Вы тут

Старшыні пастаянных камісій Савета Рэспублікі аб планах работы


Напярэдадні новага парламенцкага года старшыні пастаянных камісій Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі падзяліліся з «МС» планамі работы на наступную сесію.


Уладзімір Панцюхоў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах:

— Камісію чакае шмат працы. Мы плануем разгледзець шэраг законапраектаў: «Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)», «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі», «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь», «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй» і інш. Напрыклад, унясенне змен у апошні звязана з прыняццем пакета нарматыўных прававых актаў, накіраваных на лібералізацыю эканомікі, і з унясеннем змен у грамадзянскі кодэкс. Члены нашай камісіі ўжо актыўна ўключыліся ў работу, і я ўпэўнены, што так будзе і надалей.


Ірына СТАРАВОЙТАВА, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

— Усяго ў рабоце ў Камісіі знаходзіцца сем законапраектаў: з іх тры ўнесена ў Палату прадстаўнікоў, чатыры прынята ў першым чытанні. Усяго падчас трэцяй сесіі плануем разгледзець тры законапраекты. Сярод іх — «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях патэнтаў на вынаходніцтвы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры», «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб фізічнай культуры і спорце» і «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ветэранах».

Савет Рэспублікі вызначаны ў якасці дзяржаўнага органа, адказнага за падрыхтоўку законапраекта «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах». Паспяховая і дакладная рэалізацыя нормаў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» сёння разглядаецца як своеасаблівы індыкатар цывілізаванасці любога сучаснага грамадства. У цяперашні час работа над законапраектам практычна завершана. Сабраны і абагульнены прапановы зацікаўленых дзяржаўных органаў, выдавецтваў, выканаўцаў і іншых зацікаўленых. Праведзены пасяджэнні рабочай групы, пагаджальныя і рабочыя нарады. Дадзены законапраект прынцыпова не мяняе існуючыя падыходы да прававога рэгулявання ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, ён накіраваны на больш поўнае і сістэмнае прававое рэгуляванне адносін, звязаных з аховай аб'ектаў аўтарскага права і сумежных правоў.


Сяргей Рахманаў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы:

— У рамках трэцяй сесіі шостага склікання Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы трэба будзе разгледзець 16 законапраектаў, у тым ліку 13 ратыфікацый міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

Сярод больш чым дзясятка законапраектаў — Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з тэрарызмам». Законапраектам замацоўваецца новы тэрмін «крытычна важныя аб'екты» і даецца яго азначэнне, устанаўліваюцца меры па недапушчэнні актаў тэрарызму на названых аб'ектах. Таксама ўдакладняецца тэрмін «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці» (прапануецца адносіць да яе ў тым ліку збор сродкаў у мэтах праезду да месца навучання для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці). Уводзіцца абавязак дзяржаўных органаў і арганізацый забяспечваць прыняцце мер па выкананні рэзалюцый Савета Бяспекі ААН у дачыненні да арганізацый і грамадзян, уключаных у пералік асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, што будзе садзейнічаць выкананню Рэспублікай Беларусь міжнародных стандартаў у сферы прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці.

Таксама камісія плануе разгледзець Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях абароны». Законапраект накіраваны на ўдасканаленне заканадаўства аб абароне з улікам практыкі прымянення, удасканаленне сістэмы ваеннага планавання і прававога рэгулявання пытанняў абароны, удакладненне задач па выкарыстанні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Загаловак у газеце: Працы будзе шмат

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.