Наша газета адной з першых паведаміла пра тое, што ў Віцебску плануюць аднавіць разбураны ў савецкі час касцёл Святога Антонія Падуанскага, які знаходзіўся праз дарогу ад ратушы.
Яшчэ пазалетась у Міністэрстве культуры адобрылі прапанову вернікаў. Вядома і прыблізная «цана пытання» — два мільёны долараў у эквіваленце. Паводле слоў біскупа Алега Буткевіча, кіраўніка Віцебскай рымска-каталіцкай епархіі, грошы здолелі б сабраць, але...
— Пакуль не зразумела, як выйсці з замкнёнага кола. Каб атрымаць дазвол на пачатак будаўнічых работ, патрэбна гарантыя з нашага боку — што не будзе праблем з фінансаваннем. А фінансавае пытанне немагчыма вырашыць, бо для забудовы яшчэ не выдзелены зямельны ўчастак, — агучыў праблему святар.
У СМІ паведамлялася, што храм будзе адноўлены не на тым месцы, дзе калісьці стаяў, а на некалькі метраў далей ад дарогі. У іншым выпадку прыйдзецца звужаць адну з цэнтральных магістраляў — вуліцу Леніна, а ў гарвыканкаме наўрад ці дадуць дабро на гэта. Але ж у цэлым, мясцовая ўлада, як гавораць, дзвюма рукамі «за» будаўніцтва храма.
— Няхай са мной не ўсе будуць згодныя. Але, на маю думку, не прынцыпова, дзе менавіта адновім будынак. І калі не на падмурку, а крыху далей ад дарогі, усё роўна храм упрыгожыць цэнтр Віцебска. Пакуль жа разглядаюцца два варыянты, — разважае святар.
Касцёл Святога Антонія Падуанскага пабудавалі ў XVІІІ стагоддзі. Храм заўсёды быў каталіцкі. У 1899 годзе тут пабываў рускі пісьменнік і паэт, будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Іван Бунін, які быў узрушаны арганам у касцёле, пра што напісаў у адным са сваіх твораў.
Храм закрылі ў 1940 годзе. Да Вялікай Айчыннай там размяшчаўся музей атэізму. Цікава, што сярод яго экспанатаў захоўваліся і мошчы святой Еўфрасінні Полацкай. Каб пераканаць народ, што Бога няма, у касцёле павесілі знакаміты маятнік Фуко. Зрабілі гэта для дэманстрацыі вярчэння нашай планеты па законах фізікі, а не па волі Божай... Падчас вайны храм не быў моцна разбураны — знішчылі яго ў пачатку 1960-х гадоў. На гэтым месцы ў 1980-я гады ўсталявалі фантан, які сімвалізуе тры ракі Віцебска: Віцьбу, Заходнюю Дзвіну і Лучосу.
У абласным цэнтры таксама плануюць надаць другое жыццё былой капліцы, якая знаходзілася на тэрыторыі батанічнага саду. Збудаваную на грошы мецэната ў ХІХ стагоддзі, у савецкія гады яе перабудавалі і аддалі пад патрэбы Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава. Адпаведна будынак знаходзіўся на балансе ВНУ, але доўгі час не эксплуатаваўся. Маленькі храм будзе адноўлены, а прылеглую тэрыторыю добраўпарадкуюць.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?