Вы тут

Колькасць разыграных медалёў на ІІ Еўрагульнях павялічыцца


Пра гэта ў ходзе пасяджэння выканкама Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў расказаў дырэктар фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Георгій Катулін.


— Колькасць разыграных камплектаў медалёў павялічыцца да 208. З'явяцца тры новыя дысцыпліны ў стральбе з лука, яшчэ па дзве вагавыя катэгорыі дададуцца ў жаночай, вольнай і грэка-рымскай барацьбе. На адзін від праграмы стане больш у спаборніцтвах па веславанні на байдарках і каноэ. Гэта мужчыны каноэ-двойка 200 метраў, на гэтай дыстанцыі дзеючым чэмпіёнам свету з'яўляецца беларус Арцём Козыр, — адзначыў дырэктар.

Нагадаем, у праграму ІІ Еўрагульняў увайшлі 15 відаў спорту: бадмінтон, баскетбол 3х3, бокс, барацьба (грэка-рымская, вольная, жаночая), веласіпедны спорт (трэк і шашы), гімнастыка (спартыўная, мастацкая, акрабатыка, аэробіка і скачкі на батуце), грэбля на байдарках і каноэ, дзюдо, каратэ, лёгкая атлетыка, самба, стральба з лука, стральба (кулявая і стэндавая), настольны тэніс, пляжны футбол.

Таксама стала вядома, што краіну-гаспадыню ІІІ Еўрапейскіх гульняў плануюць абраць у канцы 2018 года. Пра гэта паведаміў падчас пасяджэння выканкама Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў у швейцарскай Лазане прэзідэнт гэтай арганізацыі Янез Качыянчыч. У сустрэчы прынялі ўдзел першы віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Андрэй Асташэвіч і Георгій Катулін. Апошні выступіў перад удзельнікамі пасяджэння з прэзентацыяй, ён інфармаваў аб ключавых момантах пры падрыхтоўцы Еўрапейскіх гульняў, змяненняў, якія адбыліся ў параўнанні з апошняй сустрэчай у лістападзе мінулага года. Георгій Катулін расказаў выканкаму аб пагадненнях па супрацоўніцтве з дырэкцыяй такіх буйных кампаній, як «Спорт-пары» (першы аператар электронных інтэрактыўных гульняў у Беларусі) і velcom. Тэлекамунікацыйны аператар набыў статус афіцыйнага аператара сувязі ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года. На вырашальнай стадыі — перамовы па выбары дамашняга тэлевяшчальніка. На гэтую ключавую пазіцыю прэтэндуюць тры міжнародныя кампаніі: іспанская ІSB, партугальская Medіaluso-Medіapro і расійскі «Матч ТБ».

У найбліжэйшы час чакаецца вырашэнне пытання аб выбары ІT-аператара, ужо вызначаны білетны аператар. Кантракт знаходзіцца на стадыі ўзгаднення. Нагадаем, квіткі на турнір для замежных гасцей заменяць візы.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.