Вы тут

1255 крокаў да шчасця


Колькі крокаў да шчасця? Сяргей і Святлана Шаўчукі з Жабінкі падлічылі: 1255. Менавіта праз столькі дзён пасля вяселля ў іх сям'і нарадзіўся сыночак. Уладзіслаў — першынец не толькі ў маладых мамы і таты, але і ўвогуле ў раёне: менавіта ён сваім нараджэннем «адкрыў» лік немаўлятак 2018 года на Жабінкаўшчыне.


Ула­дзі­слаў Шаў­чук з та­там Сяр­ге­ем і ма­май Свят­ла­най.

Бацькі вераць, што іх сыночак з'явіўся пад шчаслівай зоркай, таму 1 студзеня будзе прыносіць яму не толькі падарункі, але і ўдачу, здароўе і добры настрой.

— Я прачытала, што людзі, народжаныя 1 студзеня, становяцца лідарамі, умеюць дабівацца сваёй мэты, — расказвае маладая мама. — Не ведаю, як будзе далей, аднак ужо зараз менавіта сынок вырашае, калі нам, бацькам, можна паснедаць, адпачыць, паспаць. Клопаты вакол малечы — самыя прыемныя. Сяргей з радасцю дапамагае: ён па-майстэрску спавівае дзіця, мые ў ванначцы, падымаецца да Уладзіка ноччу, люляе. Я вельмі шчаслівая, што ў сынулі такі тата.

Святлана любіць трымаць немаўлятка на руках, углядацца ў тварык і знаходзіць у ім рысы каханага мужа.

— Уладзіслаў — тата Сяргей у мініяцюры, — кажа яна. — Падабаецца назіраць, як сыночак усміхаецца, як скручвае вусны трубачкай, нібыта нечаму здзіўляецца. Спадзяюся, што і характарам наш першынец пойдзе ў тату — будзе такі ж вясёлы, пазітыўны, душа кампаніі.

Часам у такія хвіліны Святлана згадвае тую першую і, як аказалася, лёсавызначальную сустрэчу ў цягніку: яны, абодва студэнты-трэцякурснікі (толькі Святлана вучылася на настаўніка матэматыкі і інфарматыкі, а Сяргей — на інжынера па інфармацыйных тэхналогіях), вярталіся з Брэста ў Жабінку з лекцый.

Ёй спадабаўся прывабны хлопец, яго манера разважаць, тонка жартаваць, уменне падтрымліваць гутарку. А Сяргей адразу патануў у яе бяздонных вачах і зразумеў: вось яно, каханне і сэнс жыцця. І хоць легкакрылы Амур ужо злучыў іх закаханыя сэрцы, абодва вырашылі не губляць галавы і спачатку атрымаць дыпломы аб заканчэнні ВНУ. Толькі пасля здачы дзяржіспытаў згулялі вяселле. Сяргей уладкаваўся ў «Белтэлекам», а маладая жонка — настаўнічаць у трэцюю гарадскую школу № 3.

— Я самы шчаслівы чалавек, — кажа Сяргей. — Ёсць прафесія, якая прыносіць задавальненне, пачалі будаваць свой дом, жонка нарадзіла сыночка ды яшчэ ў першы дзень новага года. Чаго не хапае? Бадай, толькі дачушкі...

Святлана БЯЛЯК

Фота Святланы КІСЛАЙ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.