Вы тут

Зборная Беларусі перамагла ў конкурсе ваенна-прафесійнага майстэрства


Мінулыя дні сталі спякотнымі для Мінска не толькі з прычыны пякучага летняга сонца, але і ад падзей, якія адбываліся ў сталіцы. На працягу тыдня вайскоўцы з Арменіі, Беларусі, Казахстана і Расіі змагаліся за ганаровае званне — лепшага воіна Садружнасці.


Сёлета конкурс прафесійнага майстэрства вайскоўцаў быў уключаны ў праграму «Армейскіх міжнародных гульняў — 2017». Падчас знаходжання ў нашай краіне ваеннаслужачыя з іншых дзяржаў маглі не толькі паказаць свой прафесіяналізм, пераняць вопыт калег, але і пазнаёміцца з культурай і гісторыяй Беларусі, традыцыямі нашага горада.

Першы конкурс — «Эрудыт» — выпрабаванне інтэлектуальнае. Удзельнікі паспаборнічалі ў веданні ваеннай гісторыі, ратнай славы і традыцый абаронцаў Айчыны. У выніку найбольш эрудзіраванымі вайскоўцамі аказаліся беларусы. А хто з іх найбольш трапны стралок, ваеннаслужачыя даказвалі падчас выпрабавання па агнявой падрыхтоўцы «Снайпер». Высветлілася, што з аўтаматам Калашнікава найбольш сябруе прадстаўнік казахстанскай каманды Алжас Ермекаў і — увага! — наша зямлячка Ганна Кавалеўская.

— Кожны член каманды мае вялікае значэнне, — лічыць Ганна. — Змагацца разам — гэта важная і цяжкая адказнасць. Дапамагае тое, што выступаем на сваёй зямлі, адчуваецца падтрымка людзей, якія хварэюць душой за нашу каманду. Мужчыны ў камандзе па асабліваму ставяцца да мяне (па ўмовах конкурсу, кожную каманду прадстаўляюць тры вайскоўцы і адна дзяўчына. — Аўт.): і бронекамізэльку паднясуць, і дапамогуць, калі патрэбна.

Зацікавіла, чым жа вабіць ваенная кар'ера дзяўчат? І Ганна раскрыла сакрэт: «Мне заўсёды падабаліся ваенныя людзі, я ўвесь час хацела бегаць, страляць. Праца з паперкамі — гэта не для мяне. Ужо ў пятым класе разумела, што хачу насіць пагоны. Спачатку думала быць міліцыянерам, потым вырашыла, што армія мне бліжэй. У маёй сям'і дагэтуль ніхто пагоны не насіў, але бацькі падтрымліваюць мае пачынанні».

Найбольш складаным стаў этап «Атлет». Журы неабходна было вызначыць, хто сярод ваенных кантрактнай службы самы хуткі, спрытны і моцны. Вайскоўцам прыйшлося папацець: бег на розныя дыстанцыі, падцягванні і адцісканні, паласа перашкод і кіданне гранаты. Але нягледзячы на тое, што з кожным разам выпрабаванні станавіліся ўсё больш складанымі, Ганна Кавалеўская не пераставала здзіўляць вынікамі. У гэтай намінацыі беларуска зноў-такі заняла першае месца. А сярод мужчын адзначыўся казах, старшы сяржант Асхат Байдаўлетаў.

Конкурс «Прафесіянал» праверыў удзельнікаў на трываласць і цягавітасць. Як расказаў старшы афіцэр галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл і галоўны суддзя выпрабавання Сяргей САВІЦКІ, гэты этап з'яўляецца найбольш складанай часткай у «Воіне Садружнасці». «Конкурс уключае ў сябе шэраг перашкод для праверкі прафесійных навыкаў вайскоўцаў, дэманструе іх уменне ў выкананні нарматываў па баявой падрыхтоўцы і вядзенні агню са стралковай зброі, — гаворыць ён. — Ад кожнага вайскоўца на гэтым этапе патрабуецца максімальнае напружанне сваіх сіл — фізічных і маральных. Для жанчын адзінае паслабленне: на ўчастку разбуранай лесвіцы ім дазволена не пераадольваць апошнія два бервяны».

Час ішоў на хвіліны: найхутчэй трэба было выканаць нарматывы па баявой падрыхтоўцы і дабегчы да канца, не здацца. І вось яна — фінішная прамая.

Давід Аганесян з Арменіі ў «Воіне Садружнасці» ўдзельнічаў ужо другі раз. Як прызнаўся юнак, у Мінск ён ехаў з баявым настроем. «Падрыхтаваўся як маральна, так і фізічна: быў упэўнены, што чакае годны сапернік, — расказвае вайсковец. — Але ж галоўным сапернікам быў я сам, бо самае складанае — пераадолець сябе».

А вось на думку нашага земляка Арцёма Пушнёва, самае складанае — гэта фініш. «Ты разумееш, што да канца табе засталося ўсяго 100 метраў, але сіл ужо няма, а трэба бегчы, — кажа хлопец. — Да конкурсу нястомна рыхтаваўся два месяцы: днём і ноччу. Хацелася б, каб вынікі былі крыху лепшыя, але ўжо як атрымалася (Арцём спыніўся за крок ад лідара і заняў другое месца па выніках конкурсу. — Аўт.) Такія мерапрыемствы патрэбныя. Яны дапамагаюць палепшыць фізічныя якасці вайскоўцаў, іх прафесійныя навыкі, згуртоўваюць народы і дзяржавы».

Апошні этап выпрабавання — «Кавалер» («Спадарыня») — праводзіўся з мэтай выявіць творчыя асаблівасці ваеннаслужачых дружалюбных армій. За кулісамі можна было назіраць некаторых канкурсантаў, якія нервова пераміналіся з нагі на нагу, хадзілі то ў адзін бок, то ў другі. Было зразумела — рыхтаваліся сур'ёзна.

А на сцэне Драматычнага тэатра беларускай арміі ўжо гучалі вершы і песні, былі прадстаўлены танцы, музычная кампазіцыя, выкананая на саксафоне. Вайскоўцы прыклалі ўсе намаганні, каб годна выступіць і праявіць сябе ў якасці артыстаў. І гэта ў іх атрымалася.

На падвядзенні вынікаў ІХ Міжнароднага конкурсу ваенна-прафесійнага майстэрства ваеннаслужачых дружалюбных армій «Воін Садружнасці» прысутнічаў і міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў. Першае месца сярод жанчын заваявала наша зямлячка яфрэйтар кантрактнай службы Ганна Кавалеўская, другое — малодшы сяржант кантрактнай службы Лілія Даутава з Расіі, «бронза» дасталася казашцы, малодшаму сяржанту кантрактнай службы Людміле Губаравай. Сярод мужчын першым стаў старшы сяржант Арынбек Сандыбекаў з Казахстана, «серабро» дасталася беларусу — старшыне Арцёму Пушнёву, прадстаўнік нашай арміі Сяргей Чарноў атрымаў бронзавы медаль.

— Падчас конкурсу яго ўдзельнікі не толькі спаборнічалі ў вайсковым майстэрстве, а і дакрануліся да святыняў беларускай зямлі, дзе беражліва захоўваецца памяць пра Вялікую Перамогу, — павіншаваў канкурсантаў генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ. — Конкурс з'яўляецца яркім пацвярджэннем таго, што мы развіваем і ўмацоўваем супрацоўніцтва паміж дзяржавамі на карысць нашых народаў, бяспекі і міру.

Анастасія ГРУК

Загаловак у газеце: Лепшыя ў Садружнасці

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.