Вы тут

«Беларусь 1» пакажа фільм «Максім Мірны. Live»


Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі падрыхтавала хранікальна-дакументальны фільм «Максім Мірны. Live», прысвечаны вядомаму тэнісісту, заслужанаму майстру спорту Рэспублікі Беларусь. Гледачы даведаюцца, у чым формула поспеху Максіма Мірнага, якімі тытуламі ён асабліва ганарыцца, чаму жыве на дзве краіны.


Сёлета вядучаму гульцу беларускага тэніса споўнілася 40 гадоў. За гады свайго жыцця пабудаваў бліскучую кар'еру, быў першай ракеткай свету ў парным разрадзе, заваяваў алімпійскае золата і мноства іншых узнагарод. Дэбютаваўшы ў адборачных раўндах Кубка Дэвіса за нацыянальную зборную Беларусі яшчэ ў 16-гадовым узросце, Максім Мірны дагэтуль застаецца адным з лепшых тэнісістаў у свеце.

У фільме «Максім Мірны. Live» спецыяльны карэспандэнт АТН Ганна Эйсмант прайшла зорны шлях разам з выбітным тэнісістам – ад першых кортаў сталічнага завода МАЗ, дзе пачынаў сваю спартыўную кар'еру алімпійскі чэмпіён, да турніраў серыі Вялікага шлема, дзе ён не раз перамагаў. Максім Мірны стаў гідам здымачнай групы АТН на турнірах Roland Garros і US Open, у Фларыдзе, дзе знаходзіцца яго дом, і ў Акадэміі Ніка Балет’еры, дзе займаўся тэнісам у юнацтве.

Фота- і відэаархівы дапоўнілі гісторыі пра сям'ю і дзяцінства Максіма Мірнага. Пра спартсмена распавялі маці Таццяна і бацька, першы трэнер, Мікалай, брат Пётр, жонка Ксенія і дзеці: Малання, Петра, Дзямід і Трафім.

Эксклюзіўныя інтэрв'ю пра Максіма спецыяльна для АТН далі зоркі тэніса Новак Джокавіч, Рафаэль Надаль, Лейтан Х’юіт, Марат Сафін, Яўген Кафельнікаў, Роджэр Федэрэр, Марціна Наўрацілава, Андрэа Главачкава, Вікторыя Азаранка і іншыя, а таксама хросны бацька Мірнага ў свеце вялікага спорту Нік Балет’еры.

«Максім Мірны – легенда беларускага тэніса, чыё імя ва ўсіх на слыху. Ён прафесіянал сваёй справы, аўтарытэт і прыклад для спартсменаў-пачаткоўцаў. Гэтая фігура на сусветнай спартыўнай арэне, безумоўна, вартая таго, каб пра яе распавесці. Фільм «Максім Мірны. Live» — гісторыя жыцця ад першай асобы», — адзначае аўтар фільма Ганна Эйсмант.

Паказ фільма адбудзецца напярэдадні Кубка Дэвіса, у якім легенда тэніса ў складзе нацыянальнай зборнай Беларусі зноў пазмагаецца за выхад у Сусветную групу.

Прэм'еру хранікальна-дакументальнага фільма «Максім Мірны. Live» гледачы  «Беларусь 1» убачаць 14 верасня адразу пасля «Панарамы».

Наталля КАРОТКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.