Вы тут

Дэпутаты прынялі галоўныя фінансавыя дакументы краіны на будучы год


У другім чытанні адобраны бюджэт на 2024 год і змяненні ў Падатковы кодэкс. Праект Закона «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2024 год», які таксама ўваходзіць у пакет бюджэтна-падатковых дакументаў, ужо разгледжаны членамі Савета Рэспублікі. 


Баланс бюджэтаў і сацыяльная накіраванасць расходаў

Даходы рэспубліканскага бюджэту на 2024 год прагназуюцца ў суме 39,9 мільярда рублёў. Асноўнымі крыніцамі падатковых даходаў рэспубліканскага бюджэту стануць падатак на дабаўленую вартасць, акцызы, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці. Расходы рэспубліканскага бюджэту на будучы год запланаваныя ў суме 44,7 мільярда рублёў. Захоўваецца сацыяльная накіраванасць расходаў. У прыярытэце — фінансаванне сфер адукацыі і аховы здароўя, павышэнне якасці жыцця насельніцтва, падтрымка шматдзетных сем’яў. Значную частку бюджэтных расходаў складуць аплата працы, пенсіі, стыпендыі, дапамогі, іншыя выплаты, сродкі на выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў. 

Павышаны падатак на звышдаход і падтрымка маладых спецыялістаў 

Асноўныя кірункі змяненняў у Падатковым кодэксе агучыла член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Святлана Барташ: «Гэта стымуляванне эканамічнага развіцця прадпрыемстваў, фарміраванне даходнай часткі бюджэту краіны, рашэнне дзяржавай сацыяльных праграм і асноўных праграм развіцця». 

Новаўвядзененні, па словах дэпутата, датычацца спагнання звышдаходаў, стымулявання малога бізнесу да ўдасканалення, фіскальных мер, звязаных з інфляцыйнымі працэсамі, навацый у падатковым адміністрыраванні, падтрымкі маладых спецыялістаў і грамадзян з інваліднасцю.

У адносінах да юрыдычных асоб устанаўліваецца падатак у памеры 25% на гадавы прыбытак звыш 25 мільёнаў рублёў. Што датычыцца фізічных асоб, то стаўка падаходнага падатка павышаецца да 25% на гадавы даход звыш 200 тысяч рублёў. «Калі глядзець персанальна, то гэта закране прыкладна каля дзвух тысяч чалавек, у якіх сярэднямесячны даход прывышае 16700 рублёў у месяц», — удакладніла парламентарый.

Павышаны падатак будуць плаціць і ўладальнікі аўтамабіляў павышанай камфортнасці, якія эксплуатуюцца не менш як на працягу трох гадоў. Такое новаўвядзенне закране ўладальнікаў 11 марак аўтамабіляў: Audi, Mercedes, Jaguar, Bentley і іншых. 

Улічылі заканатворцы і сучасны падыход у працэсе адміністрыравання. У прыватнасці, індывідуальныя прадпрымальнікі будуць абавязаны прадастаўляць справаздачу толькі ў электронным выглядзе, а не ў папяровым, як было раней. 

Святлана Барташ адзначыла і падтрымку пэўных груп. «Мы падтрымліваем нашых маладых спецыялістаў, якія прыходзяць на працу пасля заканчэння навучальных устаноў. На працягу сямі гадоў штомесячна для іх прадугледжаны вылік па падаходным падатку ў памеры мінімальнай заработнай платы. Будуць атрымліваць ільготы прадпрыемствы, дзе працуе звыш 30% грамадзян з інваліднасцю». 

Узмацненне кантролю за зместам рэкламы 

Законапраектам «Аб змяненні законаў па пытаннях рэкламы» ўводзіцца забарона на аказанне паслуг па размяшчэнні рэкламы ў інтэрнэце юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія не ўключаны ў Рэестр рэкламараспаўсюджвальнікаў. Мяняецца парадак узгаднення вонкавай рэкламы і рэкламы на транспарце. Удакладняюцца патрабаванні па яе размяшчэнні на помніках архітэктуры і іншых аб’ектах нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. Здымаецца шэраг абмежаванняў у рэкламе слабаалкагольных напояў. Лібералізуюцца патрабаванні да тэлевізійнай і адыёрэкламы.

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў вызначыў тры асноўныя кірункі, па якіх прадугледжана карэкціроўка заканадаўства аб рэкламе. «Па-першае, узмацненне жорсткасці кантролю за зместам рэкламы і забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі, — канкрэтызаваў ён. — Па-другое, пашырэнне магчымасці для суб’ектаў бізнесу: рэкламараспаўсюджвальнікаў і рэкламадаўцаў. Па-трэцяе, гэта, вядома, абарона правоў спажыўцоў у гэтай сферы».

Дыскусійным з’яўляецца пытанне ўзгаднення рэкламнай прадукцыі. «Для суб’ектаў гаспадарання нічога не мяняецца, — адзначыў міністр. — Яны як падавалі ў „адно акно“, так і будуць падаваць і атрымліваць у „адным акне“ дакументы на рэкламу. Але ўнутры гар-райвыканкамаў будзе ісці сувязь з вобласцю па ўзгадненні сюжэту або карцінкі». Прапануецца пашырыць час рэкламы на тэлебачанні і радыё, будзе дазволена змяшчаць ўсплываючую і тэкставую рэкламу ў кароткіх перадачах. 

Функцыянаванне таварыстваў уласнікаў — па новых правілах 

Шэраг заканадаўчых навацый накіраваны на павышэнне эфектыўнасці работы таварыстваў уласнікаў. Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Віктар Нікалайкін патлумачыў. «У прыватнасці, большымі паўнамоцтвамі надзяляюцца мясцовыя органы ўлады, якія будуць мець права ў выпадку неабходнасці спыняць работу таварыстваў уласнікаў. Прычым мы прапануем спрошчаны механізм ліквідацыі такіх таварыстваў уласнікаў. З мэтай навядзення парадку ў пытаннях фінансаў прадугледжана стварэнне мэтавага фонду пры мясцовых органах улады, адкрыццё спецыяльнага рахунку, куды будуць пералічвацца ўсе сродкі, якія збіраюцца і выкарыстоўваюцца толькі па мэтавым прызначэнні на капітальны рамонт жылфонду». 

Выканкамы будуць мець права адмовіць ва ўзгадненні кандыдатуры на пасаду старшыні праўлення арганізацыі ўласнікаў, калі на працягу апошніх трох гадоў у адносінах да кандыдата было прынята рашэнне аб ануляванні пасведчання аб праходжанні прафесійнай атэстацыі. Прадугледжана магчымасць ліквідацыі арганізацыі ўласнікаў па рашэнні мясцовага выканаўчага і распарадчага органа па месцы яе знаходжання ў выпадку невыбрання старшыні праўлення арганізацыі ўласнікаў і (або) неажыццяўлення сваёй дзейнасці на працягу трох месяцаў запар. У гэтай сітуацыі новае таварыства ўласнікаў можа быць створана па заканчэнні трох гадоў. Грамадзянін можа займаць пасаду старшыні праўлення ў адной арганізацыі ўласнікаў (таварыстве ўласнікаў або арганізацыі забудоўшчыкаў). Яшчэ важнае новаўвядзенне — арганізацыі ўласнікаў павінны быць створаны на базе аднаго шматкватэрнага жылога дома. Арганізацыі ўласнікаў, створаныя раней на базе некалькіх шматкватэрных жылых дамоў, якія не размешчаны на суседніх (смежных) зямельных участках, на працягу года павінны быць рэарганізаваны або ліквідаваны.

Рэлігійныя арганізацыі павінны будуць прайсці перарэгістрацыю 

У другім чытанні адобраны законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый». У новай рэдакцыі выкладаецца Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», шэраг змяненняў плануецца ўнесці ў Грамадзянскі кодэкс. 

Як расказала член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Людміла Здорыкава, у закон закладваюцца новыя сучасныя падыходы ў арганізацыі ўзаемадзеяння дзяржавы і рэлігійных арганізацый. Істотна абнаўляецца паняційны апарат. Акрамя таго, што рэдакціруюцца дзеючыя тэрміны, уносяцца новыя паняцці: такія, як «рэлігійная нядзельная школа», «рэлігійнае асветніцтва», «культавы будынак, збудаванне», «абшчына» і шэраг іншых. 

Упершыню на заканадаўчым узроўні замацоўваецца такое паняцце, як місіянерская дзейнасць. Удакладняюцца мэты і задачы паломніцкай дзейнасці, працэдура стварэння і дзяржаўнай рэгістрацыі рэлігійных арганізацый. «Для таго, каб было створана рэспубліканскае рэлігійнае аб’яднанне, абавязковым патрабаваннем будзе з’яўляцца наяўнасць у яго складзе рэлігійных абшчын, якія будуць ажыццяўляць сваю дзейнасць на тэрыторыі абсалютна ўсіх абласцей нашай краіны і горадзе Мінску, — заўважыла парламентарый. — Таксама павялічваецца мінімальны колькасны цэнз такіх рэлігійных абшчын з 10 да 15. І да рэспубліканскага, і да мясцовага рэлігійнага аб’яднання будзе прад’яўляцца патрабаванне наяўнасці ў яго складзе рэлігійнай абшчыны, якая дзейнічае на тэрыторыі нашай краіны, не менш як 30 гадоў». 

Прадугледжана, што на базе рэлігійных арганізацый можна будзе ствараць або структурныя падраздзяленні, або юрыдычныя асобы, якія змогуць аказваць сацыяльныя паслугі насельніцтву. Таксама ўлічана магчымасць стварэння дзіцячых дамоў пры манастырах, задачы і парадак дзейнасці якіх будзе кантраляваць і вызначаць Міністэрства адукацыі. Дэталёва ўдакладняюцца патрабаванні, якія будуць прад’яўляцца да кіраўнікоў, заснавальнікаў рэлігійных арганізацый, парадак іх ліквідацыі. Пасля прыняцця закона ўсе рэлігійныя арганізацыі нашай краіны павінны будуць на працягу года прывесці свае статуты ў адпаведнасць з законам, падрыхтаваць неабходныя матэрыялы, падаць іх у рэгіструючыя органы па кампетэнцыі для перарэгістрацыі або прыняць рашэнне аб ліквідацыі. 

Шэраг змяненняў закране і заканадаўства, якое датычыцца абыходжання з генетычнымі рэсурсамі, аховы азонавага слою дзяржаўных узнагарод, пытанняў ліцэнзавання, дзейнасці органаў пракуратуры. Ратыфікавана Пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Рэспублікі Нікарагуа аб узаемнай адмене візавых патрабаванняў. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.