Вы тут

Мікалай Мірны: Я быў згодны на ўсё, што дапаможа ў тэнісным развіцці сына


12 лютага заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь і заслужаны тэнісны бацька Мікалай Мірны адсвяткаваў дзень нараджэння. І зрабіў падарунак чытачам «Сямейнай газеты» — расказаў, як выхаваць чэмпіёна.

А шлях да тытулаў Вялікага шлема і першага радка сусветнага рэйтынга Максіма Мірнага пачаўся... з прабежак у мінскім мікрараёне Серабранка. Менавіта там Мікалай Мірны выхоўваў у сваім старэйшым сыне сілу духу і працавітасць. «Я ўжо шмат у якіх інтэрв'ю казаў, што ён быў сябрам, настаўнікам, пхальнікам пад зад, крэатыўшчыкам, як сказалі б цяпер. Ён быў для мяне напарнікам у прамым сэнсе гэтага слова. Бацька прафесійна рос разам са мной. Ён фактычна трэніраваўся побач і воляй ці мімаволі навучыўся гуляць у тэніс», — расказваў у інтэрв'ю Максім Мікалаевіч.


Фота: БелТА.

У суме 57 тыдняў на вяршыні сусветнага парнага рэйтынгу. Дзесяць Вялікіх шлемаў: шэсць у мужчынскім парным разрадзе і чатыры ў міксце. Дзесяць выступленняў на Выніковым турніры АТР у парным разрадзе, з іх — дзве перамогі. Пяць Алімпіяд, адна алімпійская перамога. Дваццаць пяць сезонаў у складзе нацыянальнай каманды Беларусі, 96 паядынкаў у Кубку Дэвіса, паўфінал. Пяцьдзясят два тытулы АТР у парным разрадзе. Званне заслужанага майстра спорту Рэспублікі Беларусь, ордэн Айчыны ІІІ ступені і ордэн Пашаны. Прэмія Tennіs Europe Award за значны ўклад у развіццё і папулярызацыю тэніса ў Еўропе. Спецыяльная ўзнагарода Міжнароднай тэніснай федэрацыі The Davіs Cup Commіtment Award за шматгадовую прыхільнасць да сваёй каманды і самааддачу ў матчах Кубка Дэвіса. Гэта здаецца немагчымым для аднаго чалавека, але гэта рэальныя дасягненні Максіма Мірнага, спартсмена, які на доўгія гады стаў сімвалам беларускага тэніса.

«Ува мне загаварылі нейкія амбіцыі»

Пра тое, што Максім Мірны пачаў займацца тэнісам дзякуючы свайму бацьку Мікалаю Мікалаевічу, ведае, здаецца, кожны. І спартыўных вышынь алімпійскі чэмпіён дасягнуў дзякуючы бацьку, аб чым не раз гаварыў у інтэрв'ю. Пры гэтым «самы тэнісны бацька» ў краіне сцвярджае, што скраў у сына дзяцінства. «Сёння многія бацькі кажуць: «Не буду дзіця прымушаць, не хачу пазбаўляць дзяцінства». Так, шмат хто можа мяне папракнуць, што я скраў у старэйшага сына дзяцінства. Але ніхто не можа мяне папракнуць, што я не хацеў яму добрай будучыні. Усё было дзеля гэтага. Тэніс — бацькоўскі спорт. Каб дасягнуць высокага выніку, бацькі павінны быць нароўні з трэнерам уцягнуты ў падрыхтоўку спартсмена, асабліва на раннім этапе», — адзначае Мікалай Мікалаевіч.

Максім Мірны мог бы стаць валейбалістам. Мікалай Мікалаевіч планаваў аддаваць сына менавіта ў гэты від спорту, паколькі сам у 1960-я гуляў у элітным дывізіёне чэмпіянату СССР па валейболе. Але знаёмства з вядомым тэнісным трэнерам Аркадзем Львовічам Эйдэльманам змяніла ўсе планы. «З Аркадзем Львовічам мы пазнаёміліся ў маладзёжным цэнтры «Юнацтва», што на Мінскім моры, — успамінае Мікалай Мірны. — Ён прыцягнуў да сябе на працу майго сябра Валеру Лаўрэнава, з часам да іх далучыўся і я. Мяне так захапіў тэніс, што я ўвесь час праводзіў на кортах, нічога іншага не заўважаючы. І Максіму прышчапіў цікавасць. Валера Лаўрэнаў стаў яго першым трэнерам, і я адразу ўключыўся ў падрыхтоўку сына. Мусіць, ужо тады ўва мне загаварылі нейкія амбіцыі з нагоды яго спартыўнай будучыні. Я палюбіў тэніс, зразумеў правілы гульні, але ў падрыхтоўцы гульцоў не разумеў зусім нічога. Праз некаторы час адчуў, што Максіму патрэбны іншы трэнер. Шостае пачуццё мне падказвала, што Аркадзь Львовіч Эйдэльман можа даць майму сыну больш, чым Валерый. І праз год Максім перайшоў да Аркадзя Львовіча», — успамінае Мікалай Мірны.

У 1991 годзе Аркадзь Львовіч Эйдэльман разам са сваёй вучаніцай Таццянай Ігнацьевай (пераможцай юніёрскага Rolland Garros) збіраўся з'язджаць у Злучаныя Штаты Амерыкі. Трэнер пераканаў спонсара, з якім супрацоўнічаў, узяць з сабой яшчэ і перспектыўнага тэнісіста Максіма Мірнага, які ў свае 13 гадоў ужо быў найлепшым гульцом Савецкага Саюза сярод аднагодкаў. 1 красавіка 1991-га Аркадзь Львовіч, Таццяна Ігнацьева і Максім паляцелі ў Нью-Ёрк.

«Я меў зносіны з сотнямі людзей і практычна кожны казаў, што нізавошта б сваё 13-гадовае дзіця не адпусціў так далёка, ды яшчэ і без капейкі грошай. Але я перакананы, што рызыка і авантурызм у спорце вышэйшых дасягненняў — залог поспеху. Ды і Максім у свае 13 гадоў цудоўна сябе адчуваў за тысячы кіламетраў ад дома. А мне без сына было нялёгка. Хацелася яму дапамагаць, сачыць за трэніровачным працэсам. Але такой магчымасці ў 1991 годзе ў мяне не было. З часам да мяне сталі даходзіць чуткі, што Максім трэніруецца ў рэжыме, які стопарыць яго развіццё. Жаданне паехаць у Амерыку і дапамагаць свайму сыну стала яшчэ мацнейшым. Маё дзіця апынулася адно ўдалечыні ад дома, і мне разам з ім хацелася зведаць нязведанае. Спонсар, дзякуючы якому Максім змог паехаць у Амерыку, зрабіў запрашэнне, каб я змог прыехаць у ЗША.

У пасольстве мне сказалі: «Свет не перакуліцца, калі вы не паедзеце» і ў візе адмовілі. Узніклі думкі, што я больш ніколі не ўбачу сына і не дапамагу яму стаць добрым тэнісістам», — успамінае Мікалай Мікалаевіч. Але ён не пераставаў шукаць магчымасці паехаць у Амерыку, і праз 10 месяцаў пасля таго, як у самалёт да Нью-Ёрка сеў Максім, у Амерыку вылецеў і яго бацька.

«У той момант не было чалавека, больш шчаслівага за мяне»

Як прафесійны тэнісіст, Максім Мірны развіваўся ў акадэміі Ніка Балецьеры, з якой выйшлі многія сусветна вядомыя тэнісісты. У Фларыдзе хлопец з Мінска апынуўся дзякуючы свайму бацьку, які адчуў, што толькі акадэмія можа даць патрэбны ўзровень падрыхтоўкі, і, самае галоўнае, пераканаў у гэтым спонсараў. «Калі на праглядзе я пачуў ад Ніка Балецьеры «Belarussіan boy — good», у мяне крылы за спіной выраслі. Вучыцца ў акадэміі Ніка Балецьеры для нас было за мяжой мараў. Скажу шчыра, нам вельмі пашанцавала. У той момант, калі мы апынуліся на кортах акадэміі, Нік Балецьеры набіраў групу таленавітых дзяцей. Калі б мы апынуліся ў Фларыдзе на тыдзень пазней, невядома, ці ўзялі б Максіма», — успамінае Мікалай Мікалаевіч. — У той момант Максім Мірны ўжо вучыўся ў прэстыжнай школе на Манхэтэне — дапамагла перамога ў матчы над сынам дырэктара. Прычым вучыўся бясплатна. Здавалася б, як можна адмовіцца ад бясплатнай вучобы ў прэстыжнай школе? Але, як адзначае Мікалай Мікалаевіч, тады ўсе думкі былі толькі аб спорце, а не аб вучобе. Бацька і сын папрасілі прабачэння ў дырэктара школы, забралі дакументы і адправіліся ў Фларыду.

У 1997 годзе на Уімблдоне ў міксце з Серэнай Уільямс Максім Мірны заваяваў свой першы Вялікі шлем. Гэта быў і першы Вялікі шлем для амерыканскай тэнісісткі. Дарэчы, дуэт Максіма і Серэны склаўся дзякуючы менавіта Мікалаю Мікалаевічу, гэта ён прапанаваў тэнісістцы выступаць са сваім сынам.

«Будзе несправядліва сказаць, што ў нас з сынам усё было бясхмарна і лёгка. Вядома, паміж намі ўзнікалі непаразуменні, канфлікты. У такія моманты ўключалася мудрасць Максіма, і ён знаходзіў кампраміс. Складаныя моманты бываюць ва ўсіх. Але яны так нас загартавалі, што мы ўсё пераадолелі разам. Не праходзіць і дня, каб мы не былі на сувязі. Мы сталі настолькі моцнай камандай, што працягваем усё рабіць разам, як некалі даўно разам бегалі ў Серабранцы».

Фота: БелТА.

«Перамога на Уімблдоне кардынальна змяніла наша жыццё. Мы выканалі сваю асноўную на той момант мэту — зарабілі грошы. Тэнісісту трэба пастаянна ездзіць на турніры ў розныя краіны, а гэта вельмі затратнае задавальненне. Грошай нам не хапала, супрацоўніцтва са спонсарам да таго часу спынілася. Эканомілі як маглі, шукалі таннейшыя білеты, але з менш зручным маршрутам. У тым жа 1997-м Макс з Серэнай вый- гралі US Open. Жыць стала яшчэ прасцей: мы нарэшце сталі вольна перасоўвацца, не зважаючы на кошт квіткоў, купілі дом у Фларыдзе. Вядома, у прыярытэце была гульня ў адзіночцы. Мікст быў спосабам забяспечыць сябе, адчуць фінансавую свабоду, каб надалей развівацца ў адзіночцы», — распавядае Мікалай Мікалаевіч.

У 1994 годзе Максіма запрасілі ў каманду на Кубак Дэвіса. Ён — адзін з доўгажыхароў гэтага турніру, нязменна гуляў за каманду нашай краіны з 1994 да 2018 года. Мікалай Мірны падкрэслівае, што яны адразу вырашылі выступаць за каманду. Іншых варыянтаў не было, паколькі выступаць за краіну ў Кубку Дэвіса — вялікі гонар для тэнісіста. Адначасова з дэбютам у Кубку Дэвіса Максім Мірны зарабіў сваё першае рэйтынгавае ачко. «Я тады працаваў у нашай федэрацыі і атрымаў факс, які паведамляў, што Максім Мірны трапіў у рэйтынг АТР. Мне здаецца, у той момант на свеце не было чалавека, больш шчаслівага за мяне», — успамінае Мікалай Мікалаевіч.

«Мы не баяліся ісці на авантуру і рызыку»

Аб завяршэнні кар'еры Максім Мірны аб'явіў у 2018 годзе. Але адбыцца гэта магло на 10 гадоў раней — у 2008 годзе спартсмена турбавалі праблемы са здароўем. «Мы вельмі не хацелі, каб Максім быў тым спартсменам, якому час і гонар сыходзіць, а ён усё роўна працягвае гуляць, хоць і выглядае ўжо не вельмі. Хацелася скончыць кар'еру годна, у патрэбны час. Але ў 2008-м мы адчувалі, што гэты час яшчэ не прыйшоў, хоць здароўе Макса казала пра адваротнае. Некалькі месяцаў ён мучыўся ад болю, і ніхто не мог разабрацца, у чым прычына і як лячыць», — распавядае Мікалай Мікалаевіч. На шчасце тысяч аматараў Максіма Мірнага, бразільскі спецыяліст вырашыў праблему. Але ўзніклі іншыя складанасці — змяніўся сам тэніс: струны ракеткі і мячы сталі цяжэйшыя, мяч стаў ляцець павольней, змянілася пакрыццё кортаў... Як адзначае Мікалай Мірны, гульні гэта дадало відовішчнасці, гульцам — галаўнога болю. Максім, які ўжо склаўся як тэнісіст, прывык гуляць у хуткасны тэніс, з выхадам да сеткі, актыўнай гульнёй. Яму было складана перайсці на новы тэмп. Наступіў фінал гульні ў адзіночцы, чаго нельга было сказаць аб парнай гульні, якая стала кампрамісам. І вынікі не прымусілі сябе чакаць. У 2011 і 2012 гадах Максім Мірны перамог на Rolland-Garros, у 2013-м — на US Open. І, вядома, асобна стаіць сумесная з Вікторыяй Азаранкай перамога на Алімпійскіх гульнях у Лондане.

«Алімпійскі медаль не перавешвае дзесяць «шлемаў», заваяваных Максімам. Але ён вышэйшы за адзін, любы з іх, але адзін. Мы ішлі да яго даўно, у Лондане была ўжо чацвёртая Алімпіяда. У першыя хвіліны пасля перамогі Максіма і Вікі мяне перахапілі журналісты «Першага канала». А я ад эмоцый і слова сказаць не мог. Памятаю толькі мітусню на стадыёне. Яшчэ б, беларусы перамаглі англічан на Алімпіядзе ў Лондане», — дзеліцца Мікалай Мікалаевіч.

Актыўная спартыўная кар'ера Максіма Мірнага пачалася з падачы яго бацькі, паводле яго парады яна і скончылася. Мікалай Мікалаевіч згадвае, што ў 2018 годзе гэтае рашэнне ўжо вісела ў паветры. На неабходнасць яго прыняцця ўказвалі многія фактары. Нагадваў аб сабе і «тэнісны» локаць, які шматлікім гульцам ускладняе жыццё. «Мы не хацелі быць тымі, хто «целяпаецца» ў сотні, і не сталі чакаць, калі гэты момант настане», — адзначае Мікалай Мікалаевіч.

«Мы з сынам прайшлі выдатны спартыўны шлях, у яго склалася бліскучая тэнісная кар'ера. Мы ўсіх вышынь дабіліся сваёй працай. І мы чыстыя перад сабой і перад Богам. Не ўтойваю, ёсць незадаволенасць, што ў адзіночцы ён быў толькі 18-м, патэнцыялу хапала, каб увайсці ў дзесятку. Можа, мая віна ў тым, што не атрымалася, можа, наша агульная. А можа, 18-е месца і было пікам. Мы з Максімам не баяліся ісці на авантуру і рызыку. І гэта сябе апраўдала. Макса ўвесь свет ведае як выдатнага тэнісіста. Я поўнасцю задаволіў свае амбіцыі. Цяпер я кажу бацькам юных тэнісістаў: «Вы гатовы пайсці на ахвяры, гатовы з'ехаць у іншы горад, звольніцца з працы?» Каб тваё дзіця падымалася высока, трэба быць гатовым на перамены, гатовым на ахвяры. Не можа быць так, што дзіця будуе спартыўную кар'еру, бацька ўвесь час дапамагае яму і пры гэтым усё добра дома. Працуючы з Максімам, я атрымаў незаменны трэнерскі досвед, адбыўся як добры менеджар».

З 2011 года ў Мінску працуе Тэнісны цэнтр Максіма Мірнага, якім кіруе Мікалай Мірны. Тут свае першыя крокі на корце робяць 280 дзяцей.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.