Вы тут

Асаблівая прыгажосць


Вельмі важна, каб мы ўмелі яе бачыць...

Алена Жданюк з Валожына, колькі сябе памятае, заўсёды любіла прыдумваць і ствараць сваімі рукамі ўпрыгажэнні, сувеніры і цацкі — увогуле ўсю тую прыгажосць, якую мы цяпер называем замежным словам хэнд-мэйд. А нядаўна яна адважылася і ператварыла сваё хобі ў прафесію.


Напэўна, да гэтага падштурхнула і перамога на конкурсе сацыяльных і бізнес-праектаў, што праходзіў у рамках праекта «Валожын без бар'ераў». Дзякуючы гэтаму дзяўчына стала слухачом стартап-школы і ўдзельнічала ў майстар-класах і кансультацыях па стварэнні і прасоўванні ўласнага бізнесу.

У выніку падчас навучання Алена прыйшла да рашэння рэалізаваць два праекты: адзін — бізнес-праект па стварэнні рэчаў хэнд-мэйд «Лянок-матылёк», другі — сацыяльны праект, у рамках якога яна плануе прыцягваць да рэкламы сваіх упрыгажэнняў людзей з інваліднасцю. Гэты праект атрымаў назву «Асаблівая прыгажосць». Ён прадугледжвае, што дэманстраваць і рэкламаваць створаныя Аленай упрыгажэнні будуць дзяўчаты-мадэлі з сіндромам Даўна. Па словах Алены Жданюк, ужо ёсць дзве такія дзяўчынкі, гатовыя супрацоўнічаць. Іх мамы таксама згодныя.

— Я хачу паказаць, што прыгажосць бывае розная, — сцвярджае Алена. — Хачу, каб, гледзячы на фатаграфіі маіх мадэляў, людзі ні ў якім разе не адчувалі жаль! Наадварот, каб яны бачылі прыгожых дзяўчат, у якіх нешаблонны выгляд. І мне хацелася б, каб бацькі тых дзяцей, у якіх інваліднасць прыкметная вонкава, не хавалі сваіх дзяцей ад свету, а дазволілі ім быць самастойнай часткай гэтага свету.

Дарэчы, у іншых краінах такі вопыт ужо ёсць. Так, у 2015 годзе 18-гадовая мадэль з сіндромам Даўна Мэдлін Сцюарт стала новай зоркай Нью-Ёркскага Тыдня моды. Пасля гэтага Мэдлін і яе маці Разанна пачалі атрымліваць прапановы ад міжнародных мадэльных агенцтваў, і цяпер дзяўчына робіць рэальныя крокі ў мадэльным бізнесе. Гэта вельмі пазітыўны і яскравы прыклад, які паказвае, што ў свеце мяняецца стаўленне да людзей з абмежаванымі магчымасцямі — у многіх краінах яны лічацца нармальнымі членамі грамадства, якім цалкам даступна прафесійная і асабістая рэалізацыя ў самых розных сферах нашага жыцця.

У нашым грамадстве стаўленне да падобных ідэй пакуль яшчэ насцярожанае. Але яно, як і любая іншая грамадская думка, здольна мяняцца. Алена Жданюк лічыць: для таго, каб гэта стаўленне хутчэй памяняць, трэба больш актыўна падключаць да тэмы аўтарытэтных для большасці з нас персон, лідараў, якія дапамаглі б усім нам убачыць, што ў людзей з інваліднасцю ёсць добры патэнцыял. І грамадства можа і павінна гэты патэнцыял развіваць і выкарыстоўваць. «Я зараз шукаю такіх лідараў думак», — кажа Алена.

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.