Вы тут

Прадстаўнікі ўлады наведалі 1 верасня школы і каледж


Спікеры абедзвюх палат беларускага парламента наведалі ўстановы адукацыі і зрабілі падарункі навучэнцам.


Так, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл МЯСНІКОВІЧ пабываў у Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі. Такі выбар быў зроблены нездарма. Па яго словах, запатрабаваную прафесію ў нашай краіне можна атрымаць не толькі па заканчэнні ВНУ. «У нашай эканоміцы запатрабаваныя, я сказаў бы, у вялікіх маштабах высокакваліфікаваныя кадры з прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Гэта фактычна тыя ж інжынеры, тыя ж спецыялісты, вельмі блізкія па ўзроўні ведаў да ўніверсітэцкага», — лічыць сенатар.

Спікер верхняй палаты беларускага парламента мяркуе, што яшчэ нямала трэба папрацаваць для таго, каб дапамагчы маладому чалавеку, які заканчвае школу, вызначыцца, дзе яму вучыцца, дзе яму працаваць. «Часам я бачу, што мы недапрацоўваем у гэтым плане. І на слыху модныя прафесіі — праграміст, юрыст, эканаміст, дызайнер», — кажа парламентарый. Пры гэтым у Беларусі вельмі запатрабаваныя, напрыклад, інжынерныя кадры, якія потым працуюць над стварэннем прадукцыі, здольнай канкурыраваць на сусветных рынках.

Міхаіл Мясніковіч ад імя верхняй палаты беларускага парламента перадаў каледжу грашовы сертыфікат, сродкі якога плануецца накіраваць на набыццё абсталявання для камп'ютарнага класа.

Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прыняў удзел у святочнай лінейцы ў сярэдняй школе №2 горада Докшыцы Віцебскай вобласці. Спікер адзначыў, што адукацыя — гэта прыярытэт дзяржаўнай палітыкі Беларусі. «Мы разумеем, што ад стану адукацыі залежыць эканоміка краіны, дабрабыт нашых грамадзян, стабільнасць у грамадстве і бяспека ў дзяржаве. Таму пытанням адукацыі ўдзяляецца вялікая ўвага», — сказаў ён.

Дэпутат таксама адзначыў, што па пытаннях удасканалення адукацыі дэпутатамі ўжо шмат зроблена. «Прынята вялікая колькасць заканадаўчых актаў, якія датычацца развіцця адукацыі. У 2010 годзе мы ўжо кадыфікавалі ўсе гэтыя законы і стварылі вельмі салідны дакумент — Кодэкс аб адукацыі. Такога дакумента няма ні ў адной краіны на постсавецкай прасторы», — канстатаваў спікер. Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што цяпер ідзе актыўная работа над новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі.

У падарунак ад дэпутатаў Нацыянальнага сходу школа атрымала тэлевізар.

Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй КАБЯКОЎ узяў удзел у святочнай лінейцы ў Ліноўскай сярэдняй школе Пружанскага раёна. «Адна з галоўных задач, якія ставіць кіраўніцтва краіны, заключаецца ў тым, каб кожны школьнік, дзе б ён ні вучыўся, ні жыў, меў аднолькавы доступ да якаснай адукацыі. Каб кожны вучань меў роўныя з іншымі магчымасці па атрыманні адукацыі, а ўзровень яго падрыхтоўкі ні ў якой меры не залежаў ад маёмаснага становішча, месца жыхарства і іншых фактараў. Кожны чалавек павінен развіць свае здольнасці, а мы — забяспечыць яму такую магчымасць», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

На памяць пра наведванне ўстановы адукацыі кіраўніком урада ёй застануцца два новыя тэлевізары.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дзень ведаў — свята для ўсіх

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.