Колькі крокаў да шчасця? Сяргей і Святлана Шаўчукі з Жабінкі падлічылі: 1255. Менавіта праз столькі дзён пасля вяселля ў іх сям'і нарадзіўся сыночак. Уладзіслаў — першынец не толькі ў маладых мамы і таты, але і ўвогуле ў раёне: менавіта ён сваім нараджэннем «адкрыў» лік немаўлятак 2018 года на Жабінкаўшчыне.
Бацькі вераць, што іх сыночак з'явіўся пад шчаслівай зоркай, таму 1 студзеня будзе прыносіць яму не толькі падарункі, але і ўдачу, здароўе і добры настрой.
— Я прачытала, што людзі, народжаныя 1 студзеня, становяцца лідарамі, умеюць дабівацца сваёй мэты, — расказвае маладая мама. — Не ведаю, як будзе далей, аднак ужо зараз менавіта сынок вырашае, калі нам, бацькам, можна паснедаць, адпачыць, паспаць. Клопаты вакол малечы — самыя прыемныя. Сяргей з радасцю дапамагае: ён па-майстэрску спавівае дзіця, мые ў ванначцы, падымаецца да Уладзіка ноччу, люляе. Я вельмі шчаслівая, што ў сынулі такі тата.
Святлана любіць трымаць немаўлятка на руках, углядацца ў тварык і знаходзіць у ім рысы каханага мужа.
— Уладзіслаў — тата Сяргей у мініяцюры, — кажа яна. — Падабаецца назіраць, як сыночак усміхаецца, як скручвае вусны трубачкай, нібыта нечаму здзіўляецца. Спадзяюся, што і характарам наш першынец пойдзе ў тату — будзе такі ж вясёлы, пазітыўны, душа кампаніі.
Часам у такія хвіліны Святлана згадвае тую першую і, як аказалася, лёсавызначальную сустрэчу ў цягніку: яны, абодва студэнты-трэцякурснікі (толькі Святлана вучылася на настаўніка матэматыкі і інфарматыкі, а Сяргей — на інжынера па інфармацыйных тэхналогіях), вярталіся з Брэста ў Жабінку з лекцый.
Ёй спадабаўся прывабны хлопец, яго манера разважаць, тонка жартаваць, уменне падтрымліваць гутарку. А Сяргей адразу патануў у яе бяздонных вачах і зразумеў: вось яно, каханне і сэнс жыцця. І хоць легкакрылы Амур ужо злучыў іх закаханыя сэрцы, абодва вырашылі не губляць галавы і спачатку атрымаць дыпломы аб заканчэнні ВНУ. Толькі пасля здачы дзяржіспытаў згулялі вяселле. Сяргей уладкаваўся ў «Белтэлекам», а маладая жонка — настаўнічаць у трэцюю гарадскую школу № 3.
— Я самы шчаслівы чалавек, — кажа Сяргей. — Ёсць прафесія, якая прыносіць задавальненне, пачалі будаваць свой дом, жонка нарадзіла сыночка ды яшчэ ў першы дзень новага года. Чаго не хапае? Бадай, толькі дачушкі...
Святлана БЯЛЯК
Фота Святланы КІСЛАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[4] https://zviazda.by/be/tags/backi
[5] https://zviazda.by/be/tags/naradzhenne
[6] https://zviazda.by/be/tags/novanarodzhanyya