Вы тут

Ёлка, елка ці ялінка? Разбіраем спрэчныя моманты навагодняй лексікі


Зразумець, як правільна ўжываць святочныя слоўцы, дапамагае стыльрэдактар «Звязды» Леў Глушыцкі.

У сучаснай беларускай літаратурнай мове ёсць шмат спрэчных момантаў. Досыць такіх і ў лексіцы, якая датычыцца зімовых свят.


Раство, Ражджаство, Каляды

Адзін з самых яскравых прыкладаў — пытанне пра Каляды/Раство/ /Ражство/Ражджаство/Нараджэнне Хрыстова. Тут пераплятаюцца праблемы агульнай і тэрміналагічнай лексікі. Беларуская рэлігійная тэрміналогія ўнармаваная не да канца. Таму хрысціянскае свята прадстаўнікі розных канфесій называюць па-рознаму. Самым лагічным варыянтам мы лічым тут Нараджэнне Хрыстова. Але для выкарыстання ў побытавай сітуацыі сярод сваякоў і сяброў гэта занадта складанае абазначэнне. У звычайных выпадках лепш гаварыць і пісаць «З Раством!» або «З Калядамі!». Ражство і Ражджаство — няўдалыя варыянты.

Ёлка, елка, ялінка

Больш пашыраная назва навагодняга дрэва ў літаратуранай мове — ёлка. Тут маем супрацьпастаўленне звычайнага дрэва, што расце ў лесе (елка), і таго, што мы ставім дома і ўпрыгожваем да свят (ёлка). Аднак навагоднюю прыгажуню, сапраўды, называюць і ялінкаю. Напрыклад, у Якуба Коласа чытаем:

А ялінка!.. Чаго толькі
На яе няма галінках!
Свецяць зоркі і вясёлкі
У бліскучых павуцінках.

Тут лісічка, зайчык, мышка,
Рыбкі, буслік даўгавязы.
А як ззяюць на ёй шышкі,
Нібы ў іх гараць алмазы!

Упрыгожванне і ўпрыгажэнне

Трэба памятаць, што працэс, калі мы вешаем цацкі, гірлянды на ёлку/ялінку, называецца ўпрыгожванне. Самі цацкі называць упрыгожваннямі нельга, яны — упрыгажэнні. Яшчэ ёлку можна ўбіраць, прыбіраць, аздабляць.

Снежкі і снегавая баба

Памылку можна дапусціць пад уплывам рускай мовы ў назвах любімых усімі зімовых забаў. Памятайма, што па-беларуску мы гуляем у сне́жкі (у адзіночным ліку — сне́жка), а не ў сняжкі і лепім не снегавіка, а снегавую (снежную) бабу.

Сустракайце святы правільна!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.