Вы тут

Сербскі вянок для Максіма




Сербскі вянок для Максіма

У краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты
Я не самотны, я кніжку маю
З друкарні пана Марціна Кухты

У наш час вельмі значная (па колькасці) частка чалавецтва, здавалася б, толькі і шукае нагоды, каб раздзяліцца і падзяліць, расцячыся па два бакі ўзброеных барыкад, развесці і спаліць масты, абтросшы попел з ног сваіх.

У такія – страшныя – часы вельмі важна адшукаць нешта такое, што аб’яднала б, паказала блізкасць і роднасць, нагадала б нам, што ўсе мы – роўныя, не лепшыя і не горшыя адзін за аднаго.

Раўназначныя.

Роўнавялікія.

Але ці ёсць сродак ад нянавісці, сродак знайсці раўнавагу? Ці ёсць мова, на якой размаўляем мы ўсе, аднолькава і здавён?

Ёсць, на нашае шчасце.

Гэта мова паэзіі. Незалежна ад паходжання, веравызнання, расавай прыналежнасці, усяго таго, што ўтварае ілюзію няроўнасці, усе мы аднолькава адчуваем гэтую мову, якая гучала яшчэ ў пячорных калыханках ды ўслаўленнях добрага палявання, якая была з намі – з усімі людзьмі – праз усю гісторыю чалавецтва і праз кожнае вялікае “маленькае” жыццё.

Мы ўсе аднолькава размаўляем на мове паэзіі, міжволі адгукаемся на рытмізаваныя радкі, захоўваем у памяці гучныя сакавітыя рыфмы. І калі гэтыя рыфмы пачынаюць, быццам рэха, гукацца ў розных мовах свету, ці не даводзіць гэта зноў і зноў тую непераможную ісціну пра наша ўсеагульнае чалавечае падабенства, пра нашу роднасць і роўнасць?

Даводзіць. Кожны якасны мастацкі пераклад – зерне на шалях сусветнай раўнавагі. Гэта спосаб размаўляць, нягледзячы на моўны бар’ер, нягледзячы на адлегласці, нягледзячы на палітыку.

Колькі праблем гэтага свету можна было б вырашыць яшчэ ў самым пачатку, калі б проста – пагаварыць?..

У кніжцы, пра якую размова, Максім Багдановіч – з лёгкай рукі Даяны Лазаравіч – загаварыў па-сербску.

Багдановіч для беларусаў, як вядома, фігура знакавая. Як і надзвычай знакавая ягоная кніга, зборнік з характэрнаю назвай – “Вянок” паэзіі, “Вянок” уражанняў, “Вянок” закаваных у выкшталцоныя рыфмы думак. “Вянок” на магілу Сяргея Палуяна – і адначасова на магілу самога аўтара. Той пайшоў з жыцця занадта рана, трагічна рана, але пры гэтым здолеў пакінуць пасля сябе яркі след, што нязгасна ззяе праз стагоддзі.

Тым больш радасна, што драбок гэтага ззяння, гэтае васільковае насенне хтось ашчадна падхапіў у свае рукі, прапусціў праз сваю душу, цярпліва і старанна, аддана адсочваючы ўсе пералівы, усе найменшыя рухі слова. І даў багдановічаўскім васількам заквітнець на сербскай глебе, а словам Максіма – загучаць на сербскай мове.

Даяна Лазаравіч – малады перакладчык (сёлета якраз абараніла магістарскую па беларуска-сербскіх і сербска-беларускіх літаратурных сувязях).

Магчыма, менавіта маладосць Даяны, нароўні з заўзятасцю сапраўднага Кніжніка, дапамагла ёй прасякнуцца духам гэтай кнігі, якую сам Багдановіч называў “маладою”. Маладосць, зрэшты, зусім не значыць нявопытнасць: за плячыма ў Даяны таксама і вопыт перакладання малой прозы (Уладзіміра Караткевіча), і вершаў — Караткевіча, Танка, Броўкі, а таксама, што надта важна, знаёмства з сучаснай паэзіяй Беларусі (у прыватнасці, з творчасцю Міколы Мятліцкага).

Гартаючы гэтую кнігу, беларускі чытач, нават не ведаючы сербскай мовы, зловіць знаёмыя назвы і рыфмы.

Бо кніга – гучыць. На Максімаў лад. Гэта, напэўна, лепшая ўхвала для перакладчыка: сведчанне таго, што творы, рэканструяваныя на іншай мове, па-ранейшаму пазнавальныя, што словы не страцілі той першаснай аўтарскай афарбоўкі, задумкі, натхнення.

І чым болей чытачоў з новых і новых краін зможа далучыцца да спеўнага багдановічаўскага радка, падзяліць гэтае натхненне, тым болей падстаў у кожнага з нас будзе сказаць:

“Я – не самотны”.
Бо мы – разам.
Бо мы размаўляем на адной мове.
На мове паэзіі.

Маргарыта Латышкевіч

 

 

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уладзімір Краўцоў пра тое, як будзе развівацца Гродзенская вобласць

Уладзімір Краўцоў пра тое, як будзе развівацца Гродзенская вобласць

Кіраўнік Гродзенскай вобласці — аб розніцы паміж усходам і захадам, паразуменні фермераў і буйных агракомплексаў, спосабах прыцягнення турыстаў і прыватнай ініцыятыве ў рэстаўрацыі будынкаў.

Грамадства

Смеццевы калапc: рэальная пагроза?

Смеццевы калапc: рэальная пагроза?

Як у нашай краіне вырашаецца праблема з утварэннем і ўтылізацыяй адходаў.

Грамадства

У Мінск прыляцела даўгахвостая кугакаўка

У Мінск прыляцела даўгахвостая кугакаўка

Сенсацыя ў свеце беларускай фаўны — у Мінск прыляцела сава-«чырванакніжніца».

Грамадства

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі малака і яек беларус ужывае за месяц?