Вы тут

Сотні работ паступілі на конкурс па стварэнні талісмана Еўрагульняў


Аб гэтым паведаміў міністр інфармацыі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА на тэму «Беларусь рыхтуецца да Еўрагульняў-2019». На думку міністра, з тэхнічнага пункту гледжання эскізы выкананы на высокім узроўні, аднак «хацелася б больш крэатыву».


— Малюнкаў пакуль некалькі сотняў. Але эскізы, на мой погляд, не адлюстроўваюць у поўнай меры тыя ідэі, якія закладзены ў палажэнні, — лічыць Аляксандр Карлюкевіч.

Большасць аўтараў работ — навучэнцы школ і ўстаноў з мастацкім ухілам. Аўтар найлепшага эскіза атрымае пакет білетаў на самыя відовішчныя мерапрыемствы спаборніцтваў — уключаючы цырымоніі адкрыцця і закрыцця, заявіў намеснік дырэктара фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Анатоль КОТАЎ. Прадугледжаны і іншыя прызы — гэта камплект экіпіроўкі спартсменаў нацыянальнай зборнай Беларусі, а таксама сам талісман, выраблены на аснове эскіза аўтара.

Найлепшую работу выберуць прафесіяналы: арганізатары конкурсу супрацоўнічаюць з Акадэміяй мастацтваў і яе рэктарам Міхаілам Баразной. Конкурс плануецца завяршыць 15 лістапада, аднак калі ўзнікне неабходнасць, то тэрмін будзе працягнуты. Важна, каб талісман адпавядаў слогану «Brіght year, brіght you» («Яркі год, яркі ты»), руская варыяцыя лозунга — «Время ярких побед» і беларуская — «Час яскравых перамог».

Дарэчы, першыя білборды са слоганам ІІ Еўрапейскіх гульняў ужо з'явіліся ў сталіцы ўздоўж праспекта Пераможцаў. «Пасля іх устаноўкі было прынята рашэнне дадаць у афармленне рэкламы Гульняў-2019 яшчэ больш фарбаў. Паступова горад будзе пераўтварацца», — дадаў Анатоль Котаў. Маляўніча аформяць гарадскі і пасажырскі транспарт.

Інфармацыйная кампанія дапоўніцца і афіцыйным сайтам спаборніцтваў, які будзе запушчаны ў першыя дні лістапада на некалькіх мовах — англійскай, рускай і беларускай. «Што ж датычыцца работы з сацыяльнымі сеткамі, ужо ёсць групы, старонкі, на якіх размяшчаецца інфармацыя аб ходзе падрыхтоўкі да Еўрапейскіх гульняў. Гэта рэсурсы Белтэлерадыёкампаніі «Беларусь 1», «Беларусь 5», дзе дастатковая колькасць падпісчыкаў. Безумоўна, Еўрагульні будуць прадстаўлены ў розных сацыяльных сетках», — падкрэсліў Аляксандр Карлюкевіч.

Усяго на Еўрапейскіх гульнях чакаецца каля 30 тысяч турыстаў — такі прагноз зроблены на падставе вопыту чэмпіянату свету па хакеі і вопыту Баку. «Гэта лічба з вельмі вялікай агаворкай, паколькі Баку быў далёка, толькі авіязносіны туды былі дастаткова дарагімі. У нашым выпадку чакаецца значна больш турыстаў», — сказаў Анатоль Котаў.

Дарэчы, арганізатары Еўрапейскіх гульняў разглядаюць некалькі варыянтаў бязвізавага ўезду ў Мінск гасцей: бязвізавы рэжым для асоб, якія будуць прымаць удзел у Еўрагульнях, доступ у краіну па акрэдытацыі. Яшчэ адна магчымасць — бязвізавы ўезд у Мінск па білеце на спаборніцтвы. Паралельна абмяркоўваецца магчымасць павелічэння тэрміну бязвізавага знаходжання ў нашай краіне да 10 дзён.

Асвятленнем маштабнага мерапрыемства будзе займацца больш як тысяча прадстаўнікоў СМІ, расказаў міністр інфармацыі. Акрэдытацыя пачнецца за год да спаборніцтваў. Галоўны медыяцэнтр будзе размешчаны ў Футбольным манежы на праспекце Пераможцаў. Аляксандр Карлюкевіч дадаў, што канал «Еўраньюс», а таксама буйныя PR-агенцтвы Вялікабрытаніі, Германіі і Расіі выказалі гатоўнасць да асвятлення Еўрагульняў-2019, плануюцца перагаворы.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zviazda.by

ФОТА БЕЛТА

Загаловак у газеце: Набліжаецца час яскравых перамог

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.