Вы тут

Прыняты праект рэспубліканскага бюджэту на 2018 год у першым чытанні


Прагназуемы аб'ём даходаў павінен скласці звыш 20 млрд рублёў, бюджэт жа зацверджаны па расходах
у 19,7 млрд беларускіх рублёў. Чакаемы прафіцыт бюджэту — больш за 733 млн рублёў.


Галоўнай задачай развіцця краіны ў наступным годзе стане аднаўленчы рост эканомікі. Упор будзе зроблены таксама на павышэнне яе канкурэнтаздольнасці і стварэнне ўмоў для рэалізацыі мэт Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады.

— У 2018 годзе падатковая нагрузка складзе не больш за 25,5% да ВУП, — паведаміў журналістам міністр фінансаў Уладзімір АМАРЫН. — Гэта значыць, што яна не перавысіць прадугледжанага ўзроўню ў 26% да ВУП, — дадаў ён. Прырост даходаў бюджэту будзе размеркаваны па такіх напрамках, як пенсіі ваеннаслужачых, выдаткі на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу, а таксама на павелічэнне фонду аплаты працы.

Дарэчы, з чаго ж складаецца кансалідаваны бюджэт на 2018 год? 65% — гэта так званыя першачарговыя выдаткі: выплата заработнай платы і трансфертаў насельніцтву, абслугоўванне дзяржаўнага доўгу, набыццё лекаў, прадуктаў харчавання, аплата камунальных паслуг і міжбюджэтныя трансферты. Трэць, што застаецца, — гэта выдаткі на заработную плату ў памеры 10,6 млрд рублёў.

У параўнанні з гэтым годам фонд аплаты працы з налічэннямі павялічыцца на 1,2 млрд беларускіх рублёў, а гэта дазволіць павялічыць сярэднямесячную зарплату супрацоўнікам бюджэтнай сферы да 700 беларускіх рублёў. У выпадку атрымання дадатковых даходаў у бюджэт, яны будуць накіраваныя на дадатковае павышэнне аплаты працы для бюджэтнікаў — з гэтай мэтай будуць сфарміраваны спецыяльныя рэзервовыя фонды.

Акрамя таго, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына КАСЦЕВІЧ спрагназавала, якія сярэднія заробкі будуць у нас у наступным годзе. «Сярэднегадавая зарплата ў Беларусі ў наступным годзе ў залежнасці ад сцэнарыя развіцця эканомікі складзе 921—941 рубель», — адзначыла міністр.

Пры гэтым у рэальным сектары заработная плата перавысіць тысячу рублёў. Што датычыцца дапамогі па беспрацоўі, то яе павышаць у 2018 годзе не плануюць, дадала Ірына Касцевіч.

Калі казаць непасрэдна па артыкулах бюджэту, то сітуацыя наступная: на адукацыю выдзеляць 5,6 млрд, што на 9,6% больш, чым у 2017-м. На ахову здароўя выдзеляць 4,8 млрд — на 3,5% больш, чым цяпер. На спорт і фізкультуру пойдзе сума ў памеры 173,7 млн, на культуру — 100,3 млн, выдаткі на сацыяльную палітыку прырастуць на 3%.

Цікава, што ў 2018 годзе плануюць павышаць пенсіі, аднак толькі аднойчы — аб гэтым паведаміла член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Людміла НІЖЭВІЧ.

— У нас змянілася заканадаўства па пенсійным забеспячэнні, і ў адпаведнасці з ім на працягу года будуць адзін раз перагледжаны пенсіі. Калі — больш прадметна гэта будзе ўдакладнена на працягу года, — дадала дэпутат.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Заробкі і пенсіі — уверх

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.