВКЛ, але дасягнуць узроўню Мсцiслаўца ў мастацкiм аздабленнi кнiг ужо не ўдалося. Прадпрымальныя Мамонічы практыкавалі перавыданні папулярных кніг, якія карысталіся попытам. Евангелле напрастольнае, скапіраванае з Евангелля 1575 г., было выдадзена яшчэ два разы з аднолькавай датай — 17 ліпеня 1600 г. Гэтыя Евангеллі, за выключэннем пасляслоўя і некаторых акалічнасцей, паўтаралі кнігу Мсціслаўца, але іх упрыгажэнні атрымаліся грубай і спрошчанай копіяй першавыдання.

Па памерах ламбарды ў выданні канца 1610-х — пачатку 1620-х гг. атрымаліся крыху большымі (розніца ў некалькі міліметраў) ад Евангелля 1575 г., узор літар падобны. Але калі прыгледзецца, бачна, што ўсе ламбарды ў выданні 1575 г. зроблены прыгожа, стыльна, дакладна выверана, дапасавана, на высокім прафесійным узроўні. У пазнейшым Евангеллі адбіткі зроблены неахайна: яны нераўнамерна афарбаваныя, ламбард «Л» наогул насоўваецца на тэкст. Мяркуючы па якасці ламбардаў, у друкарні Лявона Мамоніча на той момант імкнуліся перш за ўсё да камерцыйнай выгады і не вельмі клапаціліся пра прыгажосць і выверанасць афармлення выдання.

Кнігі Пятра Мсціслаўца больш за чатыры стагоддзі ўражваюць раскошай і дасканаласцю, захоўваюць і перадаюць талент і высокі ўзровень мастацтва друкара, які выявіўся ў кожнай дробязі, нават у кожнай літары.

Алена ЦІТАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.