Вы тут

Як стаць вядомым у сваёй акрузе і над чым зараз працуюць у парламенце


Як стаць вядомым у сваёй акрузе і над чым зараз працуюць у парламенце, нашаму карэспандэнту расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Леанід ЦУПРЫК.


— На вашу думку, ці дастаткова сёння ў мясцовых улад паўнамоцтваў і магчымасцяў, каб вырашаць задачы, якія перад імі ставяцца?

— Законам аб мясцовым кіраванні і самакіраванні вызначана кола паўнамоцтваў мясцовых выканаўчых органаў і Саветаў дэпутатаў і парадак іх узаемадзеяння. Вырашэнне сацыяльных, эканамічных, палітычных і культурных пытанняў мясцовага значэння ажыццяўляецца зыходзячы з інтарэсаў насельніцтва і асаблівасцяў развіцця адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак на аснове ўласнай матэрыяльна-фінансавай базы і прыцягнутых сродкаў у рамках адзінага дзяржаўнага механізма. Вялікая роля нашай дзяржавы ў рэсурснай падтрымцы раўнамернага развіцця розных адміністрацыйных тэрыторый рэспублікі.

Уласна кажучы, і заканадаўства, і формы арганізацыі мясцовага кіравання і самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь нацэлены на тое, каб мясцовая ўлада працавала эфектыўна. У аснове — агульнасць прынцыпаў, наяўнасць агульных мэт дзейнасці, агульная прававая база мясцовага кіравання і самакіравання.

Вырашаючы самыя розныя задачы, кіруючыся нарматыўна-прававымі актамі, органы мясцовага кіравання і самакіравання валодаюць выключнымі ўласнымі паўнамоцтвамі па выданні неабходных кіраўніцкіх актаў, падрыхтоўцы адпаведных рашэнняў і распараджэнняў, прыцягненні неабходных кадравых і матэрыяльных рэсурсаў. Так што ў органаў мясцовага кіравання і самакіравання рэспублікі ёсць усё, каб вырашаць задачы, якія стаяць перад імі. Патрэбна эфектыўная работа кадраў, здольных у большай ступені вырашаць пытанні самаразвіцця тэрыторый.

— У якім кірунку неабходна рухацца мясцовай уладзе, каб яе дзейнасць была больш эфектыўнай?

— Калі коратка, то ў кірунку далейшага развіцця народаўладдзя, пашырэння ўдзелу грамадзян у самакіраванні, умацаванні законнасці, зацвярджэнні сацыяльнай справядлівасці і гуманізму. Усё больш узрастаюць патрабаванні да прафесіяналізму кіраўнікоў і супрацоўнікаў органаў мясцовай улады і кіравання, закліканых ажыццяўляць дзяржаўную палітыку на месцах.

Мы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, працуючы са зваротамі грамадзян, часта вымушаны выпраўляць няякасную работу адказных службовых асоб органаў мясцовага кіравання або галіновых арганізацый. У жыцці людзей няма дробязяў. Для кожнага свая праблема — найважнейшая. Працуючы ў выбарчай акрузе ў кантакце з мясцовымі Саветамі і выканкамамі, мы бачым, наколькі важна своечасова рэагаваць на звароты і аператыўна прымаць меры. Але на станоўчае вырашэнне надзённых пытанняў уплываюць два фактары: рэсурсная база і якасць работы кадраў. Таму лічу адным з найважнейшых напрамкаў развіцця мясцовай улады прымяненне ў сваёй практыцы айчынных навуковых напрацовак у сферы дзяржаўнага кіравання. Напрыклад, навукоўцаў БДУ.

І мая ўласная практыка, і даследаванні навукоўцаў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь прыводзяць да думкі, што працэс рэфармавання органаў дзяржслужбы (а ён практычна не закрануў пярвічны ўзровень мясцовага самакіравання і ў некаторай ступені — базавы ўзровень) мэтазгодна было б дапоўніць канкрэтызацыяй мэтавых функцый і канчатковых вынікаў па кожнай пасадзе на дзяржаўнай службе. Проста наяўнасці кваліфікацыйных характарыстык і фінансавых інструментаў стымулявання дзяржслужачага сёння відавочна недастаткова. Для пачатку, напрыклад, у кантрактах работнікаў трэба вызначыць асноўныя паказчыкі вынікаў, якія неабходна забяспечваць. Трэба несці канкрэтную адказнасць. Будзе асабісты стымул — будзе лепшы агульны вынік працы.

— У наступным годзе пройдуць выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў. Як зараз ідзе падрыхтоўка да гэтай падзеі? Як вы думаеце, ці моцна абновіцца склад дэпутацкага корпуса на мясцовым узроўні?

— Думаю, што новы склад мясцовых Саветаў будзе залежаць ад якасці кандыдатаў у дэпутаты ў выбарчых акругах і іх здольнасці належным чынам весці выбарчую кампанію. Выбары ў мясцовыя Саветы паказваюць, што людзі многіх прэтэндэнтаў вельмі добра ведаюць не толькі па словах, але і па справах. Выбар — за народам! Я, як дэпутат парламента, праводжу і буду праводзіць у сваёй выбарчай акрузе работу па растлумачэнні людзям сутнасці нашай дзяржаўнасці, яе гістарычнай і міжнароднай унікальнасці, неабходнасці яе развіваць, адстойваць і абараняць.

— Якія сёння пытанні стаяць перад камісіяй, якую вы ўзначальваеце?

— Пастаянная камісія па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў займаецца пытаннямі заканадаўства, якія вызначаюць асновы беларускай дзяржаўнасці, функцыянавання мясцовай улады, а таксама шэрагам законапраектаў аб дзяржаўных органах, выбарчай сістэме і інш. Жыццё не стаіць на месцы. Адбываецца грамадска-палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё, пашыраецца міжнароднае супрацоўніцтва. Натуральна, у Палаце прадстаўнікоў ідзе бесперапынны працэс заканатворчасці, каб законы адпавядалі часу. Так, у Закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» з моманту яго прыняцця ў апошняй рэдакцыі ў 2010 годзе ўжо ўнесена 12 дапаўненняў і змяненняў. І зараз у камісіі прапрацоўваюцца дапаўненні і змяненні ў гэты закон у частцы канкрэтызацыі функцый выканкамаў і Саветаў пярвічнага і базавага ўзроўняў.

Развіццё інфармацыйнага грамадства, удасканаленне сродкаў камунікацый на аснове лічбавых тэхналогій стварае ўсё больш перадумоў пераходу на двухзвенавую сістэму мясцовага самакіравання. І гэтае пытанне, і прапановы па выбарчай сістэме, і іншыя грамадска-значныя тэмы мы, дэпутаты, члены камісіі, глыбока і ўсебакова вывучаем, часта запрашаючы спецыялістаў і зацікаўленых асоб. Стараемся прытрымлівацца балансу інтарэсаў пры падрыхтоўцы сваіх заключэнняў і праектаў. Але якім бы ні быў змест праектаў, што разглядаюцца, для нашай камісіі пастаянным прынцыпам з'яўляецца паўната адлюстравання ў іх волі і інтарэсаў народа.

— Часам атрымліваецца, што насельніцтва пэўнай тэрыторыі не знаёмае са сваім дэпутатам. На ваш погляд, чаму так адбываецца і якую ролю тут могуць сыграць СМІ?

— У жыцці людзей дробязяў няма. Калі ты дэпутат, то ведай праблемы людзей, унікай у іх. Даводзь любое пытанне да канчатковага рашэння. Дамагайся станоўчага выніку. І тады людзі ацэняць. І будуць ведаць цябе як чалавека, здольнага дапамагчы і абараніць. А СМІ — першы памочнік дэпутата: кожны вырашае пытанні, але сваімі сродкамі і метадамі.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: У жыцці дробязяў няма. Такі падыход да працы павінен быць у кожнага дэпутата

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.