Вы тут

Еўропа супраць ЗША. Лёгкаатлетычная бітва пройдзе ў Беларусі


У свеце спорту такая падзея адбудзецца ўпершыню, а прыме яе сталіца 9—10 верасня 2019 года. Спаборніцтвы пройдуць на абноўленым стадыёне «Дынама». Ён будзе адпавядаць усім патрабаванням спартыўнага аб'екта, які можа прымаць чэмпіянаты свету і Еўропы па лёгкай атлетыцы. Ідэя правядзення міжнароднага матча Еўропа — ЗША належыць прэзідэнту Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Свену Арнэ Хансэну. Падтрымку ў правядзенні гэтай спартыўнай падзеі ў сталіцы Беларусі выказаў і кіраўнік дзяржавы, Прэзідэнт НАК Аляксандр Лукашэнка.


Спадар Хансэн адзначыў, што ўражаны развіццём Беларусі ў сферы спорту, таму, калі выбіраўся горад, у якім пройдзе матч, вялікіх сумненняў не было, хоць на званне гаспадароў турніру прэтэндавалі такія буйныя гарады, як Лондан і Осла.

— Мінск — гэта схаваная жамчужына Еўропы. Многія людзі не ведаюць нічога пра гэты горад, а па прыездзе сюды дзівяцца, наколькі ён надзвычайны і прыгожы. Я ўпэўнены, што гэты матч дапаможа развіццю спартыўнага турызму вашай краіны. Ён пройдзе ў 2019-м невыпадкова, на сусветнай арэне ў лёгкай атлетыцы ў гэты год не шмат буйных лёгкаатлетычных спаборніцтваў. Чэмпіянат свету пройдзе ў Катары, таму нам хацелася б прывезці штосьці і ў Еўропу, — расказвае Хансэн. — Гэтыя даты выбраны таксама невыпадкова, мы шмат думалі над імі, амерыканскія спартсмены таксама настойвалі менавіта на гэтым часе. На турніры будуць прадстаўлены ўсе віды бегу да 3 тысяч метраў, усе віды кідання і скачкоў. Таксама пройдуць эстафеты, якія, хутчэй за ўсё, будуць змяшанымі, бо на Алімпіядзе ў Токіа эстафеты будуць менавіта такія. Мы хочам максімальна запоўніць стадыён «Дынама» гледачамі, таму паспрабуем, каб у матчы прынялі ўдзел максімум беларускіх атлетаў, са свайго арганізатарскага вопыту ведаю, што стадыён запоўніцца толькі ў тым выпадку, калі будуць прадстаўлены мясцовыя спартсмены, — паведаміў прэзідэнт Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі.

Плануецца, што ў кожным відзе праграмы спаборніцтваў будуць прадстаўлены па чатыры атлеты з каманды Еўропы і каманды ЗША. Усяго ўдзел у матчы прымуць 72 жанчыны і 72 мужчыны, плюс эстафетныя каманды. Адбор будзе будавацца на аснове камандных спаборніцтваў, якія пройдуць у 2019 годзе. Усе дэталі кваліфікацыі, бюджэту лёгкаатлетычнага турніру, сумы прызавых будуць вядомыя, калі спартыўныя функцыянеры падпішуць кантракт. Чакаецца, што гэта адбудзецца ў красавіку наступнага года.

Міністр спорту і турызму Беларусі Аляксандр Шамко адзначыў, што для нашай краіны гэта будзе чарговая буйная падзея сусветнага маштабу.

— Лёгкаатлетычныя спаборніцтвы адны з самых папулярных у свеце, яны заўсёды збіраюць поўныя стадыёны. За апошнія 5 гадоў мы практычна ў тры разы павялічылі колькасць сусветных спартыўных форумаў, якія праводзяцца ў Беларусі, — ад 25 у 2012 годзе да практычна 80 да 2018-га. Гэта паказчык прызнання нашай краіны на сусветнай спартыўнай арэне, паказчык добрага ўзроўню інфраструктуры, транспартных зносін, гасцінічнага бізнесу, — падкрэсліў Аляксандр Ігаравіч.

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі ў сваю чаргу адзначыў, што для айчынных спартсменаў гэты турнір стане добрай матывацыяй выступаць паспяхова, каб у 2019 годзе быць у топ-4 еўрапейскіх атлетаў і трапіць у зборную Еўропы.

— Матч у Мінску пройдзе за два тыдні да чэмпіянату свету ў Катары, для элітных лёгкаатлетаў ён стане генеральнай рэпетыцыяй планетарнага першынства, таму ў нас ёсць падставы разлічваць, што да нас прыедуць найлепшыя спартсмены свету. Прыемна, што сёння мы маем такі высокі ўзровень даверу. Жыхары нашай краіны любяць спорт, умеюць хварэць, гэта мы бачылі нядаўна ў тэнісным Кубку Федэрацыі, камандным чэмпіянаце Еўропы ў бегу на 10 тысяч метраў, таму такая падзея стане добрым штуршком для развіцця лёгкай атлетыкі ў Беларусі, — адзначыў Дзевятоўскі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Мінск падтрымлівае ўзровень аднаго з самых спартыўных гарадоў свету

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладзечна прэтэндуе на званне беларускай сталіцы стрыт-фуду

Маладзечна прэтэндуе на званне беларускай сталіцы стрыт-фуду

Карэспандэнт «Звязды» ацаніла гастранамічны патэнцыял горада.

Грамадства

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Як у Беларусі развіваецца сектар беспілотнікаў

Ён малады — сёлета яму спаўняецца 10 гадоў.

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.