Вы тут

Ці здолее Каталонія дабіцца незалежнасці?


Каталонія апошнім часам зноў у «топе» стужак навін сусветных інфармагенцтваў. На 1 кастрычніка тут прызначаны рэферэндум аб незалежнасці ад Іспаніі. Плебісцыт, запэўніваюць мясцовыя палітыкі, адбудзецца нягледзячы на ўсе пагрозы Мадрыда. Урад краіны, у сваю чаргу, катэгарычна супраць і пагражае сепаратыстам самымі жорсткімі мерамі. Як сцвярджаюць аналітыкі, Іспанія цяпер на парозе глыбокага палітычнага крызісу, якога не бачыла з заканчэння грамадзянскай вайны ў 1936 годзе. Чым гэтым разам абернецца палітычнае супрацьстаянне Мадрыда і Барселоны?


Сярпом па кароне

Карані канфлікту «памерам» амаль з тысячагоддзе. Каралеўства Арагон, якое размяшчалася прыкладна на той жа тэрыторыі, што і сённяшняя Каталонія, з'явілася ў ХІ стагоддзі — тады ж, калі і каралеўства Кастылія, з якога паўстала сучасная Іспанія. У 1516 годзе кароль Арагона і каралева Кастыліі пабраліся шлюбам і аб'ядналі свае землі, якія, аднак, фармальна заставаліся рознымі дзяржавамі, хоць і з адной кіруючай дынастыяй. Іспанская мова паступова пачала адцясняць каталонскую, а з часам справа дайшла да таго, што іспанскія каралі задумаліся аб адмене каталонскай аўтаноміі (якая надавала рэгіёну пэўныя прывілеі). У 1640 годзе гэта прывяло да паўстання, вядомага як Вайна жняцоў — у ім прымалі актыўны ўдзел сяляне, якія выкарыстоўвалі сярпы ў якасці зброі. Каталонская знаць абвясціла аб незалежнасці ад іспанскай кароны і абвясціла рэспубліку. Іспанцы мяцеж задушылі, а ў пачатку ХVІІІ стагоддзя канчаткова ліквідавалі аўтаномію правінцыі. Вайна жняцоў стала першай спробай нацыянальнага самавызначэння каталонцаў, а «Песня жняцоў», якая з'явілася ў тыя гады, дасюль з'яўляецца гімнам Каталоніі.

У ХІХ стагоддзі Каталонія стала прамысловым сэрцам Іспаніі, і ў каталонскай інтэлігенцыі і палітыкаў усё часцей сталі ўзнікаць думкі: а ці так ужо патрэбна Іспанія каталонскаму народу? Да канца ХІХ стагоддзя ўспаміны пра кароткую, але страчаную незалежнасць правінцыі сталі папулярнай тэмай для абмеркавання і ў публіцыстыцы. Зорны час каталонскай незалежнасці прыпаў на перыяд Другой рэспублікі, якая была абвешчана ў краіне ў 1931 годзе пасля падзення манархіі. Да таго часу ў рэгіёне ўжо існаваў моцны сепаратысцкі рух, дзякуючы якому ў 1932-м ён атрымаў аўтаномны статус, быў сфарміраваны рэгіянальны ўрад — жэнералітат (урад). Каталонія стала адной з галоўных апор маладой рэспублікі.

Новая песня

Адказам на перамогу левых стаў правы мяцеж Франка. У краіне пачалася грамадзянская вайна, у якой паўсталага генерала падтрымалі Германія і Італія, а рэспубліцы аказаў падтрымку Савецкі Саюз. Каталонія аказвала асабліва моцны супраціў франкістам і пала пад ударамі мяцежнікаў адной з апошніх. Упартасць каталонцаў тлумачылася двума фактарамі: па-першае, Франка лічыў, што каталонская мова не мае права на існаванне, а аўтаномія павінна быць ліквідаваная. Па-другое, прамысловая Каталонія была пралетарскім рэгіёнам — тут налічвалася велізарная колькасць левых аб'яднанняў, варожых ваеннай дыктатуры Франка. Менавіта ў каталонскім анархісцкім апалчэнні ваяваў англійскі рэспубліканскі добраахвотнік — пісьменнік Джордж Оруэл.

Але рэспубліка змагла пратрымацца толькі тры гады. У 1939-м Франка атрымаў перамогу. Пачалося масавае знішчэнне палітычных праціўнікаў рэжыму. Новыя ўлады ліквідавалі аўтаномію, актывісты беглі з краіны або былі арыштаваныя, прычым арышт нават здаваўся дабром, таму што ў першыя гады забойствы без суда і следства былі звычайнай практыкай. У 1940-я гады краіна была царствам тэрору, але пазней рэжым Франка некалькі памякчэў. Іспаніі патрабаваліся добрыя адносіны з НАТА і еўрапейскімі суседзямі, а таксама эканамічны рост.

Але ў культурных адносінах каталонцы жыць лягчэй не сталі. Каталонскія культура і мова знаходзіліся пад строгай забаронай. Размовы на каталонскай мове не дапускаліся не толькі ў публічных месцах, але і ў побыце: за гэта пагражаў штраф, а ў асобных выпадках — нават турэмнае зняволенне. Любыя праявы каталонскага нацыяналізму строга душыліся, забараняліся нават надмагіллі на каталонскай. Сітуацыя трохі змянілася толькі ў другой палове 1960-х гадоў, калі каталонскую мову пачалі абмежавана выкарыстоўваць у некаторых рэгіянальных СМІ. У 1968 годзе на конкурсе «Еўрабачання» Іспанію прадстаўляў спявак з Каталоніі Жуан Мануэль Серат. Ён адмовіўся спяваць на іспанскай мове, і ўлады ледзь паспелі замяніць выканаўцу, каб ён не выступіў на галоўнай музычнай еўрапейскай пляцоўцы на каталонскай (пазней Серат быў выгнаны з краіны). Сярод музыкаў развіўся цэлы рух «Новая песня» (Nоvа Саncо), прыхільнікі якога спявалі толькі на каталонскай мове. А песня Люіса Льяка «Слуп» стала гімнам пратэстных рухаў у розных краінах свету.

Шампанскае скончылася

Састарэлы дыктатар Франка памёр у 1975-м, яго кіраванне працягвалася амаль 40 гадоў. Пасля яго смерці пачаўся працэс дэмантажу дыктатуры. Расстацца з мінулым асабліва імкнуліся ў Каталоніі — існуе нават легенда, што ў дзень смерці Франка ў крамах Барселоны раскупілі ўсё шампанскае. У 1978-м новая Канстытуцыя Іспаніі прызнала афіцыйны статус усіх моў, якія з'яўляюцца традыцыйнымі для народаў, што насяляюць краіну. Іспанія, паводле асноўнага закона, была прызнана шматнацыянальнай дзяржавай. У 1979 годзе Каталонія атрымала статус аўтаноміі ў спрошчаным парадку, паколькі ўжо валодала ім у гады Другой рэспублікі, быў адноўлены жэнералітат. Аднак каталонцы так і не атрымалі колішняга самакіравання.

У 2006 годзе ўлады Іспаніі і Каталоніі падпісалі дагавор, які надаваў рэгіёну значную адміністрацыйную і фінансавую незалежнасць, аднак у 2010-м Канстытуцыйны суд Іспаніі адмяніў некаторыя палажэнні гэтага дакумента. Гэта прывяло да шматлікіх акцый пратэсту, а таксама да ідэі рэферэндуму. Неафіцыйныя «трэніровачныя» плебісцыты аб незалежнасці ўжо праводзіліся ў 2009 і 2011 гадах. У 2014-м такая спроба была заблакаваная Канстытуцыйным судом Іспаніі, таму замест яго ў Каталоніі правялі «грамадзянскае апытанне»: амаль 81% тых, хто прагаласаваў, выступілі за аддзяленне ад Іспаніі.

Галоўны камень спатыкнення — не самабытнасць, а эканоміка. Каталонія заўсёды была ключавым рэгіёнам у эканамічным плане краіны. Яна вырабляе 20% іспанскага ВУП і з'яўляецца адным з галоўных донараў для больш бедных рэгіёнаў поўдня Іспаніі. Эканоміка Каталоніі даволі разнастайная: і магутная прамысловасць, і фінансавы сектар, і сучасная сельская гаспадарка. Немалыя багацці прыносіць рэгіёну турызм. Сталіца Каталоніі Барселона з'яўляецца трэцім у Еўропе горадам па наведванні турыстамі і найбуйнейшым портам на Міжземным моры.

«Крызіс узнік не ўчора і звязаны з тым, што Каталонія мае недастатковую аўтаноміі ад Іспаніі. На думку прыхільнікаў рэферэндуму, цэнтр недастаткова паважае яе мову і культуру. Акрамя таго, Каталонія плаціць у дзяржбюджэт больш, чым атрымлівае на развіццё рэгіёна», — адзначыла для gаzеtа.ru старшы навуковы супрацоўнік Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін РАН Кацярына Чаркасава. Штогод Каталонія папаўняе дзяржаўную казну Іспаніі на суму каля €62 млрд. Аб'ём трансфертаў пры гэтым складае толькі €45 млрд. У 2003 годзе ў рэгіён было накіравана каля 16% ад агульных бюджэтных сродкаў, а ў 2015-м — 9,5%.

Дату чарговага рэферэндуму вызначыў жэнералітат Каталоніі. Нягледзячы на тое, што іспанскі Канстытуцыйны суд прызнаў плебісцыт незаконным, спаслаўшыся на канстытуцыю, якая не прадугледжвае самавызначэння рэгіёнаў. Рэферэндум аб аддзяленні ад Іспаніі — «апошняе, чаго хацела б цяпер каталонскае грамадства», — заявіў прэм'ер-міністр Іспаніі Марыяна Рахой Брэй. І як быццам адказваючы яму, старшыня ўрада аўтаномнай вобласці Карлес Пучдэмон-і-Казамажа абвясціў адзінае пытанне плебісцыту, прапанаванае жыхарам правінцыі: «Ці хочаце вы, каб Каталонія стала незалежнай дзяржавай з рэспубліканскай формай праўлення?»

Мадрыд пачаў ціснуць на Каталонію эканамічна — паспрабаваў стрымаць падрыхтоўку да галасавання аб незалежнасці, запатрабаваўшы штотыднёвых справаздач аб усіх фінансах, каб пераканацца, што рэгіянальныя бюджэтныя сродкі не трацяцца на рэферэндум. 14 верасня Каталонія адмовілася даваць справаздачу аб тратах і паспрабавала аспрэчыць знешні кантроль над сваімі фінансамі. 20 верасня грамадзянская гвардыя Іспаніі пачала ператрусы і затрыманні. Пад варту ўзялі не менш за 14 супрацоўнікаў міністэрстваў эканомікі, замежных спраў, працы і сацыяльнай абароны, а таксама апарату ўрада Каталоніі. Падчас ператрусаў таксама выявілі каля 10 мільёнаў бюлетэняў, падрыхтаваных для рэферэндуму. Акрамя таго, пад следства трапіла больш за 700 каталонскіх чыноўнікаў, якія падтрымалі плебісцыт.

У сваю чаргу, Карлес Пучдэмон абвінаваціў цэнтральны ўрад у адмене самакіравання ў рэгіёне і абвясціў аб увядзенні надзвычайнага становішча. Мэр Барселоны Ада Кола заклікала каталонцаў выходзіць на вуліцы і змагацца за свае правы. У некалькіх дзясятках гарадоў Каталоніі прайшлі масавыя акцыі пратэсту — толькі ў Барселоне, па звестках Blооmbеrg, на вуліцы выйшла каля 40 тыс. чалавек. Яны выказвалі сваё абурэнне, выкрыкваючы «Nо раsаrаn!» («Яны не пройдуць!») — вядомы лозунг рэспубліканцаў канца 1930-х гадоў, калі ў Іспаніі бушавала грамадзянская вайна. Сама алюзія на тыя часы, дарэчы, даволі сур'ёзны знак. Таксама супраць наступу на свабоду самавызначэння афіцыйна выступіў легендарны футбольны клуб «Барселона».

Карлес Пучдэмон не раз заяўляў, што рэферэндум пройдзе ў любым выпадку, дазволіць яго Мадрыд ці не. Прычым даваў зразумець, што яму рэальна пагражае турма, але дзеля незалежнай Каталоніі ён гатовы і на гэта. Мадрыдская Еl Раіs напісала, што дзеянні прыхільнікаў незалежнасці па іспанскім Крымінальным кодэксе могуць быць кваліфікаваныя як «паўстанне» і «змова». Пакаранне — 30 гадоў турмы. Усё вельмі сур'ёзна, але каталонцы здавацца не збіраюцца. «Каталонскія палітыкі, — канстатуе французская Lа Fіgаrо, — не баяцца апынуцца па-за мяжой закона».

У лабавую?

Марыяна Рахой і Карлес Пучдэмон усё больш нагадваюць ваенных лётчыкаў, якія ідуць адзін на аднаго ў лабавую атаку, заўважае kоmmеrsаnt.ru. А ў ёй, як вядома, перамога за тым, у каго мацнейшыя нервы і больш рашучасці ісці да канца. Яно і зразумела: ужо вельмі высокія стаўкі. Як не раз казаў Марыяна Рахой, рэферэндум у Каталоніі можа прывесці да развалу Іспаніі як адзінай дзяржавы, паколькі з яе могуць узяць прыклад Краіна Баскаў, Арагон, Галісія, Канарскія астравы. І што тады застанецца ад каралеўства? У сваю чаргу, кіраўнік жэнералітата Карлес Пучдэмон называе цяперашні рэферэндум апошнім шанцам Каталоніі заваяваць незалежнасць. Паводле яго слоў, іншага шанцу ў агляднай будучыні не прадставіцца. І гэта таксама факт. Пасля пазбаўленага юрыдычнай сілы апытання аб выхадзе з Іспаніі, якое ў 2014-м папярэдні ўрад Каталоніі правёў замест абяцанага рэферэндуму, правал яшчэ адной спробы плебісцыту будзе азначаць паразу сепаратыстаў. А гэта здыме пытанне аб незалежнасці — як мінімум да прыходу да ўлады наступнага пакалення каталонскіх палітыкаў. Увогуле, адварочваць ад сутыкнення ў такой сітуацыі, піша kоmmеrsаnt.ru, — усё роўна, што накіраваць свой самалёт у зямлю. Чым завершыцца цяперашняе супрацьстаянне даведаемся ўжо зусім хутка: адлік пайшоў на гадзіны.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: БАРСЕЛОНА VS МАДРЫД

Выбар рэдакцыі

Культура

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

«Звязда» з'ездзіла на кінафестываль Żubrоffkа

Раім вам у наступным годзе адправіцца туды самім.

Культура

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Мастачка Алеся Скарабагатая: Няма мэты падабацца

Імя мастачкі гучыць усе пяць гадоў правядзення «Асенніх салонаў».

Спорт

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Спартсмен Валерый Макарэвіч: Мара ў мяне адна — стаць прафесіяналам сваёй справы

Як варатар зборнай Беларусі па пляжным футболе сумяшчае гульню з роляй настаўніка і бацькі.  

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Языку дай волю..., Хвалі дзень вечарам, Людзі — добрыя.