Вы тут

Мікалай Чаргінец: Чалавек павінен разумець сваю ролю ў грамадстве


Чарговая ініцыятыва Саюза пісьменнікаў Беларусі — стварэнне Грамадска-палітычнага кансультатыўнага савета пры творчым аб’яднанні. Якія мэты будуць стаяць перад новым органам, якія задачы ён павінен вырашаць і хто будзе іх выконваць, расказвае Ганаровы старшыня творчай суполкі Мікалай Чаргінец.


— Мікалай Іванавіч, каму належыць ідэя стварэння Грамадска-палітычнага кансультатыўнага савета пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі?

— Ініцыятыва старшыні нашай творчай арганізацыі Аляксандра Карлюкевіча. Я яе падтрымаў, таму што мы, пісьменнікі, разумеем, наколькі няпростае становішча цяпер у свеце. Зразумела, міжнародныя падзеі адбіваюцца і на становішчы ўнутры Беларусі. У наяўнасці шмат праблем, якія нельга губляць з поля зроку. Сярод іх — абяленне фашызму. На жаль, у Беларусі, краіне, дзе ў гады Другой сусветнай вайны ад рук фашыстаў загінуў кожны трэці, цяпер ёсць людзі, якім падзеі таго перыяду падаюцца не вельмі жудаснымі, і якія прымяншаюць ролю Савецкага Саюза, такім чынам, і беларусаў у Перамозе. Гэта разбэшчвае грамадства.

— Якім чынам гэта тычыцца сучасных пісьменнікаў?

— Усё часцей і часцей з’яўляюцца кнігі, якія ідуць на шкоду выхаванню, псіхалогіі ды ідэалогіі. Самае галоўнае — савет павінен заняць пазіцыю ў дачыненні да нашых пісьменнікаў, дапамагаць ім разбірацца ў палітычным становішчы.

— Некаторыя могуць пачаць спрэчку, маўляў, навошта творцу палітыка...

— Яны не маюць рацыі. Аўтар не можа быць па-за палітыкай, асабліва ў цяперашнія часы. Трэба разумець гэта і дапамагаць творцу аналізаваць, бо некаторыя зусім не арыентуюцца. Да таго ж напісаць кнігу супраць інтарэсаў краіны і лічыць сябе нацыянальным пісьменнікам нельга. А гэтага хапае.

— Якія мэты павінен выконваць новы савет?

— Пакуль працуем над палажэннем, у якім яны будуць дакладна абазначаны. У найбліжэйшы час мы збяромся ўпершыню і абдумаем самыя важныя пытанні. Яны будуць закранаць найбліжэйшую будучыню, не плануем заскакваць наперад. Сярод таго, што хочацца абмеркаваць, — наша пазіцыя па ўмацаванні стасункаў Беларусі і Расіі. Цяпер складаны час. Мы спачуваем Расіі, аднак ёй неабходна падтрымка збоку як мага большай колькасці дзяржаў. Натуральна, тут і наша краіна можа сыграць пэўную ролю. А Грамадска-палітычны кансультатыўны савет здолее паспрыяць выпрацоўцы крокаў краіны на знешнепалітычнай арэне.

— Зразумела, гэтая тэма самая балючая. Аднак сярод найбольш важнага таксама іншыя пытанні, якія плануецца абмеркаваць, а затым, магчыма, выкарыстаць у якасці задач?

— Асаблівая ўвага — клопату аб падрастаючым пакаленні. Мы павінны рабіць усё, каб выхоўваць нашу моладзь у духу адданасці Радзіме, павагі да яе галоўных каштоўнасцей. Гэта дапаможа стварыць вобраз мыслення і паводзін асобы, якія спрыяюць развіццю нашай дзяржавы. 

— Што яшчэ хвалюе вас у гэтым рэчышчы?

—У 2020 годзе пахіснуліся многія грамадскія арганізацыі. Саюз пісьменнікаў Беларусі не завагаўся. Аднак і ў нашай суполцы знайшліся хай адзінкі, але тыя, хто стаў на бок беспарадкаў. Важна, каб нашы пісьменнікі і іх творы працавалі на карысць краіны, інтарэсаў дзяржавы, імкнуліся данесці да моладзі многія паняцці, у тым ліку палітычнай прыстойнасці. Чалавек павінен разумець сваю ролю ў грамадстве, асэнсоўваць свій абавязак па ўмацаванні пазіцый краіны, яе эканамічнай і палітычнай магутнасці. Увогуле, шмат пытанняў хацелася б узняць, аднак рашэнне па стварэнні савета прынята толькі-толькі. На дадзены момант прымаем прапановы, у тым ліку і ад газеты «Літаратура і мастацтва». Спадзяёмся на цеснае супрацоўніцтва як для паляпшэння якасці кнігавыдання, так і для вырашэння тых пытанняў, пра якія сёння гутарылі.

— Ці абмяркоўвалася, хто будзе ўваходзіць у Грамадска-палітычны кансультатыўны савет?

— Многія актыўна падтрымалі ідэю стварэння савета і выказалі жаданне паўдзельнічаць. Так, у склад увайшоў цэлы шэраг пісьменнікаў нашай арганізацыі. Усіх, зразумела, пералічыць не змагу, аднак некаторых згадаю. Натуральна, гэта кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў. Увайші ў савет і Вадзім Гігін, Іван Юркін, Сяргей Мусіенка, Анатоль Аўруцін, Андрэй Мукавозчык, Вячаслаў Бандарэнка, Ірына Аўсеп’ян, Навум Гальпяровіч, Наталля Голубева, Ніна Чайка... Людзей, якія думаюць і разбіраюцца ў сучаснай палітыцы, дастаткова. Плануем запрашаць рэдактараў газет і часопісаў. Разлічваем далучыць да ўдзелу і прафесійных палітыкаў — будзем звяртацца ў Міністэрства замежных спраў. З Міністэрства інфармацыі пагадзіўся ўзаемадзейнічаць Уладзімір Андрыевіч. Ужо звязаліся з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, якая пагадзілася на супрацоўніцтва... Наперадзе пачатак працы.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся Дробава

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.